Яшчэ не так даўно на сценах некаторых мінскіх басейнаў можна было пабачыць адбітак “ідэальнага плыўца”, на якім пазначаўся яго рост, даўжыня рук і ног. Сёння, натуральна, падобных маляваных крыху абсурдных эталонаў ужо не сустрэнеш, бо, як аказалася, плаваць добра могуць не толькі цыбатыя і даўгарукія, але каржакаватыя і плотныя.
— Чалавек, здаецца, не прыкладае ніякіх намаганняў, але, нягледзячы на камплекцыю, лёгка слізгае па паверхні гладзі басейна, — кажа трэнер I катэгорыі Натэла Нанава. — Проста вада любіць яго і нясе сама…
Аднак для таго, каб здольнае дзіця стала перспектыўным спартсменам і прызёрам, побач з ім павінны быць таленавітыя і адданыя настаўнікі…
З мінулага года, па словах трэнера Васіля Цынкевіча, урэшце работа з асіповіцкімі плыўцамі арганізавана правільна і эфектыўна, што і пацвярджаюць дасягненні юных спартсменаў.
— Набор пачынаем з 5 гадоў, — распавядае Васіль Васільевіч. — Праз паўгоддзе камплектуем групы па здольнасцях. З 5 да 7 дзеці за-свойваюць пачатковую праграму, у чым ім дапамагаюць Лідзія Цынкевіч, Лідзія Гальчэня, Святлана Калячка і я. Самае галоўнае тут — аргані-зацыйны момант, стасункі з малымі і іх бацькамі. Верагодна, у сілу свайго ўзросту бачу ў выхаванцах не спартсменаў, а больш унучкаў, да якіх трэба знайсці падыход. Ні ў якім разе нельга фарсіраваць працэс, маўляў, гэтае дзіця неперспектыўнае, таму і ўвагі патрабуе менш.
Пасля двух гадоў пачатковага навучання найбольш здольныя пераходзяць “у рукі” трэнераў Натэлы і Зураба Нанава, якія не так даўно перабраліся ў Асіповічы з Бабруйскага вучылішча Алімпійскага рэзерву. Пачалося ўсё з таго, што ў 2004 годзе Васіль Васільевіч сумяшчаў з асноўнай працу ў СШ № 1. Там падабралася група моцных плыўцоў, і трэнеру вельмі закарцела вывесці іх на больш высокі спартыўны ўзровень. Але для гэтага патрабаваліся прафесійныя настаўнікі.
— Пазнаёміўся з Натэлай Вахтангіеўнай, — успамінае ён, — і яна пагадзілася працаваць у клубе трэнерам-кансультантам — 2-3 разы на тыдзень прыязджала ў Асіповічы. У яе вучыліся не толькі дзеці, але і трэнерскі састаў. Крыху пазней далучыўся і Зураб. І вось з мінулага года яны канчаткова перабраліся да нас. Вынік прыйшоў хутка: асіпаўчане — пастаянныя прызёры розных турніраў.
Дзякуючы такому падзелу працы, сёння на базе клуба можна падрыхтаваць спарстмена ўзроўню нацыянальнай зборнай. А што далей?
— Для падрыхтоўкі спарт-сменаў міжнароднага класа ведаў нам хапае, не стае матэрыяльнай базы, — канстатуе Натэла Вахтангіеўна, якая выхавала больш за дзясятак майстроў спорту і 8 членаў нацыянальнай зборнай рэзерву і пераменнага саставу. — Няма рэгулярных спарынгаў, збораў і турніраў — няма і медалёў. Летась асі-паўчане выязджалі амаль на 90% спаборніцтваў, што ла-дзіліся ў Беларусі. На жаль, не заўжды выязджалі камандай…
Да матэрыяльных праблем далучаецца памылка некаторых дарослых, якія лічаць, што прафесійны спорт перашкаджае навучанню. Нярэдка з-за гэтага гвалтоўна перарываюцца трэніроўкі, што ставіць на воднай кар’еры таленавітага юнака “крыж”.
