Уладзімір Роўбель, ганаровы грамадзянін горада Асіповічы

— У выбарах прымаю ўдзел ужо шмат дзесяцігоддзяў. Ні разу не прапускаў, бо разумею важнасць гэтай падзеі. Галасаваць заўсёды ішоў разам са сваёй сям’ёй.
Выбары — гэта свята для насельніцтва, асабліва сельскага, калі можна крыху адпачыць ад будзённых спраў, ва ўрачыстай абстаноўцы сустрэцца з землякамі, пагутарыць, за сяброўскім сталом адзначыць падзею.
Памятаю выбары 60-80-х гадоў, яшчэ ў СССР, на змену якім прыйшлі выбары ўжо ў суверэннай Беларусі, калі мы галасавалі за першага ў краіне Прэзідэнта. Не раз выбіралі дэпутатаў у абласны, раённы Саветы. На такія пасады народ заўсёды вылучае самых дастойных людзей, давяраючы ім лёсы свайго рэгіёна і краіны ў цэлым. Удзельнічаў я і ў рэферэндумах, калі вырашалі важныя пытанні, што датычылі дзяржаўнай мовы, сімволікі краіны, прызначэння Дня Незалежнасці, унясення змяненняў у дзеючую Канстытуцыю.
Таму калі гавораць пра выбары, заўсёды перад вачамі ўзнікае карціна: участак для галасавання, ветлівая камісія, іграе музыка, пануе ўзнёслая атмасфера.
Калі ўзначальваў сельгаспрадпрыемства, па доўгу службы таксама займаўся арганізацыяй правядзення выбараў: гаспадарка выдзяляла сродкі, прадастаўляла транспарт. Вёў і агітацыйную работу.
Участак для галасавання ў нас размяшчаецца ў Вязаўніцкім сельскім Доме культуры. Сёлета не збіраюся парушаць традыцыю. Таму непасрэдна ў дзень выбараў, 25 лютага, адпраўлюся ва ўстанову культуры, каб аддаць свой голас за дэпутатаў у органы ўлады розных узроўняў.