Вывучаем Асіповіцкі край: час збіраць камяні

Вывучаем Асіповіцкі край: час збіраць камяні

Гэта гісторыя пачалася гадоў дзесяць назад — калі ў рэдакцыю завітаў жыхар вёскі Усціж Іван Альховік і прынёс здымак вялізнага валуна, знойдзенага ў нейкім “мядзведжым куце” паблізу ад роднага паселішча. Пра гэты камень ён чуў даўно, аднак натрапіў на яго выпадкова, быў вельмі задаволены сваёй незвычайнай знаходкай і прапанаваў схадзіць да яго карэспандэнтам “раёнкі”. Прапанова была спакуслівая, аднак у мітусні больш тэрміновых спраў падарожжа неаднаразова адкладвалася “да больш зручнага моманту”.

Вось толькі адклад ніколі не ідзе ў лад: першаадкрывальнік каменнага дзіва цяжка захварэў і памёр, пакінуўшы ў рэдакцыйнай папцы “Цікавыя, але не тэрміновыя справы” толькі прыблізнае апісанне мясцовасці, дзе ляжыць дзіва прыроды, ды шматабяцаючае папярэджанне: шлях да ўсціжскага валуна пераадолець вельмі не проста.

Сожженный молнией дуб
Сожженный молнией дуб

Пра свой валун Альховік расказаў яшчэ некаторым краязнаўцам, аднак і ім паказаць знаходку не паспеў. З цягам часу пра таямнічы валун кожнаму з заінтрыгаваных аматараў падарожжаў удалося знайсці пэўныя звесткі і, склаўшы іх у агульную схему, прыблізна “вылічыць” яго месца знаходжання. Аднак расповед пра пошукі ўсціжскага дзіва трэба пачаць з тлумачэння, што такога цікавага ёсць у валунах наогул і ў асіповіцкіх вялікіх камянях у прыватнасці.

Таямніца каменных гасцей

Пра тое, адкуль узяліся на нашай зямлі валуны — такую назву маюць камяні акруглай формы з дыяметрам болей метра — ведаюць, напэўна, усе: гэта адно з найбольш распаўсюджаных наступстваў ледавіковага перыяду. А вось на пытанне, якім чынам ледавік здолеў перацягнуць са Скандынаўскай паўвыспы такую значную колькасць буйных камянёў, так проста не адкажаш. Ва ўсякім разе, агульнапрынятую раней гіпотэзу аб тым, што ў цэнтры ледавіка ўтварыўся шматкіламетровы слой ільду і той пад уласнай вагой “расцякаўся”, выломліваючы кавалкі карэннай пароды, сёння падтрымліваюць далёка не ўсе геолагі. Сумненні ўзніклі пасля грунтоўнага вывучэння лядовага покрыва Антарктыды. Там таксама ляжыць шматкіламетровы слой ільду, аднак у рухомых частках цяжкага ледавіковага панцыру ўтрымліваецца зусім невялікая колькасць прымешкаў горных парод. Атрымліваецца, што антарктычныя льды валуны ўтвараць не здольныя…

Аднак якім бы чынам валуны ні з’явіліся, яны ёсць. Прычым апошнім часам вялікія камяні набываюць усё большую папулярнасць у якасці элементаў ландшафтнага дызайну.

Дзёран, нібы дыван
Дзёран, нібы дыван

Цікава, што першы ўзор “упрыгажэння валунамі” ўзнік яшчэ ў 80-я гады мінулага стагоддзя, калі ў Мінску быў створаны незвычайны парк — “Музей валуноў”. Ён уяўляе адмысловую карту Беларусі, на якой рэльеф і межы краіны выкладзены з буйных камянёў. Зрабілі яго беларускія геолагі, якія для рэалізацыі ідэі падышлі грунтоўна. З кожнага рэгіёна, дзе сустракаюцца валуны, былі ўзяты і размешчаны ў адпаведных частках “карты” некаторыя найбольш тыповыя ці, наадварот, незвычайныя “экспанаты” накшталт крыжаў, паганскіх ідалаў і нават міні-Стоўнхеджа — высокай П-падобнай аркі з трох плоскіх гранітных пліт.