— Спорт і вучоба выдатна спалучаюцца, — адзначае Натэла Вахтангіеўна. — Доказ — мой сын, які скончыў вучылішча Алімпійскага рэзерву з дзвюма трэніроўкамі ў дзень і з залатым медалём. Дзякуючы плаванню, далей змог паступіць у БНТУ, пры гэтым навучанне аплачвала кафедра фізвыхавання. Дадам адно: калі ты арганізаваны — паспееш усюды.
Яшчэ адна фатальная праблема гэтага віду спорту ў Беларусі гучыць так: плаванне заканчваецца ў 17 гадоў. Чаму?
— У гэтым узросце дзеці — ужо майстры спорту — заканчваюць школы ці вучылішчы Алімпійскага рэзерву, — тлумачыць трэнер Нанава. — І ім банальна няма куды па-дзецца! Менавіта таму ў вучылішчах прадугледжаны дадатковы курс на 2 гады, каб працягнуць кар’еру падлеткаў. Але большасць бацькоў адмоўна ставіцца да такой практыкі — лічыць, што плаваннем не пракормішся і вышэйшая адукацыя важней. А што такое 17, калі пік майстэрства прыпадае звычайна на 22-25 гадоў? На пася-джэннях федэрацыі неаднаразова падымалася пытанне, як утрымаць таленавітых дзяцей у спорце, але ніякіх зрухаў дагэтуль не бачна. І таму штогод мы губляем перспектыўнейшыя кадры, што не перадаць, як крыўдна! Асобныя, як Арцём Костылеў — шосты вынік на Алімпійскіх днях Еўропы ў Італіі ў 2005, — паступаюць у ВНУ і знікаюць са спорту. Некаторыя з’язджаюць за мяжу, як той Андрэй Радыёнаў. А ў нас застаюцца адзінкі, пераважна мінчане і члены спартыўных ды-настый…
Сёння ў Асіповічах каля дзясятка дзяцей 1997-1999 гадоў нараджэння займаюцца плаваннем прафесійна, рэгулярна выязджаюць на спаборніцтвы і паказваюць добрыя вынікі. Аднак іх не-дастаткова, каб каманда ўвайшла ў лік прызёраў, у ся-рэднім у яе складзе павінна быць ад 12 да 20 пастаянных спартсменаў.
— Летась у нас яшчэ заставаліся спадзяванні на тое, што такая перспектыва для 11-12-гадовых асіпаўчан магчыма, — канстатуе Натэла Вахтангіеўна. — Аднак зараз некалькі дзяцей сышлі ў іншыя віды спорту, таму ў прызёрах гэтай камандзе не быць. Цікавасці падлетка мяняюцца хутка, таму вельмі важна пазіцыя і меркаванне бацькоў. Нярэдка трэнеры кааперуюцца і падказваюць мамам і татам, у якім спорце іх дзіця можа стаць чэмпіёнам. Аднак не заўжды гэта дзейнічае… Зараз падрастае каманда плыўцоў 2000-2002 гадоў нараджэння. Дзеці займаюцца яшчэ не на прафе-сійным узроўні, бо маленькія, але ўжо ўдзельнічаюць у спаборніцтвах. На жаль, не можам ахапіць увесь горад, выпадаюць школы №№ 2 і 3, якія знаходзяцца на другім баку горада. Аднак, нягле-дзячы на гэта, набор сёлета досыць вялікі!
Кацярыну Кадашэвіч і Анастасію Лук’яненка перавялі на спецграфік падрыхтоўкі да Алімпійскіх дзён моладзі ў Беларусі, па выніках якіх дзеці змогуць увайсці ў нацыянальную зборную і паехаць на адпаведныя дні ў Еўропу. З гэтага часу дзяўчаты будуць трэніравацца два разы на дзень, прапускаючы першы ўрок у школе. Але гэтага б не было, калі б не дапамога і паразуменне кіраўніцтва першай школы і начальніка аддзела адукацыі Наталлі Шаўчэнка.
Ці ўзнікае жаданне вярнуцца ў Бабруйск? На гэта пытанне Натэла Вахтангіеўна адказала наступнае:
— Нам з Зурабам Цімафеевічам тут падабаецца. Тым больш, што некаторыя дзеці ўжо зараз выказваюць жаданне трэніраваць. А жыццё, як кажуць, толькі тады мае сэнс, калі нехта падхопіць пачатую табою справу!