На базе ААТ “ЖорнаўкаАГРА” прайшоў семінар-вучоба на тэму “Вакцынацыя цельнага сухастойнага пагалоўя і маладняку буйной рагатай жывёлы”

Прысутнічалі на сустрэчы галоўныя заатэхнікі, ветурачы, фельчары, а таксама тэхнікі-асемянатары сельгаспрадпрыемстваў раёна. Удзел у мерапрыемстве прынялі старшы інспектар упраўлення ветэрынарыі аблсельгасхарчу Таццяна Шляхоўская, намеснік дырэктара Магілёўскай абласной ветэрынарнай лабараторыі Міхаіл Лусцянкоў.
Таццяна Шляхоўская расказала аб біялагічнай абароне аб’ектаў жывёлагадоўлі ад асабліва небяспечных захворванняў, акцэнтавала ўвагу на абавязковым агароджванні ферм, дэзбар’ерах, дэзпадушках, таксама закранула індывідуальныя сродкі абароны працаўнікоў.
Міхаіл Лусцянкоў падрабязна спыніўся на пытаннях вакцынацыі маладняку буйной рагатай жывёлы і цельных кароў. На канкрэтных прыкладах разам са спецыялістамі разабралі, як распазнаць тую ці іншую хваробу, якія меры неабходна прымаць для лячэння БРЖ.
Дапоўніў тэарэтычную частку практычны блок. Намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Алена Кадуш давяла інфармацыю па наяўнасці вакцыны, яе захаванні, выкарыстанні і арганізацыі ўліку ў гаспадарках. Асаблівую ўвагу надалі праблемным пытанням вакцынацыі. Былі прааналізаваны канкрэтныя прыклады ў сельгаспрадпрыемствах раёна, якія праілюстравалі, што адсутнасць вакцынацыі мае рознабаковы адмоўны ўплыў, якога можна і патрэбна пазбегнуць.
Вялікая роля ў эфектыўнасці вакцынацыі належыць тэхнікам-асемянатарам. Ад іх добрасумленнага вядзення журналаў 10-МОЛ, састаўлення графіку запуску і ацёлаў жывёлы залежаць паўнавартаснасць вакцынацыі жывёлы і будучая прадукцыйнасць БРЖ.
Вынікам семінара сталі канкрэтныя рэкамендацыі. Вырашана, што тэхнікі-асемянатары павінны ў абавязковым парадку падаваць спісы ветэрынарам для вакцынацыі і загадчыкам ферм — для своечасовага запуску жывёлы, каб не страчвалася малочнасць кароў. Устаноўлена і сапраўдная прычына хібаў у рабоце — адсутнасць узгодненасці ў дзеяннях. Алена Кадуш выказала спадзяванне, што цяпер усе звёны будуць дзейнічаць зладжана, што павінна прывесці да павышэння агульнай эфектыўнасці ў рабоце ферм.