Стваральнік ЧЭМПIЁНАЎ
Геаграфія перамог нашых юных байцоў муай-тай з Асіповіч уражвае: Расія, Украіна, Латвія, Польшча, Тайланд, Італія, Германія, Турцыя… Падапечныя ГІДУЛЯНА ніколі не прыязджаюць дадому без медалёў і кубкаў. Імя трэнера стала сінонімам слоў “перамога” і “выдатны”, яго ведаюць не толькі ў нас, але і далёка за межамі. Яму не раз прапаноўвалі працягнуць кар’еру ў сталіцы, але Сяргей працягвае развіваць гэты від адзінаборстваў у Асіповічах.
Ён сам займаўся барацьбой і самба з 11 гадоў, першым трэнерам быў афіцэр з вайсковай часці. Пасля заканчэння асіповіцкай СШ-4, вырашыў заняцца спортам прафесійна і атрымаць акадэмічныя веды ў гэтым напрамку. Таму — шлях у Акадэмію фізвыхавання — цяперашні Белдзяржуніверсітэт фізкультуры. “Конкурс быў амаль 17 чалавек на месца, я паступіў на факультэт аздараўленчай фізічнай культуры. Заняткі па баявых відах спорту праводзіў выдатны трэнер Віктар Барташ, майстар спорту СССР”, — успамінае Сяргей.
Пасля заканчэння ВНУ — праца настаўнікам фізкультуры ў СШ № 3, армейская служба, вярнуўся — арганізаваў спартыўную секцыю па рукапашнаму бою.
Якім жа чынам Гідулян стаў выдатным трэнерам менавіта па тайскаму боксу? Аднойчы яго разам з вучнямі запрасілі на спаборніцтвы па муай-тай у Гомель. Тады гэты від спорту не быў такім папулярным у Беларусі, але падаваўся перспектыўным. Так было вырашана асвоіць абсалютна новае для Асіповіч баявое мастацтва, і з 2000 года ён — трэнер. Спачатку прыйшлося павучыцца самому. Ездзіў у Мінск, кансультаваўся са шматкратным чэмпіёнам муай-тай, цяперашнім вядомым трэнерам і заснавальнікам спартыўнага клуба “Патрыёт” Дзмітрыем Пясецкім, пастаянна назіраў за байцамі падчас спабор-ніцтваў. “Як трэнер, вырас разам з адным з лепшых сваіх вучняў — Дзянісам Ганчаронкам. Менавіта з яго і пачаўся пераход на муай-тай”, — гаворыць Сяргей.
Калі ў пачатку 2000-х прыхо-дзілася развешваць аб’явы аб наборы спартыўных груп, то зараз лепшай рэкламай служаць шматлі-кія перамогі вучняў на буйных і не вельмі спаборніцтвах па ўсім свеце. I яны прыцягваюць усё больш і больш людзей.
Не ўтойвае трэнер і сакрэты поспеху асіповіцкіх хлопцаў: “Для спартсменаў важна мець магчымасць паказаць сябе, сваё майстэрства. Таму і імкнёмся прыняць удзел у як мага большай колькасці спаборніцтваў. Знайсці сродкі, каб паехаць на турнір, цяжка, але, дзякуючы нашым спонсарам і бацькам, маладыя байцы могуць паказаць сябе ды паглядзець на другіх, пераймаючы тым самым майстэрства. Але ж галоўны сакрэт — захопленасць, якая нават важнейшая за талент.
Гэты трэнер мае і талент, і вялі-кую цягу да сваёй справай, што і дапамагае са звычайных хлопцаў рабіць чэмпіёнаў і развіваць далей баявое мастацтва менавіта ў нашым горадзе. Так, вялікім крокам у гэтым напрамку стала адкрыццё клуба тайскага боксу “Залатая перамога” (“Golden Victory”, www.goldenv.by). Пахваліцца наяўнасцю ўласнага спартклуба можа нават не кожны абласны цэнтр Беларусі, таму “Залатая перамога” — якасна новы ўзровень муай-тай і кікбоксінга ў Асіповічах.