Примерная сельскохозяйственная семья из Жорновки

Яўгеній + Яўгенія = шчаслівая сям’я
807 т зерня на ўмоўны камбайн намалаціў у гэтым сезоне экіпаж у складзе старшага камбайнера Яўгенія Чаропкі і камбайнера Кірыла Цяслёнка з ААТ “ЖорнаўкаАгра”. Гэта лепшы паказчык сярод маладзёжных экіпажаў у раёне. Але не асабісты рэкорд Яўгенія. Ён успамінае гады, калі намалочваў і 1100-1200 т. Вынік, лічыць ён, залежыць ад многіх абставін, і не толькі суб’ектыўных: ураджайнасць і стан камбайна адыгрываюць не апошнюю ролю. Яго машына адпрацавала ўжо 9 уборачных, а таму здараецца рознае. А яшчэ мае значэнне, якія культуры ўбіраюць. Найбольшую важкасць маюць пшаніца і трыцікале, абмалочваць якія камбайнерам, зразумела, заўсёды больш даспадобы, у адрозненне, напрыклад, ад больш лёгкіх жыта ды аўса.
Яўгеній адпрацаваў ужо не адно жніво. З 2009 года некалькі сезонаў быў памочнікам, а праз тры гады ўпершыню сеў за руль камбайна і павёў яго па жорнаўскіх палях. З тых пор удзельнічае ў кожнай ўборачнай.
У астатні ж час працуе трактарыстам. Пасля заканчэння школы атрымаў ў мясцовым каледжы, тады ліцэі, спецыяльнасць зваршчыка, а потым вывучыўся яшчэ і на трактарыста. І з тых пор займаецца любімай справай. Дарэчы, да гэтага транспарт-нага сродку прызвычаіўся яшчэ ў дзяцінстве, бегаючы да бацькі.
Жэня ж вырасла ў горадзе. З дзяцінства любіла кошак, сабак і розную іншую жыўнасць, таму заканамерным крокам стала атрыманне спецыяльнасці ветэрынарнага ўрача. Канечне, яшчэ да паступлення ў акадэмію зразумела, што людзі яе прафесіі лечаць не толькі абаяльных кацянят і шчанят, але і куды больш сур’ёзных пацыентаў: коней, кароў і свіней. Толькі гэта не напужала дзяўчыну. Інтарэс да ветэрынарыі быў, а разам з ім і жаданне ўсяму навучыцца. Таму пасля атрымання дыплома вырашыла ехаць у вёску. Бацькі не адгаворвалі, тата нават дапамог выбраць, у якую гаспадарку адправіцца на першае рабочае месца. І гэты выбар стаў лёсавызначальным: там Яўгенія сустрэла свайго Яўгенія. Атрымалі маладыя жыллё ад сельгаспрадпрыемства. І стварылі дружную сям’ю, у якой падрастаюць тры хлопчыкі, а зараз усе разам чакаюць з’яўлення на свет маленькай дачушкі і сястрычкі.
Работа Яўгеніі не з лёгкіх. Яна ветурач-гінеколаг, адказвае за прырост статку. А ён немаленькі: каля 1 700 галоў, з якіх 1 452 — дойныя. Здавалася б, прымай на свет цялят ды радуйся, але не так усё проста. У кароў шмат розных хвароб і станаў, у якіх неабходна кваліфікаваная дапамога. Сцельныя жывёліны знаходзяцца пад назіраннем, пасля ацёлу таксама трэба кантраляваць іх стан. Вядуць прафілактыку бясплоднасці, сочаць за своечасовым апладненнем кароў, прымаюць меры па павялічэнні прадуктыўнасці статку. Жанчына ўжо прывыкла, што яе нават ноччу могуць падняць з ложка, калі ў якой жывёліны паталагічны ацёл і неабходна тэрміновая дапамога.
Гэтай сям’ёй ганарацца ў Жорнаўцы: кваліфікаваныя спецыялісты, добрыя гаспадары, цудоўныя бацькі. Сённяшнім вёскам вельмі не хапае такіх!