Аб ходзе спраў на асіповіцкіх палетках расказаў намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Сяргей Сідоранка

Дажынкі — гэта не проста свята. Гэта асаблівы час, каб падвесці вынікі зробленага за сезон і задумацца аб планах
Якраз той выпадак, калі завяршэнне справы становіцца асновай для новага пачатку. У гэтым, мабыць, і прывабнасць сельскай працы — у непарыўнасці працэсу, а таксама ў тым, што кожны новы сезон актывуе матрыцу новых магчымасцяў і спадзяванняў.
Напярэдадні раённага фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі аб ходзе спраў на асіповіцкіх палетках расказаў намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Сяргей Сідоранка:
— Наш профіль заставаўся такім жа, як і ў ранейшыя гады, — вытворчасць збожжа і зернебабовых культур, кукурузы. Зразумела, хлебу заўсёды надаецца асаблівая ўвага. Здабыткі сёлета маем такія: валавы збор збожжа — 16 200 тон, што складае 125,7% да леташняга ўзроўню. Сярэднераённая ўраджайнасць — 20,7 цэнтнера з гектара, і гэта плюс 3,5 ц/га да мінулагодняга. Тут варта падзякаваць фермерска-сялянскім гаспадаркам, якія ўнеслі сваю лепту ў гэты паказчык.
Мяркую, у кожнага працаўніка сельгаспрадпрыемстваў ёсць разуменне, што атрыманыя вынікі — далёка не мяжа нашых магчымасцей. Бывала, выспяваў на нашых нівах і больш важкі колас, а значыць, ёсць да чаго імкнуцца заўтра. Тым не менш і кіраўнікамі гаспадарак, і аграномамі, і механізатарамі, і вадзіцелямі, і працаўнікамі зернетакоў было шмат зроблена, каб вырасціць і дапрацаваць ураджай. Тут прэтэнзій няма.
Найлепшых вынікаў дасягнула ААТ “ВязаўніцаАгра” — кожны гектар у гэтай гаспадарцы ўрадзіў па 21,3 цэнтнера, атрымана 126% да паказчыкаў мінулага года. Намалочана 5 630 тон. На другім месцы па ўраджайнасці — ААТ “Ясеньскае”: 21,1 ц/га, а да леташняга гэта 162,3%. Вал — 2 076 тон.
Калі браць у разрэзе культур, тут належную ўвагу варта аддаць пшаніцы. У ААТ “ВязаўніцаАгра” яна ўрадзіла па 27,3 ц/га, у “Авангард-Ніва” — 27 ц/га, “Ясеньскае” — 23,6 ц/га. У агульным намалочана 5 400 тон пшаніцы.
У ААТ “ЖорнаўкаАГРА” найлепшым чынам паказала сябе трыцікале — 41 ц/га, у “Авангард-Ніве” авёс даў 40,1 ц/га. Вось і трэба думаць аб тым, як размяркоўваць карту палёў, каб мець ад зямлі максімальную аддачу.
Дзяржаўны заказ раёнам быў выкананы своечасова і ў поўным аб’ёме: перапрацоўшчыкам для гэтых мэт дастаўлена 2 680 тон збожжа.
Станоўчую ролю на жніве сыграла новая тэхніка. На нівах працавалі ў тым ліку тры новыя камбайны: у ААТ “Ясеньскае”, “Авангард-Ніва” і “ВязаўніцаАгра”. Усяго ж было задзейнічана 27 камбайнаў. Увогуле, не ўлічваючы розныя прычапныя агрэгаты, парк гаспадарак папоўніўся яшчэ трыма энерганасычанымі трактарамі “Беларус 3522”, адным “Беларусам 622”, кормаўборачным камбайнам КВК-800, самаходным апырсквальнікам “Раса”.
Важнай задачай была і корманарыхтоўка. Патрабавалася назапасіць не менш за 27,5 цэнтнера кармавых адзінак травяністых кармоў на карову. На сёння маем 22,4 ц.к.а., і гэта на 0,3 ц.к.а. больш, чым на адпаведную дату летась. Сенажу нарыхтавана 54,1 тысячы тон, сіласу — 52,4 тысячы тон. Закладка сіласу з участкаў, якія прыгодныя для гэтага, працягваецца і зараз. Кукуруза ўдалася не асабліва шыкоўная, але, мяркую, з заданнем справімся. Станоўчы фактар — лагоднае надвор’е, траншэі запаўняліся ў спрыяльных умовах, што гарантуе добрае захаванне масы.
Практыка апошніх гадоў паказала, што на асіповіцкіх палетках больш мэтазгодна вырошчваць азімыя культуры. Гэтага і прытрымліваемся. Азімы клін на зерне і зялёны корм пад ураджай 2026 года атрымаецца не меншым, чым летась. Сёлета патрабавалася засеяць 5 470 гектараў, тады як мінулай восенню гэта былі плошчы ў 5 231 гектар.
Сельскія жыхары ведаюць, што праца на палях не спыняецца практычна круглы год. Паралельна з сяўбой азімых падымаецца зябліва, праводзяцца іншыя неабходныя апрацоўчыя работы.
У вырошчванні культур кожны тэхналагічны крок мае сваю значнасць, што ў выніку і дае станоўчы эфект. І важны ўклад у агульную справу на сваім участку кожнага працаўніка. Якім бы элітным не было насенне, якой бы сучаснай і функцыянальнай не лічылася тэхніка, немагчыма дасягнуць добрых вынікаў без чалавечых рук і старання. Як ні круці, а галоўны рэсурс — гэта людзі. І ўсе здабыткі — дзякуючы чалавеку.
Шчыра віншую ўсіх хлебаробаў з “Дажынкамі”! Мена-віта ваша работа забяспечвае сапраўдны дабрабыт беларусаў. Не існуе больш важ- най матэрыяльнай рэчы, чым хлеб.
Здароўя ўсім, працоўнага запалу, сямейнай утульнасці і ўрадлівай моцы роднай зямлі! Разам будзем імкнуцца да новых працоўных перамог.
