Мікалая МIКУЛIЧА з-за вялікай адданасці гарадкам называюць “апошнім магіканінам”, і ў гэтых словах адчуваюцца адначасова і павага, і сум. Старажытная народная гульня, калісьці любімая ў нас, цяпер незаслужана забываецца. Але дзе-нідзе на старых стадыёнах яшчэ можна сустрэць спартсменаў-адзіночак, якія кідаюць біту па складзеных у камбінацыю драўляных цыліндрах…
Гуляць могуць усе, але перамагаюць толькI ТэхнIчныя
Славянская гульня ў гарадкі мае даўнюю гісторыю. Цікава, што ХХ стагоддзе прынесла ім вялікую папулярнасць і… хуткае забыццё. Як від спорту, які мае адзіныя правілы, гарадкі сфарміраваліся ў 1923 го-дзе, а з трыццаць шостага сталі праводзіцца чэмпіянаты СССР.
Мікалай Мікуліч блізка пазнаёміўся з гарадкамі пасля таго, як уладкаваўся інструктарам па фізкультуры на наш камбінат хлеба-прадуктаў: трэба было вы-ставіць на гарадскую спартакіяду каманду. Заводскія спартсмены гулялі ў такі від спорту даволі слаба, і гэта стала длямаладога трэнера стымулам засвоіць гарадошную“навуку”.
— Гарадкі не маюць ніякіх узроставых і фізічных абмежаванняў, гэта чыста тэхнічная гульня. Тут найбольш важныя правільная пастаноўка кідка, — тлумачыць ён. — Можна, канешне, гуляць без тэхнікі, па-народнаму. Але тады колькасць збітых фігур будзе “залежаць” ад тэорыі верагоднасці. Можа, вам некалькі разоў і пашанцуе, але часцей біта будзе пралятаць міма цэлі.
Новая гульня адразу ж захапіла Мікалая Iванавіча.Ён стаў самастойна трэніравацца па кінаграме заслужанага майстра спорту СССР Рабцава. Праз год наш герой ужо стаў абыгрываць вопытных асіповіцкіх гарадошнікаў, затым патрапіў у абласную зборную, неаднаразова станавіўся чэмпіёнам рэспублікі ў складзе цэнтральнага савета”Ураджай”. У 1981 годзе на ўсесаюзным першынстве выканаў нарматыў майстра спорту: збіў 90 фігур з дапамогай 138 біт.
“Тэквандо”, цI Гульня з мульцIка “Ну, погоди!”
Раней у Беларусі прахо-дзіла багата спаборніцтваў па гарадках, а ў Дзень чыгуначніка ў Асіповічах гарадошная пляцоўка на стадыёне “Лакаматыў” нават абгароджвалася вяроўкамі, бо вакол спартсменаў збіраліся шматлікія гледачы. Але пасля развалу СССР сітуацыя кардынальна змянілася. Прадпрыемствы перасталі выпускаць інвентар для гульні, яе выключылі з усіх спартакіяд, сталі руйнаваць пляцоўкі на стадыёнах. Мікалай Мікуліч узгадвае, што пасля 1994 г. гарадошнікаў перасталі запрашаць на маштабныя спартыўныя мерапрыемствы.
Натуральна, што ў такіх умовах падрыхтоўка новых спартсменаў прыпынілася. Сёння ў вобласці засталося толькі 2 гуляючыя гарадошнікі: магіляўчанін Андрэй Мельнікаў і наш Мікуліч. Прычым, зямляк выступае цяпер толькі на рэспубліканскім спаборніцтве сярод ветэранаў, дзе сёлета ён заняў III месца.
— Як цяпер рэагуюць людзі, калі бачаць Вас аднаго на “Лакаматыве” з бітай і гарадкамі?
