Аб аддзяленні інфармацыйнага забеспячэння РАУС людзі чуюць у разы радзей, чым, напрыклад, аб аддзяленнях крымінальнага вышуку або барацьбы з эканамічнай злачыннасцю
Аб аддзяленні інфармацыйнага забеспячэння РАУС людзі чуюць у разы радзей, чым, напрыклад, аб аддзяленнях крымінальнага вышуку або барацьбы з эканамічнай злачыннасцю.Між тым супрацоўнікі АІЗ вырашаюць найважную задачу: забяспечваюць своечасовае папаўненне і вядзенне розных банкаў даных, у тым ліку статыстычных, аператыўна-даведачных, вышуковых улікаў.
Служба ў аддзяленні інфармацыйнага забеспячэння — штодзённая карпатлівая праца, якая патрабуе павышанай увагі, засяроджанасці і ўседлівасці. Гэтую няпростую работу ў мясцовым райаддзеле міліцыі выконваюць чатыры супрацоўнікі: старшыя інспектары Ігар Янчук, Марына Палуда, Вікторыя Козак і начальнік аддзялення маёр міліцыі Эла Гоман.
Эла Аляксандраўна пачала службу ў РАУС у 2004 годзе на пасадзе следчага, у 2008-м стала старшым інспектарам аддзялення інфармацыйнага забеспячэння, якое і ўзначаліла тры гады таму.
— Аб’ём працы АІЗ вялікі, — кажа кіраўнік. — Гэта фарміраванне і выкарыстанне адзінага дзяржаўнага банка даных аб правапарушэннях — АДБДП, дзякуючы якому забяспечваецца інфармацыйная падтрымка падраздзяленняў і службаў РАУС, дзяржаўных органаў і іншых арганізацый горада і раёна. У мінулым годзе выканана некалькі тысяч запытаў аб прадастаўленні звестак аб правапарушэннях, якія захоўваюцца ў АДБДП.
Таксама работнікі аддзялення арганізоўваюць работу па размяшчэнні ў адзіны банк статыстычных даных, што дазваляе ў поўным аб’ёме і своечасова фарміраваць звесткі па працы РАУС: у 2022-м унесена і апрацавана маса дакументаў па крымінальнай статыстыцы, аб рэгістрацыі адміністрацыйных правапарушэнняў, прысудаў, пастаноў і азначэнняў судоў.
Штодня вядзём прыём, рэгістрацыю і ўлік дакументаў, якія паступаюць на архіўнае захоўванне, пры гэтым кантралюем іх паўнату і якасць. Дарэчы, менавіта АІЗ займаецца і захаванасцю архіўных дакументаў, пры неабходнасці выдае іх для часовага карыстання.
Акрамя гэтага, на нас ляжыць вядзенне ўлікова-даведачнай дакументацыі па ўсіх архіўных фондах, збор, сістэматызацыя, захоўванне, выкарыстанне і абарона звестак аб правапарушэннях. Уносім і карэкціруем у аўтаматызаванай базе даных інфармацыю па вышуку правапарушальнікаў, злачынцаў, адказчыкаў і даўжнікоў па грамадзянскіх справах, без вестак зніклых грамадзян.
Двойчы ў месяц праводзяцца зверкі з судом, адміністрацыйнай камісіяй, камісіяй па справах непаўналетніх, аддзелам па выкананні пакаранняў, райаддзелам Следчага камітэта на прадмет своечасовага і дакладнага прадастаўлення статыстычнай інфармацыі для змяшчэння ў АДБДП.
Інфармацыйнае падраздзяленне — важная служба. Кожная лічба, кожны дакумент — гэта звесткі, якія ў любы момант могуць спатрэбіцца каму-небудзь з супрацоўнікаў, каб дапамагчы раскрыць злачынства або выкрыць злачынца.
Дакладнасць і аператыўнасць — галоўнае ў нашай працы. Калі сёння мае супрацоўнікі выпусцяць хоць адну дэталь і, вобразна кажучы, не націснуць адну кнопку, заўтра гэта можа паўплываць на лёс чалавека. Зыходзячы з таго, якія даныя будуць унесены ў базу, залежыць кваліфікацыя дзеянняў таго ці іншага чалавека. Значыць, права на памылку ні ў мяне, ні ў маіх падначаленых няма. Дарэчы, з камандай вельмі пашанцавала: кожны з супрацоўнікаў добра разумее, чаго можа каштаваць нават самая малая недакладнасць.