Шчырая праца прыносіць вынік

Штогод падчас гарачай пары поспехі і дасягненні хлебаробаў, у тым ліку маладых, якія шчыруюць на нівах, раўняючыся на старэйшых і больш вопытных таварышаў, не застаюцца незаўважанымі.
Вось і сёлета маладзёжны экіпаж ААТ “ЖорнаўкаАГРА”, намалот якога значна пераваліў за тысячу тон збожжа, ушаноўвалі першы сакратар РК ГА “БРСМ” Юліяна Вараўко і старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Святлана Сідоранка.
Камбайнер Яўген Чаропка і яго памочнік Арцём Клунко атрымалі ўзнагароды, кветкі, каштоўныя падарункі і знакі пераможцаў, якія заслужана ўпрыгожылі іх камбайн.
Яўген Чаропка родам з Карытнага. Атрымаўшы спецыяльнасць электрагазазваршчыка, уладкаваўся ў СВК “Калгас “Чырвоны ўдарнік”, як раней называлася гаспадарка. Адразу працаваў зваршчыкам, потым — механізатарам, быў памочнікам камбайнера і вось ужо некалькі гадоў сам кіруе магутнай машынай. За плячамі хлебароба сем сезонаў жніва, большасць з якіх адзначана знакам лідарства ў працоўным спаборніцтве.
Арцём Клунко — студэнт Горацкай сельгасакадэміі, таму працаваць можа толькі летам, і гэта ўжо яго трэці запар сезон у гаспадарцы. Але ў тандэме з Яўгенам юнак шчыруе ўпершыню. Што казаць, хлопцы добра спрацаваліся. Абодва імкнуцца да высокіх вынікаў, таму спяшаюцца ў поле як толькі гэтаму спрыяе надвор’е.
Убраць ураджай — справа адна, аднак трэба яго яшчэ і давесці да па-трэбнай якасці. На зернетаку “Лапічы” ААТ “ЖорнаўкаАГРА” збожжа пера-працоўваюць у насенне для ўраджаю наступнага года. І справа гэта няпростая, асабліва ўлічваючы вялікую адказнасць.
Па словах загадчыка зернятока Наталлі Сугака, зерне, якое вадзіцелі прывозяць з палёў, выгружаецца на пляцоўку. Затым яго перавозяць на сушылку, дзе агрэгаты адбіваюць шалупінне і калібруюць збожжа на маленькае, шчуплае і сярэдняе. Пасля сушылкі зерне паступае ў яшчэ адну ачышчальную машыну — “Алмаз”. Тут будучае насенне даводзіцца да кандыцыі — адбіраецца самае вялікае, нябітае, неламанае і нятрэсканае — і адпраўляецца на склад.
Зараз на зернетаку “Лапічы” захоў-ваюцца азімыя ячмень, трыцікале і пшаніца. Свайго часу чакае яравы ячмень. І тут трэба сказаць пра прынцып па-слядоўнасці, які неабходна выконваць, каб пазбегнуць перасорціцы. Пакуль адну культуру не перапрацуюць, за другую не бяруцца. Аднак доўга на скла-дзе насенне не ляжыць. Адразу пасля ўборачнай кампаніі пачынаецца сяўба азімых, і зернейкі зноў кладуцца ў глебу. Дарэчы, насеннем названы зерняток забяспечвае амаль усе гаспадаркі раёна.
Працуе тут падчас сезона 12 чалавек. Штогод уладкоўваюцца школьнікі, іх дапамога вельмі значная: яны падграбаюць рэшткі зерня, якое не ўзяў пагрузчык, і такім чынам захоўваюць каштоўную сыравіну.
Штодзень на зернетаку перапрацоўваецца каля 100 тон збожжа. Лічба ўнушальная. Усё зерне па тэрыторыі перамяшчае вадзіцель Аляксандр Цалко. Працуе ён больш за 30 гадоў, і аб’-ём перавезенага за гэты час нават складана ўявіць. Толькі за бягучы сезон на грузавіку-пяцітонніку Аляксандр Іванавіч перавёз больш за тры тысячы тон збожжа.
Нязменныя памочнікі аграрыяў, канечне, повары. Двойчы ў дзень яны прыязджаюць на зерняток, палі, фермы і іншыя аб’екты гаспадаркі, каб падсілкаваць працаўнікоў смачнымі стравамі. Шчыруюць на кухні тры чалавекі: Людміла Корсук, Іна Гайкевіч і малады спецыяліст Кацярына Лось. Жанчыны завіхаюцца каля пліты з самага ранку, бо ўжо каля 11 гадзін раніцы дзве пакідаюць сталовую і выязджаюць на аб’екты карміць абедам падапечных. Тэрыторыя вялікая, таму вяртаюцца яны няхутка. А ў гэты час загадчык сталовай Кацярына Васільеўна гатуе вячэру. І зноў Іна Мікалаеўна і Людміла Рыгораўна раз’-язджаюцца ў розныя бакі гаспадаркі. Працуюць жанчыны штодзень амаль без выхадных. Вядома — гарачая пара!