Патрапілі ў музей і асіповіцкія валуны. Месца іх дыслакацыі вызначыць нескладана: дарожкі ў музеі пра

кладзены ў адпаведнасці з накірункам рэчышчаў буйных рэк, а каб знайсці выразнае ўпадзенне Свіслачы ў Бярэзіну, шмат часу не трэба. У адпаведнасці з “геалагічнай праўдай” яны месцяцца на левабярэжжы Свіслачы — інакш кажучы, на паўночнай частцы нашага раёна.

Цяжка вызначыць крытэрыі адбору экспанатаў, аднак больш-менш дасведчанага наведвальніка “асіповіцкая экспазіцыя” наўрад ці ўразіць: валуны як валуны, у нашым краі сустракаюцца і куды больш цікавыя “каменныя госці”…

"Яйка дракона"
“Яйка дракона”

Мясцовыя адметнасці

Расповед пра адметныя камяні нашага краю трэба распачаць з урочышча Рэпішча, дзе знаходзіцца вышэйшы пункт Асіповіччыны — узгорак вышынёй 209 метраў. Побач з ім яшчэ некалькі ўзвышшаў, прычым мінімум адно з іх утворана з буйных камянёў, перамешаных з глінай і пакрытых адносна тонкім слоем пясчаных адкладанняў. На стромкіх схілах пясок змываецца вадзянымі патокамі, і камяністая “сэрцавіна” выходзіць на паверхню.

Гэта так званая марэна — характэрная геалагічная фармацыя ледавіковага паходжання. Памеры камянёў у ёй адносна невялікія, і тых, што адпавядаюць “валуновым” кандыцыям, амаль няма. Па нейкай прычыне буйныя валуны звычайна ляжаць у самоце.

Валун памерам з легкавую машыну каля Малой Гарожы
Валун памерам з легкавую машыну каля Малой Гарожы

Самымі вядомымі з нашых найвялікшых валуноў можна лічыць каменіцкі і свіслацкі. Першы, праўда, ляжыць у нязручным месцы і амаль на тры чвэрці схаваны пад зямлёй, так што ацаніць яго памеры няпроста, а вось апошні месціцца на ўзвышшы каля дарогі Свіслач-Беразіно. Да таго ж гэты кавалак скалы ўяўляе сабой цэнтр ландшафтнай кампазіцыі, якая вельмі ўпрыгожвае наваколле.

Аднак не толькі памеры робяць камяні вартымі ўвагі. Каля таго ж аграгарадка Свіслач ёсць так званыя “яўрэйскія могілкі”. Гэта насамрэч месца пахавання тутэйшых яўрэяў, створанае яшчэ ў часы Вялікага княства Літоўскага. Кожны помнік — валун, на якім выбіты надпісы на іўрыце. І такіх валуноў тут не меней сотні.

Недалёка ад апрацаваных чалавекам камянёў ёсць і цікавы прыродны артэфакт: эліптычны валун, які расколаты на дзве часткі. А лінія расколу настолькі адмысловая, што здаецца, нібы ўнутры аднаго каменя ляжыць другі — круглы. Аналогія ўзнікае сама сабой: акамянелае яйка дракона! Зразумела, казачныя рэптыліі тут ні пры чым: сфераідальнае выветрыванне — характэрны від разбурэння аднародных горных парод — адбываецца пад уплывам звычайных прыродных рухаючых сіл: перападаў вільготнасці і тэмпературы. Вось толькі чаму адзін камень паступова распадаецца на бесформенныя кавалкі, а другі ўтварае падобныя дзівосы, дакладна невядома.

Яшчэ адна загадка — так званыя валуны-следавікі: буйныя камяні, на паверхні якіх ёсць выразна акрэсленыя паглыбленні. Звычайна яны маюць следападобную форму, ад чаго і ўзнікла характэрная назва. Аднак бываюць паглыбленні і іншай формы.

Валун-слядавік
Валун-слядавік

На полі каля вёскі Брыцалавічы ёсць вялікае нагрувашчванне валуноў — верагодна, іх некалі сцягнулі з прылягаючых палёў. Дык вось там літаральна побач можна ўбачыць тыповы следавік і валун, нібы прасвідраваны свердлам таўшчынёй у палец. Глыбіня абсалютна роўнай адтуліны каля 30 сантыметраў, так што напрошваецца думка аб яе штучным паходжанні. Хаця зноў жа — механізм утварэння слядоў на валунах пакуль дакладна невядомы, таму выключаць магчымасць узнікнення адтуліны натуральным шляхам наўрад ці можна.

