Как организован сбор молока с личных подворий Осиповщины

Малочныя рэкі маюць мясцовыя берагі
Карову на вясковым выгане сустрэнеш зараз нячаста. Калі раней карміцелька была ў кожным двары, то сёння нямала населеных пунктаў, у якіх не засталося ніводнай рагатай жывёліны. І, здавалася б, справа закупкі малака з прыватных падворкаў адыходзіць у гісторыю. Аказваецца, гэта не так. Яна ідзе, і даволі паспяхова, пра што і пагутарылі з малаказборшчыкам Наталляй Давыдоўскай.
— Як вам удалося аднавіць гэту важную справу?
— Каля дзясятка гадоў з’яўляюся кіраўніком сялянска-фермерскай гаспадаркі “Барвала”, што ў перакладзе з цыганскай мовы азначае “багацце”. Зараз у нашай гаспадарцы, якая знаходзіцца ў Грынёўцы, налічваецца 53 дойныя каровы, а яшчэ і маладняк. Лішкі малака заўсёды здавалі ў філіял “Асіповіцкі” ААТ “Бабушкина крынка”. Дырэктар прадпрыемства, бачачы, што ў нас справы ідуць добра, два гады таму прапанавала мне заняцца зборам малака на тэрыторыі ўсяго раёна. На сямейнай нарадзе вырашылі паспрабаваць. Купілі малакавоз. Спачатку, безумоўна, было нялёгка. Наведала ўсе сельсаветы, правяла там сходы, шчыра абгаварыўшы на месцах умовы супрацоўніцтва. Былі і недавер, і непрыманне, але час расставіў усё на свае месцы. Людзі пераканаліся ў стабільнасці, надзейнасці і пайшлі на кантакт. Але і цяпер усе пытанні абгаворваем з кожным.
— Населеныя пункты знаходзяцца ў розных канцах раёна. Як прадумваеце лагістыку, каб не панесці страты?
— Вывучылі карту Асіповіччыны, шляхі зносін, месцы пражывання нашых кліентаў і склалі маршруты, зацыкліўшы іх у колы. Яны быццам бы апаясваюць раён. У залежнасці ад пары года і попыту дзесьці бываем штодзённа, у іншых месцах — праз дзень. Напрыклад, “малочныя” месцы — Вяззе, Лапічы, Ясень — наведваем без выхадных. Заязджаем нават у такія населеныя пункты, як Шэйпічы, дзе налічваецца толькі адна карова.
Дэталёва прадумалі і час збору малака. 300 км за гадзіну-дзве, канечне ж, не праедзеш. А ў летні час кожная хвіліна дарагая, бо малако — прадукт з абмежаваным тэрмінам захоўвання. Таму выпрацавалі абгрунтаваны графік. Так, цяпер аб’езд гаспадароў рагуль вядзём з гадзіны ночы да васьмі раніцы. Гэты час зручны для ўсіх.
— А як правяраеце якасць малака?
— Аналіз робяць на малакаперапрацоўчым прадпрыемстве. А мы толькі можам узяць пробу і даставіць яе ў лабараторыю. Тлумачым жыхарам, што мы ім давяраем, але і яны павінны весці сябе годна. Калі, напрыклад, жывёла захварэла і пры яе лячэнні выкарыстоўваліся антыбіётыкі, здаваць прадукцыю ў гэты час нельга: падвядуць іншых гаспадароў, бо ўся партыя будзе забракавана. Калі ўзніклі якія-небудзь непрадбачанасці, лепш патэлефанаваць і параіцца, а я заўсёды адкрытая для зносін. У нас агульная мэта, і дзейнічаць неабходна супольна. Трэба сказаць, што тлумачальная работа і размовы па душах даюць свой вынік.
— Разлік ажыццяўляеце ў канцы месяца?
— З кожным гаспадаром заключаем дагавор, дзе абгавораны ўсе аспекты. Згодна з гэтым дакументам грошы выплачваюцца кожную дэкаду, што вельмі зручна ўсім. Калі тлустасць малака вышэй нормы, яе гаспадару налічваецца дадатковая сума.
Дарэчы, апошнім часам назіраецца тэндэнцыя павелічэння колькасці кароў у прыватных гаспадарках. Ёсць сем’і, якія трымаюць і па 5-6 жывёлін. Спадзяёмся, што жыхары вёсак і прыватнага сектара горада, а таксама рабочых пасёлкаў з цягам часу зразумеюць выгаду трымання каровы ў падвор’і і ацэняць якасць атрыманай ад яе смачнай і карыснай прадукцыі.