Рассказываем о молодой семье, которая работает на МТФ в Осиповичском районе

Сельская гаспадарка
Жывёлагадоўля — справа сямейная
Ці шмат людзей, якія выраслі ў горадзе і пра сельскае жыццё ведаюць толькі дзякуючы візітам да бабулі ці іншых родзічаў, адважацца перайсці на “сельскі хлеб”? Напэўна, адзінкі. Сярод іх Вераніка і Алег Грыгор’евы, якія тры гады таму змянілі горад на вёску.
Маладая сям’я працуе на МТФ № 9 “Каменічы” КСУП “Вязаўніца-Агра”.
— З жонкай пазнаёміліся яшчэ ў школе, — расказвае Алег. — Потым, калі вучыўся ў каледжы, то прыязджаў, каб сустрэцца з любімай дзяўчынай. Атрымаўшы спецыяльнасць “кіраванне ў аграпрамысловым комплексе”, працаваў па размеркаванні ў Акцябрскім раёне. Але гэта далёка, таму вырашыў вярнуцца ў родны горад. Аднак работу знайшоў толькі на АЗАА. На той час мы з Веранікай ужо мелі трох дзяцей. Свайго жылля не было, прыходзілася здымаць кватэру. Канечне, такія ўмовы нам не падабаліся. Калі ж даведалі–ся пра магчымасць пераехаць у населены пункт пры падтрымцы дзяржавы, адразу ўхапіліся за гэту ідэю і не пашкадавалі. Уладкаваліся ў гаспадарку, атрымалі дом, па праграме пераезду з горада ў вёску нам выплацілі пад’ёмныя. Дарэчы, усе ўмовы для маладой сям’і. У мяне ўжо быў вопыт работы ў сельгаспрадпрыемстве, а вось жонцы прыйшлося вучыцца на месцы.
Вераніка працуе цялятніцай. Справа, безумоўна, вельмі ня-простая, і адразу было цяжкавата. Але жанчына даволі хутка знайшла агульную мову са сваімі падапечнымі.
— Яны ж як дзеці, — гаворыць субяседніца. — Такія ж някемлівыя. Таксама патрабуюць увагі, ласкі і пяшчоты. У кожнага свой нораў. Але калі любіш жывёлу, то і яна да цябе цягнецца. Гадаваць цялятак — справа не толькі адказная, але і амаль кругласутачная, бо даглядаць жывую істоту трэба пастаянна. Мабыць, гэта адна з прычын, чаму ў нас не атрымліваецца завесці сваю хатнюю жывёлу: на яе хутчэй за ўсё часу не будзе. Аднак, калі дзеці падрастуць, абавязкова набудзем.
Алег Юр’евіч прыйшоў у гаспадарку на пасаду інжынера па працаёмкіх працэсах, а летась стаў загадчыкам фермы.
— Такая праца была ў навіну, — дзеліцца ўражаннем мужчына. — Гэта ж зусім іншы цяжар адказнасці і справаздачнасць. Але паволі ўвайшоў у курс спраў. Што тычыцца работы побач з жонкай, дык тут мы стараемся падтрымліваць зносіны “кіраўнік–падначалены”, не пераносіць асабістае ў працу.
Дарэчы, маладой сям’і жыццё на пераферыі падабаецца: побач сад і школа, работа, фельчар, можна сказаць, сямейны. Але больш за ўсё цэняць спакой і навакольныя краявіды.
— Адсюль мы дакладна нікуды не паедзем, — гаворыць галава сямейства, — ужо аселі і пусцілі трывалыя карані. Дзецям таксама вельмі падабаецца жыццё ў вёсцы. Тут і лес побач, хочаш — ягады, хочаш — грыбы, ці так на прыродзе прайсціся. Увогуле, дом ніколі не параўнаць з кватэрай. Дзве дачкі ходзяць у школу, а сынок — у дзіцячы сад. Ва ўсіх шмат сяброў, калі сустракаюцца, дык ёсць дзе разгуляцца.
Акрамя агульнай працы, у маладой сям’і ёсць і любімы занятак — хадзьба на лыжах. Яшчэ Алег займаўся шахматамі і шашкамі, а Вераніка вельмі добра малюе.
Колькасць жадаючых змяніць гарадскую прапіску на вясковую невялікая, але менавіта такія людзі адраджаюць малыя населеныя пункты. Нездарма гавораць: “Мой дом там, дзе мая сям’я”.