«АграАўтаНова» — адзіны пастаўшчык цукровых буракоў у Асіповіцкім раёне

Фатаграфія выкарыстана ў якасці ілюстрацыі
Сялянска-фермерская гаспадарка «АграАўтаНова» пад кіраўніцтвам Генадзя Вішнякова не першы год у ліку лідараў па вырошчванні сельгаскультур. Прычым “АграАўтаНова” стала адзіным у раёне пастаўшчыком цукровых буракоў.
— Мы таксама вырошчваем пшаніцу і кукурузу на зерне, але менавіта рапс і буракі паказалі лепшы вынік, — з гонарам адзначае Генадзь Іванавіч. — Сёлета ў сярэднім з гектара атрымалі 40-50 цэнтнераў рапсу. Агульная колькасць сабранага збожжа склала каля дзвюх тысяч тон. Нарыхтоўка буракоў яшчэ працягваецца. Плануецца завяршыць сезон з выніковым паказчыкам у 15-17 тысяч тон.
Каб дамагчыся такіх па-сапраўднаму ўражваючых вынікаў, з зямлёй неабходна працаваць рупліва і з розумам. І ў “АграАўтаНова” ў гэтым разбіраюцца: тэрыторыі, якія належаць гаспадарцы, засяваюцца ў залежнасці ад правілаў вырошчвання пэўнай культуры, палі каля аграгарадкоў Жорнаўка і Карытнае падзелены паміж рапсам, кукурузай і бураком. Гэта дазваляе эфектыўна выкарыстоўваць рэсурсы і аптымізаваць ураджай.
— Асаблівую ролю адыгрываюць відавочныя кожнаму аграрыю моманты: тэрміны пасеву і ўборкі, функцыянальная і спраўная тэхніка, унясенне разнастайных падкормак і апрацоўка, — тлумачыць
фермер. — Многае залежыць і ад умоў надвор’я. Напрыклад, для рапсу сёлета яно было ў цэлым спрыяльнае, лепшым, чым летась. Карэктывы ўнесла жнівеньская засуха: яна адмоўна адбілася на ўраджайнасці буракоў.
Ганарыцца Генадзь Вішнякоў не толькі паказчыкамі, але і зладжаным калектывам. Каманда “АграАўтаНова” складаецца выключна з пастаянных работнікаў. Кіраўнік падкрэслівае, што менавіта іх граматная, якасная праца стала падмуркам поспеху.
Вытворчасць расліннай прадукцыі — гэта пастаянны паток задач, які патрабуе неадкладнага рашэння. Таму Дажынкі для кожнага аграрыя азначаюць магчымасць выдыхнуць і распрацаваць алгарытм дзеянняў на наступны сезон.
— Задумак шмат, — усміхаецца Генадзь Іванавіч. — У планах пашырэнне плошчаў пад буракі і рапс, пасадка кукурузы на зерне. Акрамя гэтага, мы збіраемся пабудаваць новую вялікую сушылку ў Карытным, што дазволіць палепшыць апрацоўку сабранага ўраджаю.
Як бачым, знаходзячыся ў атмасферы пастаянных выклікаў і перамен, “АграАўтаНова” дэманструе ўпартасць і гатоўнасць рухацца наперад. Такі настрой дазваляе прадпрыемству заставацца адной з вядучых фермерскіх гаспадарак раёна.
Ганна Сабела
