Сiнтэтыка

Сiнтэтыка

— Нядаўна ў аддзел даставілі хлопца, які, стоячы на карачках, брахаў на машыны. Жудаснае відовішча. Гэта “спайс”* такі эфект даў, а бывае шмат горш. Ці вось яшчэ: “накрывалі” неяк наркапрытон. Часцей за ўсё дзверы не адчыняюць наогул ці хвілін праз 20, калі доказы схаваюць, а тут — праз пару секунд. Аказалася, наш настойлівы стук “ламаў кайф” гаспадару кватэры, які толькі-толькі ўвёў дозу “спіда”**. Эйфарыя ж ад яго — прыкладна паўхвіліны…

Такіх страшных і дзіўных для абывацеля гісторый Вадзім Баложка, начальнік аддзялення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі РАУС, можа расказаць нямала: за 6 гадоў работы ўсяго нагледзеўся. І для яго хуткасць — гэта не толькі адлегласць, падзеленая на час, а спецыі — не проста заправа для супу: тыя, з кім і за каго ён змагаецца, “спідамі” і “спайсамі” — на англійскі манер — называюць сінтэтычныя наркотыкі.

— Калі з вышуку перайшоў у наркакантроль, толькі-толькі з’явіліся “спайсы”, якія былі цалкам легальнымі: іх прадавалі ў гандлёвых палатках, пераходах метро, інтэрнэт-крамах. Памятаю, у 2010 годзе, калі ўвялі забарону на ўжыванне піва ў грамадскіх месцах, за бутэльку “светлага”, выпітага на лавачцы ў парку, можна было заплаціць штраф да 8 базавых, а зацяжка-другая курыльнай сумессю на той жа лавачцы ніяк не каралася. А потым пачаліся атручванні… У бяс- крыўдных на першы погляд “спайсах” выявілі асабліва небяспечныя псіхатропы, і ў лістападзе 2013 года амаль усё рэчывы, прысутныя ў сумесях, унеслі ў рэестр забароненых наркатычных прэпаратаў. Тады з’явілася і магчымасць прыцягваць распаўсюджвальнікаў да адказнасці за выраб, продаж, куплю, захоўванне, перасылку і перавозку сінтэтычных наркотыкаў. Працэдура ўключэння ў “чорны спіс” займала 2-3 месяцы: трэба было выявіць і ясна апісаць дзеючае рэчыва і яго вытворныя, распрацаваць эфектыўны лабараторны метад для крыміналістычных і наркалагічных экспертыз і г.д. Таму “наркадызайнерам” і распаўсюднікам удавалася ісці на крок наперадзе. Аднаго буйнога асіповіцкага збытчыка “вялі” амаль паўтара года, затрымлівалі разоў пяць, а даказаць нічога не ўдавалася: у канфіскаванай расліннай сыравіне зноў і зноў не аказвалася рэчываў з спісу забароненых. Вопытны  40-гадовы дылер, які прадаваў зелле ў залах гульнявых аўтаматаў, адсочваў папаўненне рэестра і свое-часова мяняў “асартымент” на пакуль легальны. Але ўсё ж пракалоўся, і нам удалося даказаць серыю збыту. “Сеў” на 9 гадоў. Тэрмін зняволення прызначаны першай і пакуль, на шчасце, адзінай у горадзе сямейнай пары гандляроў курыльнымі сумесямі, у якой муж, што быў “на хіміі” ў Мінску, знаходзіў пастаўшчыкоў хімічнага канцэнтрату, а яго жонка ўжо ў Асіповічах вырабляла і прадавала курыльныя сумесі. Меўся і распаўсюднік “тавару”. Калі наркагандлярку — працавала бухгалтарам — арыштавалі прама на рабочым месцы, калегі былі ў шоку: прыстойная жанчына, хто б мог падумаць?.. Муж яе адправіўся ў калонію на 11 гадоў, распаўсюднік — на 10, як і “прыстойная жанчына”, якая, ужо знаходзячыся пад вартай, нарадзіла дзіця. Амністыі маладыя бацькі не падлягаюць…

Якім калі-небудзь потым будзе жыццё саміх гандляроў смерцю і іх дзіцяці, пакуль невядома нікому, але Баложка добра ведае, што часцей за ўсё здараецца з людзьмі, хоць бы аднойчы пакаранымі за абарот наркотыкаў. Яго вопыт не дазваляе занадта аптымістычна глядзець на перспектывы.

