Народная мудрасць гаворыць: “Хірург павінен мець вока, сілу льва, а сэрца жанчыны”.
Доктар Мікалай Фядотаў, які загадвае хірургічным аддзяленнем раённай бальніцы, цалкам згодзен з выказваннем. Яго ведаюць як высакакласнага спецыяліста не толькі пацыенты, але і наогул многія асіпаўчане. Хірургічнай рабоце ён аддаў крыху больш за 30 гадоў жыцця. За гэты час шмат змянілася ў галіне медыцыны, але засталася ранейшай любоў да калісьці абранай прафесіі і тыя якасці, без якіх немагчыма стаць сапраўдным хірургам: жалезная вытрымка, цярплівасць, гонар за спецыяльнасць, цвёрдасць, мужнасць. Напярэдадні Дня медыцынскіх работнікаў Мікалай Іванавіч разважае аб спецыфіцы працы адной з самых гуманных прафесій:
— Незвычайнасць нашай спецыяльнасці, якая дае права з нажом у руках умешвацца ў святая святых вышэйшага тварэння прыроды — homo sapiens, ускладвае асаблівыя, завышаныя патрабаванні і адказнасць. Іншы раз прыходзіцца прыкрывацца маскай раўнадушша, каб схаваць трывогу і перажыванні ад хворых, якія з надзеяй чакаюць пазбаўлення ад немачы. Безумоўна, у жыцці кожнага хірурга бываюць непрыемныя моманты, калі не ўдаецца выратаваць чалавечае жыццё. Прычым адбываецца гэта не па віне ўрача, а ў выніку выпадковага збегу абставін. У такія перыяды ад хірурга патрабуецца максімум напружання ўсіх душэўных сіл, каб працягваць паўся-дзённую працу. Дапамагае ў такія хвіліны, хоць і банальна гучыць, любоў да прафесіі, бязмежная вера ў гуманнасць і карысць, якую мы прыносім нашаму грамадству.
На жаль, маладыя хірургі, якія прыходзяць у медыцынскія ўстановы зараз, не заўсёды здольныя ўскласці на сябе такі груз. Як правіла, адбыўшы патрэбны тэрмін “адпрацоўкі”, з’язджаюць у іншыя месцы, дзе працаваць камфортней, ёсць больш дасканалае дыягнастычнае абсталяванне, вузкая спецыялізацыя і шмат таго, чаго пакуль у раёне няма…
Дарэчы, за гады працы ў Асіповічах таксама многа змянілася ў лепшы бок. І, параўноўваючы мінулае з сённяшнім, скажу, што ў плане дыягнастычнага аснашчэння працаваць стала зручней. Раней можна было разлічваць толькі на рэнтген і асабістыя рукі як асноўны інструмент хірургіі, а цяпер у многім дапамагаюць шматлікія тэхнічныя сродкі. Маладым заўсёды кажу, што добрымі хірургамі становяцца не адразу. Для гэтага патрэбна назапашванне клінічнага вопыту, назіранняў, спецыяльных ведаў. Фактычна большую частку сутак ён павінен жыць у хірургіі — у палатах, перавязачных, аперацыйнай. І дома… за чытаннем медыцынскай літаратуры, якая дазваляе яму ўдасканальвацца. Доктар, які не вучыцца чаму-небудзь новаму, губляе сваю кваліфікацыю. Нават калі ён, напрыклад, многа разоў выдаляў апендыкс, то ўсё роўна павінен яшчэ і яшчэ раз праштудзіраваць падручнік, а тым больш, калі некаторыя аперацыі праводзяцца рэдка. I яшчэ. Праца хірурга адносіцца да найбольш складаных і цяжкіх галін чалавечай дзейнасці, марудна, але дакладна, забірае яго псіхічныя і фізічныя рэсурсы. I таму надзвычай важна ўмець пераключацца на іншую дзейнасць, што дазволіць паўнацэнна адпачыць. Прыйсці ў належны стан дапамагае і сям’я, якая атуляе клопатам і пяшчотай…
Хачу пажадаць усім чытачам “раёнкі” быць заўсёды здаровымі. А каб дасягнуць канкрэтнага рэзультату ў любой прафесіі, неабходна пастаянна працаваць над сабой і рухацца наперад. I тады ў вас усё атрымаецца!