На ўсе рукі майстры

Падчас наведвання ААТ “ЖорнаўкаАгра” карэспандэнты раёнкі сустрэлі будаўнічую брыгаду. Мужчыны высякалі хмызняк і спілоўвалі дрэвы, якія выраслі на краі поля. Адна справа — “два зайцы”: дровы на зіму і новыя плошчы ў севазварот. Добры прыклад гаспадарскага падыходу. Зацікавіліся, вырашылі даведацца пра сферу дзейнасці будаўнікоў на сельгаспрадпрыемстве.
Шмат аб’ектаў у гаспадарцы, дзе запатрабаваны рукі дзвюх мясцовых будаўнічых брыгад пад кіраўніцтвам прарабаў Сяргея Максімюка і Савы Якубоўскага. Іх сукупны асабовы састаў — сем чалавек. Працуюць амаль усе мясцовыя, жыхары бліжэйшых вёсак. Ёсць малады спецыяліст і студэнт, які прыйшоў на практыку. І няхай гэта зусім невялікае звяно, тым не менш важнасць яго для гаспадаркі вялікая.
— Сама назва нашых работнікаў ёмістая, — расказвае Сяргей Пятровіч, — таму і займацца прыходзіцца шмат чым. Зімой праводзім рамонт унутры кароўнікаў, цялятнікаў, робім кармушкі і паілкі, яслі. Летась на “Троіцкім” зрабілі прафілакторый для цялят, паставілі домікі для іх. Хоць нас няшмат, але аб’ём работ выконваем істотны, ды і геаграфія даволі шырокая. Спраў у будаўнікоў хапае круглы год. Да таго ж выконваем некаторыя работы паляводаў: рыхтуем сянажныя і сіласныя траншэі і “запячатваем” іх, захоўваючы тэхналогію. Для сямі чалавек, канечне, нагрузка вялікая. А пасля далучэння ААТ “Асіповічыаграпрамтэхзабеспячэнне” клопатаў стала ўдвая больш. Людзі ў нас працавітыя, адказныя. Іншых не трымаем. Тут жа неабходна не толькі валодаць інструментам, але і мець гаспадарчыя здольнасці, ды і працоўную дысцыпліну паважаць.
* * *
У іншых гаспадарках таксама ёсць работнікі на ўсе рукі. Так, у дзяржаўным прадпрыемстве “Вязаўніца-Агра” працуюць 14 сталяроў і цесляроў. Акрамя 21 аб’екта жывёлагадоўлі, яны абслугоўваюць збудаванні на машынных дварах, зернетаках, сушыльныя комплексы, складскія памяшканні і іншыя. Па словах прараба Вячаслава Крылова, зараз сілы кінуты на добраўпарадкаванне тэрыторыі, рамонт выгульных двароў, усё па гаспадарчай частцы. На такую працу людзі не рвуцца: цяжка, ды і ўмовы залежаць ад надвор’я. Таму нярэдка паспытаўшы гэтага хлеба, шукаюць іншую работу. Тэрыторыя абслугоўвання вельмі вялікая, некаторыя аб’екты знаходзяцца за 40 кіламетраў адзін ад аднаго. Летам добра дапамагаюць будаўнікам студатрады.
Любое сельгаспрадпрыемства выігрывае, калі ў яго ёсць свая будаўнічая брыгада, якая займаецца капітальным і бягучым рамонтамі. Выкананне работ гаспадарчым спосабам і танней, і больш выгадна. Але, як казалі раней, за такую працу не кожны возьмецца…