— Людзі, якія адбылі тэрмін за наркотыкі, у нашым аддзяленні на асаблівым кантролі. Большая   частка наркапрытонаў, усё яшчэ існуючых у раёне, — справа іх рук. Выходзяць на волю — грошай няма: трэба знаходзіць новых спажыўцоў, што здольныя аплаціць “дозу” і для сябе, і для гасціннага гаспадара. Менавіта ў прытоне малады чалавек часцей за ўсё і далучаецца да ўжывання наркотыкаў і становіцца пастаянным “кліентам” — пачынаючы з так званай “лёгкай” сінтэтыкі непазбежна пераходзіць на “цяжкую”. Таму выяўленне і спыненне іх дзейнасці — адзін з галоўных напрамкаў работы органаў наркакантролю. Як і прафілактычная: ізаляваць ад грамадства трэба не толькі распаўсюднікаў, але і тых, хто прапагандуе і рамантызуе ўжыванне наркотыкаў сярод дзяцей і падлеткаў.

На ўліку ў раённага ўрача нарколага-псіхіятра знаходзіцца 71 чалавек, самаму юнаму — усяго 15 гадоў. Але рэальная колькасць наркаманаў, на думку Баложкі, вышэй разоў у 10.

— На ўліку, у асноўным, стаяць курцы марыхуаны і старыя гераіншчыкі, якія ўжываюць апіатныя сродкі. Хоць “старыя” — няправільна: найбольш “узроставаму” ў горадзе наркаману  46 гадоў. Доўга жыць не атрымліваецца. Структурны склад спажыўцоў наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў адрозніваецца ад складу нарказалежных асоб, якія стаяць на афіцыйным уліку. Гэта звязана, перш за ўсё, са спажыўцамі “сінтэтыкі”, якія рэдка звяртаюцца за наркалагічнай дапамогай. А такіх, з-за цэнавай даступнасці, становіцца ўсё больш: ранейшыя “аматары” натуральных канабіноідаў часцей пераходзяць на “спайсы”, апіатныя наркаманы ўжо не грэбуюць “спідамі” і, што самае страшнае, з’яўляецца нямала хлопчыкаў і дзяўчынак, якія, па-спрабаваўшы зелля, прыахвочваюцца да атруты.

У мінулым годзе чатырма супрацоўнікамі АН і СГЛ спынена 57 злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў, у тым ліку 19 — цяжкіх і асабліва цяжкіх саставаў, працэнт раскрыцця па завершаных крымінальных справах склаў 84,4%.

— 1 студзеня ўступіў у сілу Дэкрэт № 6 “Аб неадкладных мерах па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў”, які ўзмацняе жорсткасць крымінальнай адказнасці, з 1 сакавіка дзейнічае Адзіная сістэма ўліку асоб, якія ўжываюць наркатычныя сродкі, псіхатропныя рэчывы, іх аналагі і прэкурсоры. Дэкрэт рэальна працуе. Гэта відаць і па сайтах, якія спынілі дзейнасць у глабальнай сетцы, і па выніках нашай работы: з пачатку года спынена ўжо 23 злачынствы.

* “Спайсы” — (англ. Spice — заправа, спецыі) — сінтэтычныя курыльныя сумесі, якія пастаўляюцца ў продаж у выглядзе травы з нанесеным хімічным рэчывам.

** “Спіды” — (англ. Speed — хуткасць) — сінтэтычныя стымулятары амфэтамінавага шэрагу.

Алена ЛЕПЛЯНІНА-КУБАР.

Последние новости

Общество

Жыхароў аграгарадка Ясень абслугоўвае магазін Глускага адасобленага структурнага падраздзялення Клічаўскага райста

27 июля 2025
Читать новость
Общество

По данным Главного статистического управления Могилёвской области, розничный товарооборот Осиповичского района в I полугодии составил 181,5 млн руб

27 июля 2025
Читать новость
Общество

В “Белбланкавыде” всегда подберут желаемое

27 июля 2025
Читать новость
Общество

Гороскоп на 26 июля для всех знаков зодиака

26 июля 2025
Читать новость
Общество

Иностранцы без ВНЖ: как правильно сдать жилье и узаконить трудовые отношения

25 июля 2025
Читать новость
Власть

Лукашенко дал интервью одному из наиболее известных мировых изданий

25 июля 2025
Читать новость

Рекомендуем