Прафесію ветэрынарнага ўрача Марына Мазур абрала невыпадкова

Дыягнастычнай лабараторыяй раённай ветэрынарнай станцыі за дзевяць месяцаў года праведзена біяхімічных даследаванняў крыві 119%, хіміка-таксікалагічных даследаванняў кармоў 103% адносна да аналагічнага перыяду мінулага года.
Прафесію ветэрынарнага ўрача Марына Мазур абрала невыпадкова. Са школьных гадоў юная жыхарка Дараганава бегала на ферму да матулі, назірала, як тая лечыць жывёлу, і марыла ў будучым далучыцца да гэтай цікавай і карыснай справы.
Жаданне было такім вялікім, што дзяўчына пасля школы пайшла працаваць у раённую ветэрынарную станцыю, спачатку прыбіральшчыцай, а затым лабарантам. Паралельна вучылася ў Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. А ў 2002 г. была назначана ветурачом хіміка-таксікалагічнага аддзела. На гэтай пасадзе і працуе амаль чвэрць веку.
Марына Рыгораўна займаецца біяхімічным даследаваннем кармоў і крыві буйной рагатай жывёлы, для чаго амаль штодзённа выязджае на фермы і жывёлагадоўчыя комплексы.
Пры ацэнцы пажыўнай каштоўнасці, бяспекі і збалансаванасці сена, сенажу, сіласу ўлічваюцца арганалептычныя паказчыкі і паказчыкі якасці і бяспекі кармоў. Нават знешні выгляд кармоў шмат аб чым можа расказаць, але большасць паказчыкаў усё ж вызначаецца з дапамогай спецыяльных даследаванняў. А гэта ўжо работа з колбамі і прабіркамі ў лабараторыі.
Там жа праводзіцца і біяхімічны аналіз крыві кароў і цялят. Яе забор вядуць ветурачы сельгаспрадпрыемстваў, яны ж і дастаўляюць штатывы з жыццёва важнай тканкай у ветстанцыю. А Марына Рыгораўна з лабарантам Вольгай Юдзінай вывучаюць яе састаў. Пад кантролем знаходзяцца абмен рэчываў, узровень кальцыю, фосфару, глюкозы, караціну, імунаглабуліны, шчолачнасць. На аснове праведзенага аналізу загадчыкам ферм даюцца рэкамендацыі, накіраваныя на збалансаванасць харчавання.
Першыя месяцы жыцця аналізуецца кроў усіх цялят, а вось дарослыя жывёлы праходзяць “дыспансерызацыю” па чарзе. Аднаразова з фермы забіраецца проба крыві дзесяці працэнтаў рагуль. Гэта дазваляе спецыялістам своечасова выявіць парушэнні здароўя і прадухіліць развіццё хвароб усяго статка.
Даволі ўнушальны вопыт работы, новыя прыборы і абсталяванне, дастатковая колькасць рэактываў — усё садзейнічае эфектыўнасці работы ўрача дыягнастычнай лабараторыі. А яшчэ важнымі матыватарамі для яе з’яўляюцца сын, дачка і двое ўнукаў, якія ганарацца родным чалавекам і яе справай. А гэта, бадай, самая важная ўзнагарода.
Іна Заскевіч