Весткі з чорна-белых палёў

ШАХМАТЫ
Стаўшы ўжо традыцыйным турнір па хуткіх шахматах (15 хвілін на партыю), арганізатарам якога выступае рэдакцыя газеты “Асіповіцкі край”, адбыўся ў ШШК “Дэбют” 23 мая.
Першынстваваў у спаборніцтвах Віталь Кулакоў (6 ачкоў з 7 магчымых), другое месца заваяваў Вячаслаў Козел (5), за імі — Валерый Бардачоў, Аляксандр Кірсанаў, Ілья Сідарэнка і Аляксей Ткачоў адпаведна. У якасці прыза двое мацнейшых за сродкі выдання атрымалі падпіску на “раёнку” на ІІ паўгоддзе, наступная пара — на трэці квартал, апошняя — на ліпень. У намінацыі “Школьнікі” і “Ветэраны” бясплатнай падпіскай на “АК” заахвочаны Ягор Шатохін і Уладзімір Веташаў.
Май наогул аказаўся насычаным для мясцовых аматараў шахмат. У турніры, прысвечаным Дню Перамогі, заслужаныя віншаванні прымалі 7-класнік СШ-4 Ілья Сідарэнка, Аляксей Ткачоў і Аляксандр Дубіна, да Дня фізкультурніка — Андрэй Літвінаў, Ілья Сідарэнка і падзяліўшыя 3-4 месцы Васіль Альшанік і Валерый Бардачоў.
ШАШКІ
Дню работнікаў фізічнай культуры і спорту прысвяцілі свае спаборніцтвы і шашысты Асіповіччыны. Сярод 18 удзельнікаў, якія змагаліся за “месца пад сонцам”, першыя тры па праву дасталіся адпаведна Аляксею Рыньяку, Ільі Сідарэнку і Аляксею Ткачову.