Самаходная і прычапная тэхніка ў сельгаспрадпрыемствах раёна ставіцца на доўгатэрміновае захаванне да новага аграрнага сезона

Да наступлення зімы ўсе гаспадаркі ў абавязковым парадку павінны справіцца з пастаўленай задачай. Першымі на Асіповіччыне сёлета заданне выканалі працаўнікі ААТ “Ясеньскае”.
— На кожную адзінку тэхнікі, а іх у нас больш за тры дзясяткі, спачатку складаецца дэфектовачны акт, — расказвае галоўны інжынер прадпрыемства Леанід Піскун. — Затым усе трактары, камбайны, прычапныя агрэгаты патрабавалася ачысціць ад бруду, памыць, пры неабходнасці пафарбаваць, абавязкова змазаць усе элементы, якія могуць быць падвержаны карозіі, абцягнуць стрэйч-плёнкай механізмы, пабяліць колы. Словам, зрабіць так, каб парк перазімаваў без негатыўных для яго далейшай работы наступстваў. Парадкавалі тэхніку на працягу некалькіх тыдняў, працавала над гэтым пяць чалавек, у тым ліку маладыя спецыялісты. Дарэчы, некалькі хлопцаў пайшлі нядаўна ў армію. Чакаем вяртання! Ну а механізмы на працягу зімы будуць паступова рамантавацца ў майстэрні, план-графік ужо складзены.
— Уся тэхніка, якая зараз не задзейнічана на палях, кансервуецца на зіму. Любы гаспадар ведае, што гэты працэс дае шэраг пераваг у далейшай яе эксплуатацыі: даўгавечнасць, мінімізацыю прастояў у час работы, зніжэнне выдаткаў на запчасткі і сэрвіс, — падзяліўся інфармацыяй галоўны дзяржаўны інспектар упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Мікалай Саковіч. — Зараз праходзіць маніторынг, прычым звяртаем увагу і на добраўпарадкаванне тэрыторый машынных двароў, і на гатоўнасць рамонтных майстэрняў да работы ў зімовых умовах.