Прытулак для вечнасці

Часам стаецца так, што з рэдакцыйных заданняў карэспандэнты “Асіповіцкага края” вяртаюцца напоўненыя не столькі канкрэтнымі фактамі, колькі асабістымі ўражаннямі-назіраннямі. Так здарылася і ў гэты раз…
Пра адзіны каталіцкі касцёл па-за межамі горада, які размя-шчаецца на тэрыторыі могілак вёскі Казімірава і асвечаны ў гонар святога Юзэфа Рамесніка, вядома нямнога. Інтэрнэт-крыніцы паведамляюць, што ў канцы 1862 года ўладальнік фальварка Казімірава Іван (Ян) Аляхновіч прасіў дазволу ў царскіх улад на пабудову каталіцкай капліцы на Казіміраўскіх могілках, дзе чатыры разы на год будуць спраўляцца службы па яго памерлых сваяках. Аднак пачынанне не было падтрымана па некалькіх прычынах, якія былі растлумачаны Аляхновічу ў адпаведнай перапісцы. Аднак праз 38 гадоў тут пачаў існаванне мясцовы каталіцкі прыход, а ў 1906 годзе (амаль праз паўстагоддзе з пачатку гэтай гісторыі) на могілках усё ж узнік драўляны касцёл.
Ва ўспамінах старажылаў, як і ў сеціўных рэсурсах, захавалася няшмат звестак аб Казіміраўскім касцёле. Спачатку будынак выконваў усе функцыі храма. У гады калектывізацыі ён быў пераабсталяваны пад зернесховішча мясцовага калгаса і выкарыстоўваўся ў якасці гаспадарчай пабудовы даволі працяглы час. Аднак потым усё ж вярнуў сваё першапачатковае прызначэнне. Жыхары Казімірава і навакольных вёсак актыўна наведвалі імшы, а часам сюды прыходзілі нават цэлыя працэсіі з абразамі і харугвамі. Маюцца звесткі, што ў савецкі час там яшчэ знаходзіўся сапраўдны арган. Аднак гэта было даўно…
Зараз адзіным вернікам у касцёле стала цішыня. Могілкі, на якіх ён знаходзіцца, размясціліся на ўскрайку вёскі, дзе людскія галасы можна пачуць толькі летам, а па прасёлку, што вядзе да касцёла ад Каменічаў, ездзіць толькі сельгастэхніка. Дзверы храма зачыненыя, бо айцец Натанаэль, які з’яўляецца яго настаяцелем, наведваецца сюды толькі двойчы ў год — на Свята Цела і Крыві Хрыстовых і на Дзень усіх святых. У гэты час касцёл ажывае: вернікі, чые родныя пахаваны на мясцовых могілках, едуць сюды з усёй Беларусі. Па словах святара, на службы збіраецца болей за 30 чалавек, сярод якіх абавязкова прысутнічае сям’я Абрамовічаў. Ядвіга Баляславаўна Абрамовіч займалася аднаўленнем касцёла. На момант перадачы парафіянам храм быў у жудасным стане: працякаў дах, струхлела ўсё пакрыццё. Захаваліся і не патрабавалі замены толькі кроквы. Жанчына арганізавала работы па тэрміновым касметычным рамонце. Яна самастойна знайшла неабходных спецыялістаў і аплаціла рамонт. На далейшую рэканструкцыю даху сродкі збіралі прыхаджане і дзеці Ядвігі, а ў пошуках будаўнічай брыгады дапамаглі тагачасныя старшыні сельскага Савета і калгаса. Агульнымі намаганнямі храм адраджаўся і ўнутры.
Разам з ім мацнела вера мецэнаткі. Падчас рэканструкцыі касцёла Ядвіга Баляславаўна цяжка хварэла.
— Мы думалі, што ўсё скончыцца трагічна, — расказвае яе дачка Ядвіга. — У мамы было толькі адно жаданне — штодзень яна прасіла Госпада захаваць ёй жыццё на той перыяд, пакуль аднаўляецца касцёл. І здарыўся сапраўдны божы цуд. Маме цяпер 94 гады. Яна сустрэла старасць на сваіх нагах і ў здаровым розуме.
У іншыя дні выпадковым гасцям застаецца толькі паблукаць наўкола. Балазе, ёсць на што падзівіцца. На адным з камянёў падмурка рукой невядомага будаўніка выгравіраваны год пабудовы “1906 R.”. Праходзім трошкі далей і заўважаем выбітную цагліну з надпісам “РОЗЕНБЕРГЪ” у прамавугольнай рамцы. Гэта адзнака вытворчасці будаўнічага матэрыялу на заводзе бабруйскага купца Гіршы Іоселевіча Разенберга. Такі адбітак быў характэрны для цаглін, выпушчаных у 90-х гадах XIX стагоддзя.
Цікава паглядзець і на старажытныя надмагільныя камяні, нястройныя рады якіх размясціліся за касцёлам. Разнастайныя па памеры, форме, з надпісамі на польскай мове, яны паведамляюць, што апошнім прытулкам для мясцовых жыхароў гэтая зямля служыць больш за два стагоддзі. Ёсць сярод іх і адметныя. На адным пасля жалобнага надпісу выгравіраваны чэрап са скрыжаванымі косткамі. Гэта Адамава галава — нязвычны для праваслаўя, але адпавядаючы агульнахрысціянскім традыцыям сімвал выратавання, вечнага жыцця. На версе другога, амаль цалкам паглыбленага ў зямлю помніка прырода, час ці чалавечая рука зрабілі акуратнае паглыбленне, дзе ў нязвычны для лютага “плюс” сабралася талая вада. На зваротным шляху аглядаем могілкі перад храмам. Тут размясціліся больш сучасныя пахаванні. Самае “маладое” з агледжаных датуецца 2012 годам.
…Пад нагамі надта гучна хрусціць шарпак, суправаджаючы нечаканых наведвальнікаў. Вароты могілак зачыняюцца — і казіміраўскую святыню зноў ахутвае цішыня.