Колькі разоў за свой сельскагаспадарчы шлях, які распачаўся ў 1998 годзе, бываў на палях галоўны аграном ААТ “ВязаўніцаАгра” Юрый Сычэвіч, падлічыць немагчыма

Наўрад ці знойдзецца чалавек, які, праходзячы міма жытнёвага поля, не сарве хоць адзін каласок. Ну, калі не сарве, дык хоць правядзе рукою па тугіх гнуткіх сцяблінах. Гэты інтуітыўны парыў цяжка растлумачыць — проста хочацца дакрануцца, адчуць асаблівую энергію, сабраную зярнятамі ад ранішніх рос, ветру і сонца. А яшчэ лепш – паспрабаваць зярнятка на смак…
Гэта ўсё лірыка. А ў рэчаіснасці часцей за іншых трымае каласы ў руках, як ні круці, аграном. І, безумоўна, не толькі з мэтай адчуць душэўнае захапленне, а каб ацаніць канкрэтную культуру, прыняць рашэнне па далейшых дзеяннях. Колькі разоў за свой сельскагаспадарчы шлях, які распачаўся ў 1998 годзе, бываў на палях галоўны аграном ААТ “ВязаўніцаАгра” Юрый Сычэвіч, пад-лічыць немагчыма: кожны дзень і шматкратна. І сёння багаты вопыт у агранаміі дазваляе мець добрыя здабыткі ад палёў.
— Спісваць усялякія няўдачы на пабочныя фактары не асабліва люблю, бо адчуваю асабістую адказнасць за канчатковы вынік, — дзеліцца Юрый Іванавіч. — Аднак і ўплыў прыродных фактараў нельга не браць у разлік. Напрыклад, сёлета пасеялі кукурузу раней, чым іншыя гаспадаркі, спадзеючыся, што культура добра ўродзіць. А потым дапамагалі калегам. Адбылося так, што нашы пасевы прыхапіла майскімі замаразкамі, а ў сусе-дзяў “царыца палёў” выйшла лепшай. Такі вось атрымаўся парадокс.
Сёлетні сезон паказаў, што не асабліва мэтазгодна нам сеяць азімы ячмень, таму будзем паступова скарачаць яго плошчы. А вось пшаніца стабільна дае нядрэнныя намалоты і апраўдвае прыкладзеныя намаганні. На яе і будуць стаўкі. Увогуле, асаблівых сакрэтаў па вырошчванні культур няма: выконваць усе аперацыі ў аптымальныя тэрміны, захоўваючы тэхналогію. І, зразумела, каб папярэдне зямля была апрацавана належным чынам і пад-кормлена ўдабрэннямі.
Безумоўна, вырошчванне ўраджаю — справа камандная. Вялікі дзякуй за шчырую працу Алегу Аліноўскаму, Паўлу Грыцкевічу, Юрыю Еўдакімовічу. Кожны год прыходзіць на дапамогу гаспадарцы ў гарачую пару Уладзімір Крэпскі, асноўнае месца работы якога — чыгунка. Добра спрацавалі таксама вадзіцелі Раман Іўчык, Іван Жуковіч, Аляксандр Чыгілейчык і іншыя.
…Думкі пра поле ў галоўнага агранома заўсёды — хоць летам, хоць зімою. І кожны раз бліжэй да вясны паступова нараджаецца ўнутранае хваляванне і ў поле проста цягне: як перазімавалі культуры, наколькі ўвільготнена глеба, калі выводзіць трактары на яравы клін? І Юрыю Сычэвічу гэты сардэчны неспакой даспадобы.
