Хто-хто ў тым доме жыве?

У “АК” № 3 ад 12 студзеня быў надрукаваны матэрыял “Дзе гэта вуліца? Дзе пэўны дом?”, у якім уздымалася праблема адсутнасці на асобных дамах прыватнай забудовы таблічак з нумарамі, што стварае пэўныя цяжкасці для работнікаў пошты, медыкаў, камунальнікаў, міліцыі, кур’ераў і г.д.
Каб разабрацца ў яе прычынах, звярнуліся ў зацікаўленыя структуры.
Загадчык Асіповіцкага бюро Бабруйскага філіяла РУП “Магілёўскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры” Валянціна Іотка паведаміла:
— Тэрытарыяльныя арганізацыі па дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, праў на яго і здзелак з ім ажыццяўляюць прысваенне, змяненне, перапыненне існавання адрасоў; уносяць папраўкі ў рэестр адрасоў Рэспублікі Беларусь; прадастаўляюць з яго інфармацыю. Кантроль за ўстаноўкай адрасных таблічак на жылых дамах бюро не ажыццяўляе.
Начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Іван Малаковіч адзначыў:
— Адказнасць за ўстаноўку і ўтрыманне дамавых знакаў нясуць уласнікі будынкаў, у прыватным сектары — домаўладальнікі, на кватэрах — уласнікі або наймальнікі. Пры здачы ў эксплуатацыю новых жылых дамоў кожнаму ўласніку настойліва рэкамендуем размясціць на пабудове аншлаг — шыльдачку з назвай вуліцы і нумарам дома. Безадрасных пабудоў быць не павінна!
Намеснік начальніка вытворча-тэхнічнага аддзела УКП ЖКГ Алена Сямёнава запэўніла:
— Усе дамы жыллёвага фонду нашага прадпрыемства пазначаны нумарнымі знакамі. Калі праводзіцца афарбоўка фасада, нумары аднаўляюцца.
Праехаўшы па вуліцах горада, пераканаліся, што ўсе шматкватэрныя жылыя дамы, у тым ліку і жыллёва-будаўнічыя кааператывы, маюць адпаведную маркіроўку. А тэма “мой адрас — не дом і не вуліца” застаецца актуальнай толькі для часткі прыватных пабудоў, на жаль, на некаторых вуліцах даволі значнай. Але тут ужо можна спадзявацца выключна на свядомасць гаспадароў, таму што меры адказнасці за адсутнасць нумароў нідзе не прапісаны. Дарэчы, у суседняй Расіі за гэта могуць выпісаць штраф. У розных рэгіёнах яго памер адрозніваецца. Напрыклад, у Белагорскім раёне Амурскай вобласці для фізічных асоб штраф складае ад 1 да 5 тысяч расійскіх рублёў, для юрыдычных і службовых — ад 15 да 50 тысяч.
Сёння праблемы з набыццём нумароў няма. Гандлёвыя кропкі прапануюць розныя варыянты шыльдачак з лічбамі, выкананых з пластыку, металу, іншых матэрыялаў. На некаторых дамах можна ўбачыць вытанчаныя экзэмпляры — з вяззю, падсветкай, рознымі ўпрыгожваннямі. А асобныя гаспадары самі выразаюць, выпільваюць або выпальваюць на драўляных дошчачках патрэбную лічбу. Ды хоць і фарбай на сцяне напішы! Правілы размяшчэння дамавых знакаў на фасадзе жылых і грамадскіх будынкаў і пабудоў дазваляюць такую варыятыўнасць. Галоўныя патрабаванні — дамавыя знакі павінны быць дакладнымі, інфарматыўнымі, адпавядаць прысвоенаму пры дзяржрэгістрацыі адрасу, а таксама афіцыйнай назве вуліцы, напісанай на адной з дзяржаўных моў. Павінны добра чытацца пры руху пяшком або на транспарце з крайняй правай паласы руху, шрыфт павінен быць дастаткова буйным, шчыльным і кантрастным у адносінах да фону. Калі дом стаіць на перакрыжаванні, таблічка можа размяшчацца з двух бакоў пабудовы.
“Абазначце сябе!” — заклікаюць пешаходаў супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі, каб на дарогах яны былі прыкметнымі і не здарылася непапраўнага. Думаецца, што дамы нашы таксама патрабуюць абазначэння, каб ні доктар, ні паштальён не блукаў па вуліцах, а хутка знаходзіў адрасата.