У панядзелак у сельгас- прадпрыемствах прайшоў чарговы дзень жывёлавода

У “Троіцкім” працуюць комплексна
На сустрэчу з калектывамі ферм выязджалі 4 інфармацыйныя групы. Адна з іх у складзе намесніка старшыні райвыканкама Ганны Землянухінай, начальніка райветстанцыі, выконваючага абавязкі галоўнага ветурача раёна Аляксандра Сысоя наведала малочнатаварны комплекс “Троіцкае” ААТ “Жорнаўка-АГРА”. На сустрэчы таксама прысутнічалі намеснік дырэктара, галоўны заатэхнік і эканаміст гаспадаркі Сяргей Шугай, Вадзім Ткачоў і Людміла Дзявяткіна адпаведна.
МТК раней належаў ААТ “Лапічы”. Менавіта кіраўніцтвам гэтага таварыства і распачыналася некалькі гадоў таму мадэрнізацыя аб’екта, каб адказваў сучасным тэхналагічным характарыстыкам. Зараз ён уключае ў сябе 2 кароўнікі, столькі ж цялятнікаў, даільна-малочны блок, іншыя падсобныя памяшканні. Дарэчы, адзін з кароўнікаў уведзены ў строй напрыканцы снежня і разлічаны на ўтрыманне 288 галоў. У новы “дом” 236 дойных рагуль засяліліся толькі ў мінулую пятніцу. Тут прасторна, утульна, цёпла і светла. Кармамі жывёла таксама забяспечана. Па словах загадчыка фермы Вольгі Бяляўскай, кожная атрымлівае неабходны для зімовага стойлавага перыяду рацыён. Зараз, напрыклад, акрамя сена і іншых інгрэдыентаў, яны з задавальненнем ядуць рапсавую макуху, якую прывозяць з Бабруйскага алеевага завода. Наогул жа пад наглядам 10 мясцовых жывёлаводаў знаходзіцца 565 падапечных, у тым ліку нецелі і каровы, якія вось-вось павінны ацяліцца. Прыкладна 2700 кілаграмаў малака штодня накіроўваецца адсюль у горад. У асноўным — вышэйшым гатункам. А вось сярэднясутачны надой на адну рагулю складае 11,2 літра.
Даільна-малочны блок, куды з кароўніка двойчы на дзень прыходзяць каровы на дойку, абсталяваны па-сучаснаму, што ў многім дазволіла аблегчыць працу даярак. Малако па спецыяльнай трубе адразу трапляе ў халадзільную камеру, прайшоўшы папярэднюю фільтрацыю і працэс перадахалоджвання. Інфармацыя пра аб’ём надоенага малака выводзіцца на манітор.
Бясспрэчна, на аснашчаных новым абсталяваннем фермах праца жывёлавода значна аблегчана, тым не менш чалавечы фактар па-ранейшаму ніхто не выключаў. На комплексе шчыруюць розныя спецыялісты: даглядчыкі, даяркі, аператары па вырошчванні маладняку, асемянатары, заатэхнік, ветурач. І, як адзначыла Вольга Бяляўская, толькі ад агульных намаганняў, якаснага выканання кожным прафесійных абавязкаў і залежыць выніковасць штодзённай цяжкай працы жывёлавода.
На гэтую ж акалічнасць звярнула ўвагу і Ганна Землянухіна, якая шчыра пагутарыла з калектывам МТК “Троіцкае” пра жыццё працаўнікоў сяла, расказала, чым жыве горад і раён, даведалася аб існуючых праблемах працаўнікоў. Адна з іх — адсутнасць на тэрыторыі сельгаспрадпрыемства банкамата. З-за гэтага сяльчане не могуць своечасова зняць з карт-рахунку наяўнасць. Трапіць у горад не заўсёды ёсць магчымасць, ашчадная каса працуе некалькі дзён на тыдзень. Калі ж карыстацца паслугамі пошты, то трэба загадзя папярэдзіць работніка вузла. Дарэчы, вяскоўцы — трымальнікі пластыкавых картак Белаграпрамбанка, які за гэтую аперацыю не бярэ ні капейкі. А хутка сялянам, згодна з Пастановай Саўміна і Нацбанка, якая ўступіла ў дзеянне з пачатку года, будзе дазволена здымаць наяўныя без камісіі ў мясцовай гандлёвай кропцы. Але і тут, думаецца, нюансаў хапае.
Як жа ў цэлым скончыўся год для жывёлаводаў раёна? Пра гэта раскажуць прапанаваныя ніжэй лічбы.
Итоги работы за 2019 год
Сведения о качестве молока, полученного хозяйствами района за 2019 год:
“экстра” — 57,8%;
высший сорт — 24,5%;
І сорт — 17,7%;
содержание жира — 3,7%;
товарность молока — 85,2%
Ніна ВІКТОРЧЫК.
n.viktorchik@gzt-akray.by