ГРАДЗЯНКА, КАМЕНІЧЫ І НАВАКОЛЛЕ

На тэрыторыі Градзянскага сельсавета размяшчаецца восем вёсак, у якіх пражывае 670 чалавек, з іх 415 працаздольнага ўзросту, 172 пенсіянеры і 83 дзіцяці.
Адметнасці
Градзянка — адзін з самых аддаленых ад райцэнтра населеных пунктаў. Але менавіта гэта паселішча можа пахвастацца ўнікальным для раёна (а магчыма, і ўсёй краіны) транспартным забеспячэннем. Гэта грузапасажырскі цягнік, які ходзіць сюды з Асіповічаў двойчы на дзень. Калісьці яго хацелі адмяніць, але па просьбах жыхароў пакінулі, скараціўшы толькі дзённы рэйс.
Галоўныя работадаўцы рэгіёна — ААТ “Вязаўніца-Агра”, лясніцтва, школа,
сельскі цэнтр культуры, школа. Аднак іх патрэбы ў працоўных рэсурсах не бязмежныя, таму сярод жыхароў сельсавета распаўсюджана самазанятасць. Толькі, на жаль, знаходзяцца і тыя (і іх каля 40 чалавек, у асноўным жыхары Градзянкі), хто афіцыйна працаўладкоўвацца не жадае. З такімі вядзецца сістэматычная работа, іх выклікаюць на ГПАП, падказваюць магчымыя варыянты працаўладкавання. За мінулы год з гэтай катэгорыі набылі працу сем чалавек.
Насельніцтва
Але нашы вёскі трымаюцца на іншай катэгорыі людзей — тых, якія і дом пабудуюць, і ўладкуюць яго, і з гаспадаркай управяцца, ды яшчэ і нейкі занятак для душы знойдуць. І Градзянка з прылеглымі населенымі пунктамі тут не выключэнне. Землякі ганарацца сапраўднымі гаспадарамі Андрэем Альфяровічам, Ігарам Вікторчыкам, Аляксандрам Аляшкевічам, якія і для сябе пастаянна нешта майструюць, ды і суседзям дапамагаюць. Ірына Фірсава, Таццяна Трыпуць, Ніна Вікторчык, Марыя Шкурына, Галіна Дражына займаюцца рукадзеллем, разводзяць кветкі. Сярод жыхароў ёсць людзі сталага веку, якія шмат чаму навучаць, напрыклад Станіслава і Іван Паркалавы, Соф’я і Станіслаў Аляшкевічы, Ніна і Анатоль Трыбушэўскія. Прыклад жыццёвага аптымізму можна ўзяць з 97-гадовай Ніны Татур. Маладая сям’я Шаўчэнкаў пацвярджае, што ў вёсцы можа камфортна адчуваць сябе і моладзь. А дом сямейнага тыпу Дарашэнкаў напаўняе вясковую вуліцу вясёлымі дзіцячымі галасамі. Словам, пры бліжэйшым знаёмстве пераконваешся: у вясковай глыбінцы жыццё ідзе сваёй размеранай чаргой, а людзі тут цікавыя.
Тэрыторыя
Пры добраўпарадкаванні тэрыторыі сельвыканкам абапіраецца на сельскі камітэт, дэпутатаў сельскага Савета дэпутатаў. Так, калі вецер наламаў галля ў парку, менавіта вясковы актыў выйшаў на ліквідацыю наступстваў непагадзі. Стараста вёскі Цэзарава Валянціна Ганчарык рэгулярна праводзіць санітарныя дні, у ходзе якіх разам з аднавяскоўцамі прыбіраюць смецце, расліннасць абапал дарогі. Па ініцыятыве Валянціны Арцюшэнка і Таццяны Кашлач увосень у Градзянцы прайшоў суботнік, быў высечаны хмызняк, наведзены парадак на вуліцы, высаджаны дрэвы.
У плане добраўпарадкавання населеных пунктаў і шляхоў зносін наогул робіцца шмат. За год ліквідаваны 44 сметнікі агульнай плошчай 91 м2, абкошана 13,5 га, высечана 3,7 га хмызняку. Выдадзена 44 прадпісанні, у тым ліку 21 грамадзяніну. Адрамантавана каля 20 пагонных метраў плоту. Старыя хаты летась па рашэнні сельвыканкама не зносіліся, затое самі гаспадары ліквідавалі дзве аварыйныя пабудовы. Акрамя таго, тры дамы былі прададзены.
Нямала клопату патрабуюць вясковыя могілкі, якіх у сельсавеце восем. Летась яны былі перададзены на баланс УКП ЖКГ, але пакуль даглядаць месцы пахавання сяльчанам даводзіцца сваімі сіламі. Не меншая ўвага адводзіцца і помнікам. Іх у партызанскім краі 17, у тым ліку мемарыяльны комплекс ва ўрочышчы Рассоха. Падтрыманне ў прымальным стане дарогі ў гэта месца — вельмі складаная задача.
Яшчэ адна праблема — пажары. Нягледзячы на сістэматычную прафілактычную работу, жыхары з катэгорыі рызыкі нярэдка пагарджаюць правіламі бяспекі, расплачваючыся за гэта сваім здароўем, а то і жыццём.
Сувязь з грамадскасцю
За год сельвыканкам правёў 288 адміністрацыйных працэдур, у асноўным гэта выдача розных даведак. За гэты ж перыяд было зафіксавана сем нараджэнняў дзяцей, зарэгістраваны адзін шлюб, выдадзена дзесяць пасведчанняў аб смерці.
Прадстаўнікі органаў мясцовага кіравання і самакіравання часта сустракаюцца з насельніцтвам, выкарыстоўваючы для гэтага любыя магчымасці. Напрыклад, калі прыязджае мясная лаўка з Чэрвеня і ля яе збіраецца вялікі натоўп, тут можна правесці і інфармацыйную работу. Магазін, установа культуры, аўтобусны прыпынак — таксама звыклыя месцы для размовы аб злабадзённым. У ходзе такіх нефармальных сустрэч агучваюцца клопаты насельніцтва — расчысціць снег, замяніць ліхтар, якія потым паспяхова вырашаюцца пры падтрымцы УКП ЖКГ, лясгаса або ДРБУ.
Летась у Градзянцы былі заменены водаправодныя трубы, дзякуючы чаму вада набыла лепшыя спажывецкія якасці. Дарэчы, у наступным годзе запланавана ўзвядзенне ў Каменічах станцыі абезжалезвання.
Праблем рознага кшталту нямала, і гэта нармальна, бо дзякуючы іх вырашэнню і развіваецца гэты невялікі кавалак Асіповіччыны, хоць і аддалены ад райцэнтра, затое экалагічны і прыгожы.