Легко ли быть фермером?

Ёсць меркаванне
Фермерства: плюсы і перашкоды
Аб тым, як быў абраны шлях “вольнага земляробства” і што самае цікавае ў гэтай няпростай справе, гутарылі напярэдадні свята працаўнікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу з прадстаўнікамі асіповіцкай фермерскай кагорты.
Генадзь Вішнякоў, СФГ “АграАўтаНова”:
— Зараз маю ўжо салідны фермерскі стаж — паўтара дзясятка гадоў. Калі пачынаў, быў больш спрыяльны перыяд для развіцця гэтай формы гаспадарання. Напрыклад, тую ж тэхніку без праблем можна было ўзяць у лізінг. Цяпер створаны 2 гаспадаркі, якія прымыкаюць адна да адной на мяжы нашага і Пухавіцкага раёнаў. Распачынаў якраз з асіповіцкай “АграАўтаНовы”, са 100 гектараў зямлі. Сёння абедзве СФГ у агульным займаюць 4 тысячы гектараў, а працуе тут каля трыццаці чалавек, дзве трэці з якіх — пастаянныя работнікі.
Ужо валодаю добрым арсеналам сельскагаспадарчай тэхнікі. Толькі сёлета, напрыклад, набыў самаходны апырсквальнік і энерганасычаны трактар “Беларус-3522”. Як і раней, любімай культурай застаюцца цукровыя буракі. У гэтым сезоне караня- плоды нядрэнна ўрадзілі: па 500-600 цэнтнераў з гектара, а ўсяго з абедзвюх гаспадарак атрымана 30 тысяч тон. Усё б добра, але зноў знізілася цана на сыравіну, што, у сваю чаргу, звязана з леташнім неўраджаем культуры ў Расіі, калі кошт на яе быў узняты.
За час фермерства спазнаў, мабыць, усе сакрэты вырошчвання важкага бурака. Ды і работы з зямлёю ўвогуле. Каб стаць фермерам, трэба мець не толькі вялікае і непарушнае жаданне, але і рознабаковыя магчымасці. Ну і плюс проста павінна шанцаваць. Калі вы настроены шмат працаваць і гатовы не толькі да поспеху, але і шматлікіх перашкод на шляху да яго, чаму б і не рызыкнуць?
Ірына Гутнік, падворак “Шыпы”:
— Знаходзімся мы на самай мяжы з Бабруйскім раёнам. Раней у Шыпах быў населены пункт, цяпер жа засталося толькі некалькі дрэў. Гэта побач з Сухлавам. У фермерскай справе навічкі — з 2016 года. Распачыналі з грэчкі. Культура вырошчваецца і як самастойная, і падыходзіць у якасці сідэрату. Усяго маем 157 гектараў зямлі, з якіх 40 — ворыва.
У тым, што фермерства — справа няпростая, пераконваліся ўжо неаднаразова. Напрыклад, сёлета вырасцілі каля 50 тон грэчкі, а здаць яе не было куды. Нарэшце дамовіліся з перапрацоўшчыкам у Гомелі, будзем мець каля 15 тон крупаў. Цяпер трэба думаць, як гэты здабытак рэалізаваць. Звярталіся ў райсельгасхарч з просьбай уключыць нашу гаспадарку ў дзяржзаказ — абяцалі пасадзейнічаць. Спадзяёмся, што атрымаецца, гэта будзе сапраўдная падмога.
У пэўным сэнсе пашанцавала: калі ліквідавалася ААТ “Заходні-Агра”, набылі ў лізінг камбайн КЗС-10. Раз будзе такая тэхніка, значыць, трэба больш зямлі. Цяпер трэба думаць, як вырашыць гэта пытанне. Словам, пакуль клопатаў больш, чым даходаў. Але да гэтага, ва ўсялякім разе ў тры першыя гады станаўлення гаспадаркі, трэба быць гатовым.
Відавочна, выгадна заняцца жывёлагадоўляй, аднак для пачатку трэба хаця б мець электрычнасць, якой у Шыпах пакуль няма. Нядаўна ў ходзе наведвання прадпрыемства “Віцебскі футравы камбінат” Кіраўнік дзяржавы даў даручэнне аб развіцці ў краіне авечкагадоўлі — магчыма, гэта пасадзейнічае рэалізацыі і нашых планаў. Гатовы развівацца і ісці наперад!
