Тут атрымліваюць веды

Школа — гэта асаблівы мір, дзе свой парадак і свае жыхары, маленькія і дарослыя. А калі такая школа знаходзіцца ў аддаленым ад райцэнтра аграгарадку, гэты мір хутчэй нагадвае сям’ю.
Нягледзячы на тое што Каменіцкі комплекс быў ператвораны ў школу і дзіцячы садок, гаварыць пра іх паасобку нельга: усё ж такі цесна звязаны гэтыя дзве ўстановы паміж сабой.
Дзіцячы садок зараз наведвае 11 дзяцей. Сёлета гэта хлопчыкі і дзяўчынкі з розных сямей, аднак нярэдка тут сустракаюцца брацікі і сястрычкі, бо група рознаўзроставая. Дашкаляты асталяваліся ў адным крыле будынка, тады як першакласнікі размяшчаюцца ў другім. Такая арганізацыя дазваляе дзецям хутчэй адапціравацца да свайго новага статусу. Так кажучы, родныя сцены дапамагаюць.
У школе сёння навучаецца 59 хлопчыкаў і дзяўчынак. Гэта лічба амаль не змянялася апошнія дзесяць гадоў. Сёлета вылецяць у дарослае жыццё чатыры навучэнцы і столькі ж дзяцей упершыню сядуць за парты. Вядома, раней вучняў было значна больш, але час не стаіць на месцы і моладзь імкнецца ў горад. Таму для ўстановы адукацыі аграгарадка такая стабільнасць у колькасці навучэнцаў — нядрэнны паказчык.
Найбольш вучняў (дзесяць чалавек) займаецца ў дзявятым класе, а найменш (усяго дзве дзяўчынкі) — у шостым. Цікава і тое, што ў дзясятым класе навучаюцца толькі хлопцы. Раней іх было шэсць, аднак летась трое паступіла ў каледжы.
У атрыманні ведаў у вясковай школе ёсць свае перавагі. Напрыклад, калі ў класе мала дзяцей, на свавольствы няма часу. Вучні разумеюць, што тут яны як на далоні. Таму паспяховасць добрая. Праца ў такіх класах для педагога таксама мае сваю спецыфіку, якую, безумоўна, трэба ўлічваць. Узяць хаця б дадатковыя заданні. Іх неабходна падрыхтаваць больш, бо часу на прамыя зносіны з кожным вучнем у настаўніка дастаткова. Але ж маюцца і абмежаванні ў правядзенні некаторых форм урокаў, напрыклад групавая работа ў большасці класаў проста немагчыма. Дзяцей вучаць 18 спецыялістаў, палова з іх мае вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю.
Некаторыя педагогі, у тым ліку дырэктар установы Алена Міхайлоўская, самі калісьці скончылі Каменіцкую школу. Настаўнік біялогіі Ала Шалыпіна была стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і падрыхтавала ўжо чатырох стыпендыятаў узгаданага фонду, прычым два з іх атрымалі гэта заахвочванне двойчы.
Творчыя работы настаўніка пачатковых класаў Таццяны Трыпуць на конкурсах заўсёды займаюць прызавыя месцы. Пано, карціны, статуэткі, зборныя канструкцыі і шпакоўні выкананы ў розных тэхніках, а прыродны матэрыял, які педагог выкарыстоўвае, настолькі разнастайны, што, гледзячы на работы, неабходна яшчэ і загадку разгадаць: з чаго зроблена такое хараство?
Таццяна Кушнярова таксама навучае пачатковыя класы. Яна даўно займаецца рукадзеллем. Раней асвойвала вышыванне бісерам, потым майстрыла з атласных стужак упрыгожванні для валос і займалася фларыстыкай. Апошнія два гады аддае перавагу скрапбукінгу — аб’ёмнай кампазіцыі з паперы. Гэтаму навучае і школьнікаў. Аднайменны гурток наведваюць 13 дзяцей 12-17 гадоў. Дарэчы, занятак зацікавіў не толькі дзяўчынак, але і хлопцаў. Навучэнцы займаюцца вельмі ахвотна і нават просяць павялічыць колькасць гадзін, адведзеных на заняткі. Акрамя гэтага, настаўнік вядзе для малых гурток малявання.
Як і ў іншых раённых установах адукацыі, заняткі тут пачынаюцца ў дзевяць гадзін раніцы. Гэта зразумела, бо ў школе і садку навучаюцца дзеці з Градзянкі, Яноўкі і Асаўка. 22 хлопчыкаў і дзяўчынак прывозяць сюды на школьным аўтобусе. Пасля заняткаў дзеці не спяшаюцца дадому. Яны з задавальненнем наведваюць аб’яднанні па інтарэсах розных кірункаў. Найбольшай папулярнасцю карыстаюцца агульная фізічная падрыхтоўка і вышэйназваны скрапбукінг. Да таго ж у філіяле музычнай школы займаецца 29 школьнікаў. Двойчы ў месяц транспарт возіць навучэнцаў на заняткі ў басейн “Дэльфін” і адзін раз — у міні-цэнтр бяспекі сярэдняй школы № 3.
У кожнай установы адукацыі свая асаблівая атмасфера, якую адчуваеш адразу, пераступіўшы парог. І Каменіцкі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа не выключэнне.