На Осиповщине активно ведется уборка сахарной свеклы

Сельская гаспадарка
Час буракоў
У гаспадарках раёна пачалася ўборка салодкіх караняплодаў
Іна Заскевіч.
i.zaskevich@gzt-akray.by
Верасень — пара масавай уборкі ўраджаю. Бульбу дбайныя гаспадары ўжо выкапалі, чарга за буракамі ды морквай. І калі ва ўласным агародчыку можна не спяшацца, то сельгаспрадпрыемствы, пасяўныя плошчы якіх значна адрозніваюцца ад прыватных надзелаў, ужо 2 тыдні як прыступілі да ўборкі “салодкіх” палёў.
Да слова, на Асіповіччыне цукровыя буракі займаюць немалую тэрыторыю — 853 га. Дарэчы, на ўчарашні дзень караняплоды былі ўбраны ўжо на плошчы 113 га (13% да плана). Акрамя таго, арыенцір на цукровыя буракі робяць і прыватныя фермерскія гаспадаркі, таму на буракапрыёмным пункце зараз горача. Гужам плывуць машыны, гружаныя ёмістымі буракамі. Іх трэба паспяваць своечасова разгружаць, буртаваць, а затым грузіць у вагоны і адпраўляць на далейшую перапрацоўку.
І хоць ураджай сёлета не назавеш рэкордным, што абумоўлена асаблівасцямі надвор’я — летняя гарачыня і суш сыгралі сваю ролю, — але калектыў пункта робіць усё, каб адно з буйнейшых прадпрыемстваў харчовай прамысловасці краіны Слуцкі цукроварафінадны камбінат было забяспечана якаснай прадукцыяй. Нездарма на восеньскія месяцы калектыў традыцыйна папоўніўся сезоннымі работнікамі.
Першымі з асіповіцкіх аграрыяў буракі сталі прывозіць “Вязаўніца-агра” і “АграАўтаНова”. Здаюць вырашчанае і сельгаспрадпрыемствы суседніх Бабруйскага, Кіраўскага, Пухавіцкага раёнаў.
На прадпрыемстве задзейнічана магутная тэхніка: 3 амкадоры, МАЗ, 3 буртаўкладачныя машыны Не першы год працуюць тут машыністы БУМа Пётр Барысік, Дзмітрый Гацман, Сяргей Мадаў, вадзіцель пагрузчыка Генадзь Новік, буртаўкладчык Надзея Брыткевіч. Кожны з іх добра ведае сваю справу.
Напрыклад, Надзея Анатольеўна ўжо многа гадоў адсочвае якасць буракоў, сарціруе, куды якую машыну выгрузіць, кантралюе своечасовую пагрузку ў чыгуначныя вагоны. Расказвае, што ў караняплодзе павінна ўтрымоўвацца не менш за 16% цукру, гэты паказчык залежыць ад многіх умоў вырошчвання.
Дарэчы, апошнія некалькі гадоў, пасля таго, як работа буртаўкладчыкаў і вагаўшчыкоў была аўтаматызавана, не ўзнікае ніякіх разнагалоссяў паміж імі і вадзіцелямі: усю інфармацыю пра прадукцыю выдае камп’ютар, пазнаёміцца з ёй можна з дапамогай спецыяльнай карткі-счытвальніка.
З 5 кастрычніка прадукцыя закладваецца на склад на захоўванне. Наогул жа прыём вядзецца амаль да снежня. Потым буракі паступова адгружаюцца і накіроўваюцца на перапрацоўку, тэрыторыя прыводзіцца ў парадак, тэхніка рамантуецца, а калектыў чакае новага ўраджаю.