562 тоны намалочанага збожжа. Такі працоўны вынік атрымаўся сёлета ў экіпажа камбайна КЗС-1218 у складзе старшага камбайнера Паўла Грыцкевіча і памочніка камбайнера Аляксандра Кірычэнкі з ААТ “ВязаўніцаАгра” пасля ўборкі ніў

Ва ўнутраным спаборніцтве гаспадаркі гэта трэцяе месца сярод васьмі экіпажаў, якія былі задзейнічаны на жніве-2024. Працавалі мужчыны разам ужо трэці сезон. Згода ў калектыве, хоць і такім маленькім, спрыяла эфектыўнасці работы.
— Чым запомнілася сёлетняя ўборачная кампанія? Як і іншыя — напружаным графікам, спякотай (добра, што ў камбайне ёсць кандыцыянер), а таксама жаданнем выканаць сваю работу хутка і якасна, — разважае Павел Грыцкевіч. — Калі сядзіш за штурвалам, час ляціць хутка. Канечне, існуе і пэўны азарт. Нават не асабліва хочацца рабіць перапынкі. Тэхніка не падводзіла, сам рыхтаваў да новага сезона. Усім неабходным былі забяспечаны: вадою, смачным гарачым харчаваннем, сродкамі бяспекі. Зараз перасеў на МТЗ-3522, каб апрацоўваць глебу да наступнага сельскагаспадарчага этапу. У цыклічнасці і бесперапыннасці і заключаецца сэнс палявых работ. Хіба што ўзімку паўза. Ды і то, калі ўмовы дазваляюць, вывозіцца арганіка.
Цяпер, нават каб сфатаграфаваць экіпаж, Грыцкевіча і Кірычэнку застаць разам складана: кожны выконвае свае задачы. Аднак ніхто з іх не забывае, што яны — экіпаж. А наступнае жніво не за гарамі: новае зерне ўжо ў зямлі.