Тэхніка сельгаспрадпрыемстваў Асіповіцкага раёна выйшла на сенажаці

Перш за ўсё аграрыі засяродзіліся на нарыхтоўцы сенажу, а ў бліжэйшы час пачнецца кашэнне траў на сена. Па словах галоўнага спецыяліста ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Аляксандра Кавалёва, першым укосам гаспадаркам раёна неабходна ўбраць шматгадовыя травы на плошчы больш за шэсць тысяч гектараў. Каб умацаваць запас кармоў і атрымаць высокапрадукцыйны травастой, адначасова вядзецца перазалужэнне — падсяваюцца травы.
Сёлета асаблівасці надвор’я паўплывалі на ўраджайнасць траў: у параўнанні з мінулымі гадамі яна ніжэйшая, што звязана з майскімі замаразкамі. Тым не менш гаспадаркі задзейнічалі ўсю магчымую тэхніку, а для ўзмацнення сіл да работ далучыліся і два атрады з вобласці, што дазваляе паскорыць тэмпы нарыхтоўкі.
Для забеспячэння бесперапыннага працэсу арганізавана гарачае харчаванне работнікаў. У цэлым за сезон “зялёнага жніва” сельгаспрадпрыемствы павінны цалкам забяспечыць патрэбнасць раёна ў кармах і падрыхтаваць надзейную базу для жывёлагадоўлі на зімовы перыяд.
Наведаўшыся на поле ААТ “Авангард-Ніва”, яшчэ здалёк убачылі кормаўборачныя камбайны, да якіх адзін за адным пад’язджалі МАЗы. Пад першы ўкос тут адведзена 339 га.
— Усяго ў планах гаспадаркі нарыхтаваць 1 318 тон сена і 15 772 тоны сенажу, — кажа галоўны аграном ААТ “Авангард-Ніва” Уладзімір Цалуйка. — Збіраць зялёны ўраджай нашым работнікам дапамагаюць аграрыі ААТ “ЖорнаўкаАГРА” і “Асіповічыаграпрамтэхзабеспячэнне”, а таксама калегі з Круглянскага раёна. Дынаміка работ у корманарыхтоўчых атрадаў высокая, бо стаіць адказная задача — забяспечыць сытую зімоўку пагалоўя.