А самы незвычайны асі-повіцкі валун “хаваецца” паблізу ад берага рэчкі Граўка. Ён невялікі, аднак у дадзеным выпадку памер не мае значэння. У паганскія часы з гэтага каменю зрабілі ідала — выяву нейкага бога, хутчэй за ўсё, Перуна. З прыходам хрысціянства ўвасабленні былых багоў знішчаліся, аднак нехта з прагматычных продкаў даў каменнаму ідалу другое жыццё: абцясаў яго з двух бакоў, пераўтварыўшы ў хрысціянскі крыж. Толькі паленаваўся выраўняць бакавыя лініі, так што ў анфас контур першапачатковай фігуры паганскага бога бачны добра. А там, дзе павінен быць твар, вырас лішайнік. І хто рызыкне адказаць, чаму яго купкі склаліся ў лініі, з якіх склаўся гратэскны абрыс поўнага роспачы твару…

Ісці туды, невядома куды

Усё што напісана вышэй, стала, так бы мовіць, ускоснымі знаходкамі, зробленымі падчас збору звестак пра ўсціжскі валун доследнай групай, у якую, акрамя аўтара, увайшлі добра вядомыя ў асяроддзі асіповіцкіх краязнаўцаў Аляксандр Дораш, Андрэй Торбін і Юрый Клеванец. У выхадныя наша кампанія, нарэшце, і рушыла на пошук галоўнай мэты. Забягаючы наперад, трэба прызнацца: той, які трэба, камень мы не знайшлі. І ўсё ж лічыць яго няўдалым нельга: два дні блукання па дзікім лесе ў трохкутніку Усціж-Брыцалавічы-Ялізава сталі па агульным меркаванні ўдзельнікаў лепшай прыгодай мінулага года.

Па словах сведкаў, якія бачылі ўсціжскі валун, ён знаходзіцца ў глыбіні ляснога масіву прыблізна ў паўкіламетры ад чыгункі на перагоне Брыцалавічы-Ялізава і можа ляжаць у трох пунктах: на 16, 18 і 19 кіламетрах пуці. Такая дакладнасць “паралелі” і няпэўнасць “мерыдыянаў” мае слушную прычыну: крыніцай звестак сталі паляўнічыя, якія блукалі тут па сваіх справах. Каля валуна яны аказваліся выпадкова і не вельмі задумваліся аб “прывязцы” яго да мясцовых арыенціраў. Аднак амаль усе, хто яго бачыў, сцвярджалі: валун ляжыць правей перасячэння просек, калі ісці па той, што кіруецца перпендыкулярна рэйкам. Пры такой “наводцы” пошукі не здаваліся надта складанымі.

Бабры з'елі...
Бабры з’елі…

Праўду кажуць, цяжка быць аптымістам…

Спачатку давялося ехаць каля 7 кіламетраў па схіле чыгуначнага насыпу, рызыкуючы папераменна “сесці на пуза” ў глыбокіх каляінах альбо перакуліцца ў асабліва небяспечных мясцінах: дарога, якая ідзе ўздоўж пуці ў патрэбным кірунку, разлічана выключна на цяжкую тэхніку, а не на звычайную легкавушку. Але ж даехалі, сэканоміўшы нямала хвілін кароткага снежаньскага дня.

Пошук адразу пачалі з сярэдняга пункту — банальна прапусцілі першы, бліжэйшы. Мясціна аказалася нібы натурай для здымкаў фільмаў-катастроф: лес так шчыльна “ўсыпаны” паваленымі, гнілымі і паламанымі дрэвамі, што ісці па ім аказалася справай няпростай. “Мерыдыянальная” просека таксама ледзь прасочвалася з-за валежніку, а перакрыжавання мы так і не прыкмецілі. Не адзін раз вока чаплялася за шматабяцаючае нагрувашчванне, а калі прадзіраліся да яго бліжэй, бачылі кавалак зямлі, уздыблены пры бураломе карэннямі дрэў.

