Асіповіцкі раён у сваёй групе прызнаны пераможцам спаборніцтва сярод гарадоў і раёнаў Магілёўшчыны па развіцці фізічнай культуры, спорту і турызму за 2023 год

Што адметна: гэтую вышыню ўтрымліваем ужо трэці год запар. Таксама другое месца ў нас у абласной круглагадовай спартакіядзе сярод дзяцей, падлеткаў і дарослага насельніцтва па месцы жыхарства.
Высокім вынікам садзейнічаў рад фактараў: спрыяльныя ўмовы для заняткаў фізкультурай, спортам і тэматычным турызмам у цэлым, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў галіны, узнікненне новых спартыўных аб’ектаў. Ну і, безумоўна, пошук новых форм работы. Напрыклад, упершыню на тэрыторыі раёна прайшоў масавы і відовішчны лёгкаатлетычны забег “Дзікі Трэйл”; маштабным атрымаўся фестываль “Тата, мама, я — футбольная сям’я”, пераможцы якога ўвайшлі ў тройку лідараў у рэспубліцы; распрацаваны турыстычны маршрут для людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі “Асіповічы без межаў”.