— Насамрэч мала хто звяртае ўвагу, — з сумам адзначае спартсмен. — Бывае, нехта з моладзі запытаецца: “А што гэта за гульня?”. Магу жартам адказаць: “Тэквандо!” Некаторыя нават вераць. Ці нагадваю серыю з “Ну, погоди!”, дзе бегемот кідаў біту ў самую знакамітую гарадошную фігуру — пушку. Тады моладзь яшчэ можа нешта ўспомніць. Неяк праходзіў міма мужчына гадоў 50, спыніўся і кажа: “Я хлопчыкам быў і бачыў, як Вы гулялі…”
Наша альтэрнатыва боўлIнгу I бIльярду
Пасля змястоўнай гутаркі пра гарадкі вельмі карціць самой пагуляць у іх, таму ідзем з суразмоўцам да гульнёвай пляцоўкі. Навічкі, дзеці і пажылыя людзі кідаюць біту з 7 метраў. Для вопытных спартсменаў адлегласць удвая большая. Біта спачатку падаецца важкай. Але, па словах Мікалая Iванавіча, яна даволі лёгкая — важыць усяго 1,85 кг. Ён яшчэ сам не пры-звычаіўся да гэтага, таму пад час трэніровак часта перакідвае яе.
Кожны ігрок падбірае інвентар пад сябе. Напрыклад, мажны Андрэй Мельнікаў карыстаецца 4-кілаграмовай “палачкай”, Мікалай Iванавіч у маладосці кідаў 3,5-кілаграмовую. А яшчэ выявілася, што прафесійныя гарадошнікі робяць для сябе інвентар уласнаручна ці пад заказ.
Усе гарадошныя фігуры падзяляюцца на стаячыя і ляжачыя. Апошнія выбіць прасцей. Мікалай Мікуліч склаў для мяне якраз адну з такіх — “самалёт”. З другой спробы я патрапіла ў яго і выбіла адразу 3 цыліндры. Але дабіць “самалёт” так і не змагла. Кожны раз біта ляцела міма…
Але і нават пасля такога дэбюту мне ёсць чым пахваліцца! Не, не вынікамі — а эмоцыямі! Паўдзельнічала ў гульні, пра якую мала хто з сучаснай моладзі ведае. Хаця ў той жа час сярод хлопцаў і дзяўчат лічыцца модным хадзіць у боўлінг, які, між іншым, аддалена нагадвае нашы гарадкі. А яшчэ ў іх ёсць нешта агульнае з більярдам. Самай складанай у гарадках лічыцца фігура “пісьмо”(4 гарадкі раскладваюцца па кутах горада). Прафесіянал можа выбіць яе толькі з дзвюх біт. Кожны кідок ён мусіць пралічыць наперад, як більярдыст. Так што гарадкі — гэта не проста “кіданне палкі”, а азартная і цікавая гульня! I яе можна піярыць і як славянскі від адпачынку, і як прафесійны спорт!
* * *
Скончыць нашу размову з Мікалаем Iванавічам хацелася на пазітыўнай ноце, таму запыталася, ці ёсць надзея на тое, што гарадкі будуць жыць у ХХI стагоддзі?
Спартсмен расказаў, што сёння ў свеце створана Міжнародная федэрацыя гарадошнага спорту, куды ўваходзяць 10 краін, у тым ліку і Беларусь. Сталі праводзіцца чэмпіянаты свету і Еўропы, у якіх цяпер удзельнічаюць і жанчыны, чаго ў савецкі час не было. Спаборніцтвы такога ўзроўню праходзілі і ў нашым Маладзечне. У гэтым горадзе маецца гарадошны стадыён і вядзецца падрыхтоўка юных спартсменаў на базе спартшколы. Акрамя таго, мадэрнізуецца і сама гульня. У гарадкі цяпер можна гуляць і з палімернымі бітамі — для спартсменаў з такім інвентаром праводзяцца асобныя спаборніцтвы.
Словам, выкрэсліваць старажытную гульню з нашага жыцця яшчэ рана.
Вольга ЖАРНАСЕК.
Сутнасць гульні ў гарадкі заключаецца ў тым, каб кідком біты выбіць з пляцоўкі (горада) па чарзе пэўную колькасць розных фігур, складзеных з 5 гарадкоў-цыліндраў. Пераможцам лічыцца ігрок ці каманда, якая затраціла на выбіванне фігур найменшую колькасць біт.