VI Усебеларускі народны сход адбыўся ў Мінску 11-12 лютага 2021 года

«Аналіз вынікаў папярэдняй пяцігодкі сведчыць, што, нягледзячы на знешнія выклікі і абмежаванні, рашэнні V Усебеларускага народнага сходу ў асноўным выкананы. Удалося забяспечыць рост узроўню жыцця насельніцтва, захаваць бяспеку і суверэнітэт краіны. УВП на душу насельніцтва па парытэце пакупніцкай здольнасці ўзрос за пяцігоддзе на 14% і дасягнуў у 2020 годзе $20,2 тыс. У краіне забяспечана стабільная занятасць насельніцтва, рэальная зарплата вырасла больш чым у 1,3 раза. Захаваны кантроль за ростам цэн», — адзначаецца ў рэзалюцыі сходу.
Чаканая працягласць жыцця дасягнула 74,5 года, што сведчыць у тым ліку аб высокім узроўні беларускай медыцыны. Краіна займае 25-ю пазіцыю ў рэйтынгу спрыяльных для мацярынства краін. Кожнаму прадастаўлена магчымасць атрымаць якасную адукацыю. Па індэксе адукацыі рэспубліка ўваходзіць у топ-30 перадавых дзяржаў свету.
Дэлегаты VI Усебеларускага народнага сходу адобрылі асноўныя палажэнні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на пяцігодку. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што сацыяльная арыентаванасць беларускай эканамічнай мадэлі застаецца нязменнай.
Падводзячы вынікі форуму, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: Усебеларускі народны сход паказаў высокі запыт грамадства на захаванне сістэмы каштоўнасцей і прыярытэтаў.
Вызначаны прыярытэты будучага пяцігоддзя: шчаслівая сям’я, моцныя рэгіёны, якаснае інтэлектуальнае асяроддзе, стварэнне адукацыйнай сістэмы новага тыпу.
У зале сабраліся дэлегаты з розных рэгіёнаў, якія прадстаўлялі ўсе сферы народнай гаспадаркі. Гэта дастойныя і паважаныя ў працоўных калектывах людзі, з імі было цікава размаўляць, абменьвацца меркаваннямі. Дарэчы, менавіта на Усебеларускім народным сходзе пазнаёміўся з Алегам Дзячэнка, якога праз тры гады мы выбралі дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу краіны.
Безумоўна, увага ўсіх удзельнікаў была накіравана на выступленне Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі, які акрэсліў асноўныя кірункі развіцця дзяржавы на бліжэйшую перспектыву і азначыў шэраг пытанняў, якія былі вынесены на абмеркаванне. З высокай трыбуны выступалі не толькі кіраўнікі буйных прадпрыемстваў і вучоныя, але і рабочыя, педагогі, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў. Некаторыя дзяліліся вопытам работы, іншыя ўносілі прапановы. Цікава было паслухаць меркаванне кожнага спікера.
І, хоць праходзіла мерапрыемства зімою, за вокнамі мяла завіруха, у памяшканні было горача, бо ішла насычаная плённая работа, вынікі якой хутка знайшлі рэальнае адлюстраванне ў нашым жыцці.
Ксенія Бельская
