Светлана Шутова провела встречи с населением в Осиповичском районе

Зваротная сувязь
Парламентарый сустракаецца з людзьмі
Прыязджаючы ў сваю выбарчую акругу, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Святлана Шутава не толькі рэгулярна праводзіць прамыя тэлефонныя лініі і сустракаецца з жыхарамі райцэнтра, але і стараецца наведаць і пагаварыць з людзьмі іншых населеных пунктаў. 24 лютага, напрыклад, яна актыўна працавала ў Градзянскім і Лапіцкім сельсаветах.
Задаць пытанні Святлане Аляксандраўне ў Каменіцкі клуб прыйшло не надта багата вяскоўцаў, але ўзнятыя праблемы ад таго не сталі менш актуальнымі: чыстка ад снегу і наогул стан дарог і вуліц, нізкая тэмпература ў памяшканні пошты з прапановай увогуле размясціць у адным месцы ўсе абслугоўваючыя насельніцтва службы, неабходнасць аднаўлення нармальнай работы “бытоўкі”, змена графіку работы магазінаў — абодва зачынены на выхадны ў адзін дзень, дастаўка ў вёску менавіта асіповіцкага хлеба, перспектывы газіфікацыі населеных пунктаў, магчымасць пераводу дамоў на электрычнае ацяплянне і г.д. На асобныя з іх жыхары атрымалі тлумачэнні з вуснаў парламентарыя, старшынь раённага і сельскага Саветаў дэпутатаў Сяргея Сувеева і Галіны Кірыновіч адразу, асобныя ўзяты, як гаворыцца, на кантроль, і пасля дадатковага вывучэння-ана-лізу людзі атрымаюць адказы.
Не абмінулі вяскоўцы і VI Усебеларускі народны сход, які адбыўся 11-12 лютага, і парламентарый цікава расказала аб тым, што адбывалася на прадстаўні-чым форуме ў сталіцы. “Яго праводзілі, каб канкрэтна акрэсліць і агучыць далейшы шлях станаўлення роднай краіны. Няхай не так хутка, як хочацца, але ў меру сіл і магчымасцей дзяржава працягвае рабіць умовы вакол нас лепшымі. Так павінна быць і ў будучым. Важна не страціць тое, чаго мы дасягнулі за гады незалежнасці. Лічу, што шлях выбраны правільна. Галоўным застаецца імкненне захаваць незалежнасць Айчыны і быць адзінымі, таму што сіла беларусаў заўсёды была менавіта ў яднанні, здольнасці ўсім разам процістаяць нягодам і наперакор усяму развівацца.
У дакладзе Прэзідэнта, выступленнях з месцаў, дыскусіях у кулуарах адчуваўся рэальны боль за сучаснасць і будучыню краіны. У зале Палаца Рэспублікі не было абыякавых, кожны стараўся данесці і свой пункт гледжання, і тыя разважанні і прапановы па ўладкаванні Беларусі, выказаныя на дыялогавых пляцоўках, якія на працягу некалькіх месяцаў працавалі ў розных месцах. Пытанні ўздымаліся самыя розныя — ад прызначэння пенсій да развіцця прамысловасці. І пра сітуацыю ў краіне, аб існуючых праблемах гаварылася адкрыта. Нельга выхаваць патрыёта толькі за-клікамі, павучаннямі і кароценькімі флэш-мобамі — зрабіць гэта можна толькі праз канкрэтныя справы. Любоў да Радзімы і адказныя адносіны да сваёй працы — вось у чым моц краіны. І слаган, пад якім праходзіў народны сход — “Адзінства! Развіццё! Незалежнасць!”, — гэта не проста словы. Гэта той падмурак, на якім павінна базіравацца наша дзяржава. Бо менавіта ў адзінстве народа, у развіцці кожнага грамадзяніна і ўсёй рэспублікі ў цэлым і ёсць незалежнасць Беларусі, якая здольна вытрымаць любыя выклікі”, — адзначыла Святлана Аляксандраўна.
Зацікаўленая размова аб Усебеларускім сходзе атрымала працяг і ў калектыве Лапіцкай сярэдняй школы, дзе і пасля сустрэчы з дэпутатам не адзін настаўнік індывідуальна звяртаўся да кіраўніка ўстановы адукацыі Мікалая Пісьмянкова, Святланы Шутавай і Сяргея Сувеева, каб высветліць разнастайныя пытанні мясцовага маштабу.
В.Навіцкі.
