Цэльскі ФАП абслугоўвае больш за 600 чалавек

Працоўны дзень яшчэ не пачаўся, а пад дзвярамі гэтай невялікай, але надзвычай важнай для вёскі Цэль установы ўжо збіраецца чарга.
— Зараз мясцовыя жыхары ў асноўным скардзяцца на сімптомы вострых рэспіраторных захворванняў, — адзначае загадчык ФАП, фельчар-акушэр Таццяна Маркушына, адчыняючы цяжкія дзверы.
Ва ўтульным кабінеце, які ўпрыгожваюць малюнкі, самаробныя паштоўкі — падзякі ад маленькіх пацыентаў — запальваецца святло і пачынаецца чарговы рабочы дзень. Першую яго палову Таццяна Паўлаўна праводзіць за прыёмам пацыентаў, а пры неабходнасці — рэалізацыяй лекаў. Дарэчы, асартымент аптэкі даволі ўнушальны: ён адпавядае большасці патрэб мясцовых жыхароў.
— Сёння людзі пачалі больш уважліва адносіцца да свайго здароўя, — гаворыць Таццяна Паўлаўна, развітаўшыся з чарговым пацыентам. — Падаўляючая большасць цэльчан самастойна звяртаецца за накіраваннямі на разнастайныя абследаванні, а пад дыспансерызацыю трапляюць усе без выключэння.
Па прыблізных падліках, сёлета спатрэбіцца каля дзевяці месяцаў, каб усё дзіцячае і дарослае насельніцтва вёскі і аднайменнага былога ваеннага гарадка наведала ФАП.
Тым больш што ўсе неабходныя маніпуляцыі можна зрабіць на месцы: змераць артэрыяльны і ўнутрывочны ціск, здаць аналізы. Летась у нас з’явіліся зручны электракардыёграф, электронны танометр, новы атаскоп, што палегчыла правядзенне працэдур як для мяне, так і для хворых, асабліва маленькіх.
Неўзабаве падышоў час працэдур. У калідорчыку ўжо чакаюць сваёй чаргі тыя, каму патрабуюцца штодзённыя ўнутрымышачныя і ўнутрывенныя ін’екцыі.
— Кожны дзень не падобны на папярэдні і не канцэнтруецца выключна на барацьбе з людской немаччу, — дзеліцца жанчына, апрацаваўшы рукі і пачынаючы рыхтавацца да наведвання хранічна хворых і пажылых аднавяскоўцаў, а таксама некалькіх маладых матуль. — Напрыклад, частка панядзелка адведзена пад набыццё лекавых сродкаў. У чацвер часта арганізоўваюцца нарады, кансультацыі.
Развітваемся з медыкам каля суседняга пад’езда: у адной з кватэр Таццяну Паўлаўну чакаюць.
— У нас надаецца вялікая ўвага развіццю высокакваліфікаванай медыцынскай дапамогі ў сельскай мясцовасці. І амбулаторыі, і такія невялічкія ФАП, як мой, сталі сапраўднымі міні-паліклінікамі з добрым абсталяваннем і прафесійнымі кадрамі. Галоўнае, каб у людзей была патрэба своечасова туды звяртацца, — падсумоўвае яна.