25 снежня ў клубе “Дэбют” прайшоў калядны турнір па шашках сярод школьнікаў горада. І сабраў ён, на здзіўленне і радасць трэнера і галоўнага суддзі спаборніцтваў Уладзіміра Веташава, багата моладзі — каля 50 чалавек.
— Такія вялікія турніры зараз рэдкасць, — адзначыў ён, — на гэты раз нам нават не хапіла дошак, прыйшлося выкручвацца. Вельмі задаволены і вынікамі спаборніцтваў!
Сярод хлопчыкаў “золата” выйграў Ігар Валадзькоў (СШ № 4), “срэбра” — Кірыл Галубовіч (СШ № 4), “бронзу” — Антон Трайчук (гімназія). Сярод дзяўчат першы вынік паказала Марыя Жук (СШ № 4), другі і трэці — адпаведна сёстры Анастасія і Лізавета Серабраковы (СШ № 2).
Упершыню, у якасці эксперыменту, у турніры па-ўдзельнічалі вучні першых і другіх класаў. Першынстваваў Аляксандр Грынцалеў (СШ № 4), за ім — Антон Падгол (СШ № 4) і Юрый Волкаў (СШ № 1).
* * *
У другой палове дня ў “Дэбюце” прайшоў ужо шахматны бліцтурнір, удзел у якім прыняло больш за два дзясятка аматараў чорна-белых клетак.
Кандыдат у майстры спорту Вячаслаў Смольскі здолеў набраць 8,5 ачка з 11 магчымых, і гэта дазволіла менавіта яму фінішаваць першым. На палову ачка ад пераможцы адсталі адразу трое — першаразраднік Дзмітрый Кунец і кандыдаты ў майстры Аляксандр Крывашэеў і Віталь Кулакоў. Усе мацнейшыя і атрымалі заслужаныя прызы ад раённай газеты.