Новае сельгас- прадпрыемства дзейнічае на Асіповіччыне

ААТ “Сельгасінвест” — прадпрыемства на Асіповіччыне новае, зарэгістравана ў раёне ў чэрвені. Асноўным відам яго дзейнасці вызначана вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі, і таварыства, якое ўжо мае немалы аграрны вопыт у адным з рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі, актыўна прыступіла да рэалізацыі свайго бізнес-праекта на нашых землях.
Да атрыманых у арэнду 2,5 тысячы гектараў з былых надзелаў ААТ “Заходні-Агра” тут адразу аднесліся з належнай увагай, і няма сумнення, што “Сельгасінвест” дакладна ведае, як эфектыўна распарадзіцца зямельнымі рэсурсамі. Прадпрыемства мае намер на наступны год зрабіць адчувальны ўнёсак у сельскагаспадарчы вал раёна, вырасціўшы 2,5 тысячы тон збожжа, 5 тысяч — зерня кукурузы, 45-50 тысяч тон цукровых буракоў.
Напрыканцы верасня пасеяна элітным насеннем 400 гектараў азімай пшаніцы. У поўным аб’ёме былі выкананы падрыхтоўчыя работы: глеба апрацавана гербіцыдамі суцэльнага дзеяння, унесена даламітавая мука для раскіслення глебы, дадзены фосфарныя і калійныя ўдабрэнні.
Зараз ідзе падрыхтоўка ўчасткаў пад сяўбу 2017 года цукровых буракоў. Не сакрэт, што з восені запраўляць зямлю больш мэтазгодна — вясною насенне ляжа ў багатую спажыўнымі рэчывамі глебу. Пад салодкія караняплоды “Сельгасінвест” збіраецца аддаць 1000 гектараў.
Прадпрыемства для выканання запланаванага мае ўсю неабходную тэхніку: трактары з шырокімі магчымасцямі работы з розным прычапным інструментам і ўсялякім навясным абсталяваннем, дыскатары, раскідвальнікі ўдабрэнняў і іншае. У хуткім часе чакаецца паступленне абаротных плугоў, найсучаснейшых апырсквальнікаў. Захоўваецца тэхніка на частцы мехдвара ААТ “Заходні-Агра” — на гэты конт таксама заключаны дагавор арэнды.
Чаму прадпрыемства са 100-працэнтным расійскім капіталам выбрала менавіта Асіповіччыну? Дырэктар таварыства Антон Касынкін абгрунтоўвае такое рашэнне проста: спрыяльны інвестыцыйны клімат, прадукцыйнае ўзаемадзеянне з раённымі ўладамі, высокі ўзровень кадравага патэнцыялу.
— Нягледзячы на тое, што ў арэнду дасталася дастаткова складаная зямля, за кошт строгага выканання агратэхнікі, навуковага падыходу да справы, работы з высакаякасным насеннем спадзяёмся атрымаць добрыя вынікі, — падзяліўся разважаннямі Антон Валер’евіч. — Ну а выкарыстанне тэхнічных навінак з навігацыйным начыннем дасць магчымасць укараніць сістэму дакладнага земляробства, дзе механізатар будзе мець толькі ролю інжынера, які сочыць за выкананнем работ тэхнікай. Словам, земляробства па-новаму — рэч цікавая.
Безумоўна, ад дзейнасці “Сельгасінвеста” толькі плюсы і раёну: падмога ў атрыманні прадукцыі раслінаводства, рабочыя месцы (з 8 працаўнікоў таварыства 5 — жыхары Асіповіччыны), ды і падаткі ідуць у мясцовую казну. Супрацоўніцтва і павінна быць агульнавыгадным!