Камандны дух дарожнікаў
Сёлета менавіта Асіповіччына стала
пляцоўкай для правядзення 7 зімовай спартакіяды РУП “Магілёўаўтадар”
сярод дарожна-эксплуатацыйных упраўленняў вобласці. Паспаборнічаць прыехала 11 каманд
— каля 150 чалавек, а арганізацыю мерапрыемства ўзяло на сябе кіраўніцтва ДЭУ №
73, якое пастаралася стварыць сапраўды незабыўнае свята здароўя і спорту.
З самай раніцы гасцей запрасілі на
спецыяльна падрыхтаваную лясную паляну каля вёскі Вяззе. Тут ужо ўсё было гатова
да сяброўскай сустрэчы калег-дарожнікаў: гарачы чай, кава, бліны, чабурэкі, рыбная
юшка і смачная каша, якая варылася ў вайсковай палявой кухні, каб спартсмены змаглі
падсілкавацца і сагрэцца перад спаборніцтвам.
Пасля ўрачыстага адкрыцця з салютам
і ўзняццем сцяга слова ўзяў генеральны дырэктар РУП “Магілёўаўтадар” Анатоль Лапацін:
— У нас здаровы лад жыцця заўсёды
ў пашане. За апошнія некалькі гадоў нашы прадстаўнікі, якія выступалі на рэспубліканскім
узроўні, ніколі не заставаліся без прызавых месцаў: магілёўскія дарожнікі — лепшыя
ў турызме, футболе, разнастайных спартакіядах. Спорт для нас — гэта бадзёрасць,
энергія, выдатны настрой. I яшчэ адзін спосаб “запальвання” агульнага каманднага
духу як у спабор-ніцтвах, так і ў працы…
Першы этап спартакіяды — лыжныя эстафеты
і гонкі сярод мужчын і жанчын. Ужо на старце было відавочна: сюды прыехалі далёка
не навічкі. Некаторыя спартсмены вокамгненна пераадольвалі трасу. Тым часам, паралельна
на дзвюх пляцоўках ішла “снайперская” барацьба: члены каманд кідалі дроцікі і стралялі
з пнеўматычнай вінтоўкі. Значна падняў настрой конкурс “Вясёлыя лыжы”, падчас якога
дарожнікі павінны былі так скаардынаваць свае рухі, каб упяцёх хутка праехацца на
дзвюх вялікіх лыжынах, што было не так проста зрабіць. Многія ўдзельнікі літаральна
ў сантыметрах ад фінішу гублялі тэмп і падалі, і толькі спрактыкаваная асіповіцкая
каманда дарожнікаў змагла ўзорна прайсці гэты этап.
Вельмі эмацыянальным і азартным атрымаўся
конкурс “Цягнучка”. Самыя моцныя прадстаўнікі магілёўскіх ДЭУ імкнуліся перацягнуць
адзін аднаго з дапамогай спецыяльных тросаў, якія былі прымацаваны да іх паясоў.
Відовішча было незабыўнае: упартасці і цягавітасці многіх мужчын дзівіліся ўсе!
Прыемна, што сярод асілкаў-фіналістаў аказаўся і наш зямляк Дзмітрый Кашаед.
Пакуль журы падлічвала балы і падпісвала
дыпломы, асіповіцкія дарожнікі прапанавалі гасцям яшчэ адну нетрадыцыйную забаву:
забрацца на амаль 9-метровы слуп, укапаны ў цэнтры пляцоўкі. Узлезці на яго, на
першы погляд, было проста нерэальна: тоўсты ў дыяметры, слізкі, на вуліцы — мінус
6-7! Аднак гэта не прыпыніла дарожнікаў, якія смела распраналіся і ішлі на прыступ.
I сем чалавек здолелі дацягнуцца да прызоў, размешчаных на самым версе!
Самы прыемны момант спартакіяды: уручэнне
грамат, прызоў і кубкаў. На першую прыступку п’едэстала ўзнялася зборная ДЭУ №
78 (Касцюковічы), на другую — ДЭУ-79 (Мсціслаў), трэцюю падзялілі наша ДЭУ № 73
і ДЭУ-77 (Крычаў). Дарэчы, асіповіцкія
дарожнікі ўпершыню ўвайшлі ў чацвёрку лепшых за ўсю гісторыю абласной спартакіяды
— як кажуць, дома і сцены дапамагаюць.
Пасля ўрачыстага закрыцця спартакіяды
ўдзельнікі змаглі паласавацца гарачымі шашлыкамі, паслухаць канцэртную праграму
і нават патанчыць. Вясёлы настрой, сяброўскія жарты, фотасесія на прыродзе — выдатнае
заканчэнне спартыўнай суботы.
Нэлі АСТРЭЙКА.