Прышчэплівацца ці не?
Раённая
паліклініка запрашае ўсіх жадаючых зрабіць прышчэпкі ад грыпа. Як адносяцца да
вакцынацыі ад галоўнага зімовага захворвання жыхары нашага раёна? Каб даведацца
аб гэтым, “раёнка” правяла апытанне жыхароў горада.
Таццяна
Сарачан:
— Ніколі не
рабіла прышчэпак: не было такой неабходнасці, бо я практычна не хварэю. Навошта
вакцына, калі я маю свой агарод і гаспадарку, а таму харчуюся экалагічна
чыстымі натуральнымі прадуктамі?
Кацярына
Мандрыкава:
— Раней
прышчэплівалася і не хварэла. У гэтым годзе з-за клопатаў яшчэ не паспела
наведаць паліклі-ніку, дзякуй, што нагадалі.
Майму дзіцяці хутка споўніцца годзік. Калі
падрасце, думаю, што буду яго прышчэпліваць. Хачу, каб мае бацькі таксама
зрабілі прышчэпкі і заставаліся здаровымі.
Марына
Патапейка:
— На
прастудныя захворванні не пакутую, таму прышчэпак не рабіла. Унук хварэе,
бацькі рашылі яго прышчапіць. А я лячуся травамі, набываю ў аптэцы пакецікі ад
прастуды.
Уладзімір
Бяляўскі:
— Рэгулярна
наведваю свайго участковага доктара. Алена Генадзьеўна Міхалькевіч раіць, як
трэба сябе паводзіць, каб не хварэць. Вяду
прафілактыку, каб не прастываць у час зімовай рыбалкі, якой даўно
захапляюся.
Вячаслаў
Невідненкаў:
— У школьныя
гады атрымліваў прышчэпкі, у арміі — таксама. А зараз абыхо-джуся без іх. А
наогул гэта пытанне для мяне цікавае, знаёміўся з ім у інтэрнэце. Меркаванні
розныя. Можа, і трэба прышчэплівацца, але зараз мне ніхто не прапаноў-ваў
прайсці вакцынацыю.
Святлана
Назарава:
— 3 гады запар
рабіла прышчэпкі і амаль не хварэла. Калі і былі прастуды, то працякалі ў
лёгкай форме, без бальнічных. А мінулай зімой не паспела своечасова прайсці
вакцынацыю — і даволі працяглы час прыйшлося адсутнічаць на рабоце. Цяпер усім
раю: рабіце прышчэпкі!
Рабіць
прышчэпку ці не, кожны вырашае сам. Але, калі ёсць такі намер, то праходзіць
вакцынацыю трэба не адкладваючы, каб арганізм паспеў выпрацаваць імунітэт.
Іна ЗаскевIч.
P.S. На 12.10.2012 года ў нашым раёне
прышчэплена 6570 чалавек ці 13 працэнтаў насельніцтва, 3823 прышчэпкі фінансаваліся з
рэспубліканскага бюджэту, 2747 — з мясцовага. У ліку прышчэпленых 1460 дзяцей.
Для дасягнення
эфекту ад імунізацыі ў працоўных калектывах неабходна ахопліваць вакцынацыяй
супраць грыпу не менш 40 працэнтаў працуючых.
Прышчапіцца
можна ў паліклініцы, вясковай амбулаторыі па месцы жыхарства, у дзіцячых
установах, дзе маюцца прышчэпачныя кабінеты. Для зручнасці вакцынацыі працуючых
у раённай паліклініцы сфарміраваны выязныя прышчэпачныя брыгады.