Перад многімі землякамі ў пятніцу паўстае пытанне: чым заняцца ў выхадныя?

Шырокі спектр паслуг прапаноўвае аматарам актыўнага адпачынку фізкультурна-аздараўленчы комплекс “Жамчужына”.
Занятак па душы тут можа знайсці кожны. Найбольшай папулярнасцю карыстаюцца аквазона, басейн, саўна. Ахвотна гуляюць землякі ў більярд, тэніс. Прычым з 17 гадзін пятніцы і да закрыцця ў нядзелю вечарам паток наведвальнікаў у спарткомплексе ўзрастае напалову. І хоць пераважную большасць складае моладзь да 35 гадоў, спецыялісты ўстановы імкнуцца для кожнай узроставай катэгорыі знайсці цікавы занятак. Калі ж прааналізаваць інтарэсы розных груп насельніцтва, то можна заўважыць, што папулярнасцю сярод жанчын карыстаюцца фітнэс, пілатэс, ёга, аэробіка, ахвотна асвойваюць нашы прыгажуні палымяную зумбу.
А вось дзеці, уволю навесяліўшыся ў аквазоне, абавязкова бягуць у кафэ. Дарэчы, гэты аб’ект харчавання прапануе вельмі шырокі асартымент страў і напояў: можна грунтоўна падсілкавацца, а можна папіць смачнага кактэйлю або правесці дзіцячае свята з мноствам салодкіх пачастункаў. Працуе ў спартыўным комплексе і група для людзей з рухомымі абмежаваннямі, з якой займаецца інструктар-метадыст. Пенсіянеры прыходзяць на свае любімыя заняткі часцей у будні, калі ім прадастаўляецца льгота. У трэнажорную залу землякі наведваюцца часцей па вечарах, пасля работы.
Таксама сюды нярэдка прыязджаюць на выхадныя дні арганізаваныя групы з Кіраўска, Бабруйска, Глуска, Клічава і Мінска. Актыўна выкарыстоўваюць раённы аздараўленчы патэнцыял Пратасевіцкая і Лапіцкая школы, санаторый “Свіслач”.
Рэгулярныя фізічныя заняткі паляпшаюць фігуру чалавека, настрой, які адбіваецца і на агульным выглядзе. Шукаеце сваю жамчужыну? Адпраўляйцеся за ёй у спартыўны комплекс: не расчаруецеся!