А потым пайшоў дождж. Ды такі моцны, што імгненна сцёр усе арыенціры. Адчуванне, што мы заблукалі ў гэтым негасцінным месцы, доўжылася ўсяго некалькі імгненняў, але было вельмі непрыемным…

Першы пункт парадаваў куды больш празрыстым лесам, у якім даволі хутка ўдалося заўважыць падазронае ўзвышша. Праўда, гэта аказаўся не валун, а вялізная бабрыная хатка, на шчасце, закінутая. Чаму — на шчасце? Недалёка знайшлі таўшчэзную асіну, якую мясцовыя бабры звалілі і з якой з’елі ўсю кару. Дык вось дрэва было перагрызена на вышыні больш метра ад зямлі — уяўляеце, якія памеры ў гэтых агрэсіўных грызуноў?

Бабровая хатка
Бабровая хатка

Хаця і валун тут знайшлі. Толькі не той, што трэба: усяго крыху болей двух метраў у даўжыню.

Пункт трэці… Менавіта тут, у светлым дубова-грабавым лесе, удзельнікі падарожжа адчулі прыліў упэўненасці: усе прыметы мясцовасці супадалі з апісаннямі відавочцаў! Ад таго і рванулі наперагонкі, маючы пацешнае жаданне ўбачыць валун першым. Толькі мясцовы лес так проста здавацца не пажадаў! У хуткім часе задзьмуў шквалісты вецер, верхавіны дрэў пачалі са скрыгатам ламацца і падаць на зямлю. Тут ужо стала не да нейкіх там валуноў — жыццё даражэй! Хуткім крокам, па найкарацейшым накірунку рушылі назад — да чыгункі. Па дарозе зрабілі прывал каля тоўстага дуба, спаленага маланкай. Калі яшчэ ўбачыш такую прыродную анамалію?

Як выйшлі да рэек, заўважылі брыгаду вальшчыкаў, працаваўшых ля падножжа процілеглага боку высокага чыгуначнага насыпу. Хлопцы так і не зразумелі, навошта шукаць камяні, але адзін з іх аказаўся добрым знаўцам навакольнага лесу. Ён пацвердзіў існаванне вялікага валуна, прычым у “другім” пункце, які мы палічылі самым бесперспектыўным. Вось толькі як і другія сведкі, дакладнай прывязкі да мясцовасці зрабіць не здолеў.

Камень з тварам
Камень з тварам

Працяг будзе

…Таямніца ўсціжскага каменя так і засталася не раскрытай. Праўда, суцяшальныя прызы пошукавікі ўсё ж атрымалі. Адзін ладны валун ляжаў літаральна побач з чыгуначным насыпам. Ён, праўда, быў цалкам пакрыты тоўстым дываном з дзярніны, і зразумець, што гэта менавіта камень, удалося не адразу. А вось другі — чорны кавалак базальту даўжынёй у тры, шырынёй амаль у два і вышынёй больш за метр — знайшлі ў маладым сасняку каля вёскі Малая Гарожа.

Ці будзем працягваць пошукі ўсціжскага валуна? Безумоўна! Са спадзяваннем, што артыкул аб адметных асіповіцкіх камянях дапаможа далучыць да гэтай справы іншых аматараў роднай прыроды.

Дзмітрый САЎРЫЦКI.

Последние новости

Общество

Поблагодарили за монумент и попросили содействия в благоустройстве территории. Узнали, как прошла прямая линия Виктора Ананича

8 октября 2024
Читать новость
Армия

Осиповчане принимают участие в «Марше кремлевских курсантов»

8 октября 2024
Читать новость
Власть

Лукашенко: никто из серьезных людей в Украине не думает о том, что надо зайти в Беларусь

8 октября 2024
Читать новость
Власть

Лукашенко об изменениях в ядерной доктрине России: риски для кого-то новые появились, но не для нас

8 октября 2024
Читать новость
Общество

«Дай лесу новае жыццё!» Под таким названием с 12 октября по 12 ноября Минлесхоз проведет добровольную акцию по восстановлению ветровально-буреломных участков. Поучаствовать в ней смогут и осиповчане

8 октября 2024
Читать новость
Общество

На Осиповичском хлебозаводе прошла встреча прокурора района Дениса Иванькова с трудовым коллективом

8 октября 2024
Читать новость

Рекомендуем