У суботу ў Вяззі прайшоў фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2025”

Эпіцэнтрам свята стала тэрыторыя Вяззеўскага СДК. Ужо з раніцы тут працавалі падворкі кожнага з сельсаветаў раёна, падрыхтаваныя сумесна з установамі культуры і сельгаспрадпрыемствамі.
Свае эксклюзіўныя вырабы дэманстравалі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Наведвальнікаў таксама чакалі выставы работ, створаных рукамі асіповіцкіх умельцаў, бяспройгрышныя латарэі, сувеніры на любы густ. Удосталь было розных пачастункаў — і каўбас, і выпечкі, і страў з садавіны-гародніны. Духмяную юшку прапаноўвала ААТ “Рыбгас “Свіслач”; можна было паспрабаваць прадукцыю мясцовых перапрацоўшчыкаў: нямала людзей сабрала дэгустацыя малочнай прадукцыі філіяла “Асіповіцкі” ААТ “Бабушкина крынка”, прыцягвалі погляд смачныя вырабы хлебазавода, пазнаёміцца з прадукцыяй Асіповіцкага вытворчага ўчастка ААТ “Бабруйскі камбінат хлебапрадуктаў” запрашаў саламяны бабёр і драўляны млын, тут жа размясціліся выставы кансервавага завода, Асіповіцкага доследнага лясгаса. Працавалі і гандлёвыя палаткі.
Цікавасць аграрыяў выклікала выстава сельскагаспадарчай тэхнікі. Былі прадстаўлены ў тым ліку навінкі, якія сёлета атрымалі нашы гаспадаркі, напрыклад, камбайн GS12 PRO, кормаўборачны камбайн КВК-800 і іншыя.
Ушанаванне герояў жніва-2025 праходзіла ў СДК. У фае ўсіх сустракала цікавая кампазіцыя ЦТДіМ з жывой скульптурай. Тут жа можна было зрабіць і прыгожае фота на ўспамін.
Распачалася ўрачыстасць харэаграфічнай кампазіцыяй, дзе быў і глыбокі сімвалізм, і сувязь пакаленняў — дзеці з белымі папяровымі птушкамі, снапы, абрадавыя песні. Гэта і задало тон усяму святу. Хвалюючым момантам стаў вынас караваеў кожнай гаспадаркі і галоўнага дажыначнага каравая.
Першым вітаў працаўнікоў сяла старшыня райвыканкама Андрэй Дубінчык.
Кіраўнік раёна, выказаўшы шчырую падзяку ўсім удзельнікам жніва, падкрэсліў, што ў каравай укладзены старанні кожнага. У ім штодзённая нястомная праца хлебаробаў, працоўная доблесць кіраўнікоў, спецыялістаў.

Андрэй Віктаравіч уручыў шэраг узнагарод — ганаровыя граматы, падзячныя лісты (гл.”АК” № 80 ад 17.10.2025 г. — аўт.). Лепшых вынікаў сёлета дасягнулі працаўнікі ААТ “ВязаўніцаАгра”, таму большасць пераможцаў працоўнага спаборніцтва была з гэтай гаспадаркі.
Далучыўся да віншаванняў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Алег Дзячэнка. Ён уручыў каштоўны падарунак Алене Хвішчук з ААТ “ЖорнаўкаАГРА”, на якую зараз ускладзены абавязкі кіраўніка сельгаспрадпрыемства.

Ад Магілёўскага аблвыканкама асіповіцкіх аграрыяў вітаў старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Анатоль Ланкуць. Шэраг працаўнікоў, у тым ліку і з перапрацоўчых прадпрыемстваў, адзначаны Граматай камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні.

Да ўшанавання хлебаробаў далучыліся і прафсаюзы. Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Святлана Сідоранка ўручыла Ганаровую грамату прэзідыума Магілёўскага абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК загадчыку механічных майстэрняў ААТ “ЖорнаўкаАГРА” Сяргею Піляку і слесару-рамонтніку Надзеі Піляк, Падзячны ліст райкама прафсаюза — вадзіцелям Міхаілу Бараноўскаму (“Асіповічыаграпрамтэхзабеспячэнне”), Віталію Карпенюку (“ЖорнаўкаАГРА”), механізатару Дзмітрыю Каранькову (“Авангард-Ніва”). Старшыня Магілёўскага абласнога савета Белхімпрафсаюза Віталь Зянькоў узнагародзіў прадстаўнікоў ААТ “ВязаўніцаАгра” — у гэты галіновы прафсаюз уваходзіць гаспадарка. На сцэну выклікаліся трактарысты-машыністы Аляксандр Белякоў, Уладзімір Мяцельскі, Міхаіл Рыбакоў, Сяргей Стальчанка, токар Анатоль Кутас, а таксама загадчык вы-творчасці Наталля Барсава — Падзякай Магілёўскай абласной арганізацыі адзначаны калектыў сталовай.
У гэты дзень Вяззе сустракала нямала ганаровых гасцей: прыехалі прадстаўнікі Бабруйскага, Кіраўскага, Пухавіцкага раёнаў. Сярод запрошаных на свята быў і адзін асаблівы госць — былы старшыня райсавета дэпутатаў Аляксандр Пузік. За шматгадовую добрасумленную працу ў органах мясцовага самакіравання, асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна ён узнагароджаны Ганаровай граматай Асіповіцкага раённага Савета дэпутатаў.
На мерапрыемстве адразу падвялі і вынікі конкурсу падворкаў. Першае месца заняў Дараганаўскі сельсавет, другое — Лапіцкі, трэцяе — Вяззеўскі. Увогуле ж кожны з падворкаў быў адмыслова арганізаваны і адметны.
Фестываль-кірмаш у чарговы раз пацвердзіў, што агульныя намаганні заўсёды выліваюцца ў паспяховую справу — хоць на жытнёвым полі, хоць на канцэртнай пляцоўцы.
І вялікі дзякуй за цёплы прыём Вяззеўскаму СДК, усім арганізатарам і ўдзельнікам мерапрыемства. Без песень, танцаў, харэаграфічных кампазіцый наўрад ці ўрачыстасць атрымалася б такой яркай і запамінальнай.

Ну а што тычыцца герояў свята, то ўжо ўчора яны зноў выйшлі ў поле: трэба да канца ўбраць кукурузу, працягваць апрацоўку зямлі. На наступны год ураджай павінен быць яшчэ лепшым!
