Вольга Карчэўская, старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”
— Ідзе самая буйная за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі электаральная кампанія. І, безумоўна, жанчыны Асіповіччыны прымаюць самы актыўны ўдзел у выбарах. 18 з іх працуюць ва ўчастковых камісіях, 12 жанчын зарэгістраваны ў якасці назіральнікаў.
Лічу, што жыхаркі нашага раёна маюць высокую свядомасць, актыўную жыццёвую пазіцыю, усе яны прыйдуць на ўчасткі і зробяць свой выбар на карысць канкрэтнага кандыдата. З інфармацыяй пра ўсіх іх выбаршчыцы знаёмяцца папярэдне. І не толькі біяграфічнымі звесткамі цікавяцца, а яшчэ і тым, якіх поспехаў гэтыя асобы дабіліся на прафесійнай ніве, наколькі могуць адстойваць інтарэсы людзей. Таму што нашым дэпутатам мы даверым будучыню краіны, сваіх дзяцей. А гэта для кожнай жанчыны вельмі важна.
Наогул выбары — справа сямейная. Таму на выбарчых участках мы часта можам бачыць сямейныя пары разам з дзецьмі, якіх з малых гадоў далучаюць да важнай справы ўдзелу ў электаральнай кампаніі, каб у дарослым жыцці прывялі на ўчасткі ўжо сваіх сыноў і дачушак.