Унікальная кніжніца і яе скарбы

Ёсць у Мінску адна ўнікальная бібліятэка, якая 10 снежня адсвяткавала 80-годдзе свайго нараджэння. Здараецца, яе падчас блытаюць з Нацыянальнай, але назву ўстанова мае крыху інакшую — Прэзідэнцкая (да 1994 года — Урадавая) бібліятэка Рэспублікі Беларусь. Знаходзіцца яна ў самым цэнтры нашай дзяржавы — на плошчы Незалежнасці ў правым крыле Дома Урада, і ўваходзіць у тройку самых буйных кніжніц Айчыны.
Сёння гэта спецыялізаваны галіновы цэнтр бібліятэчна-інфармацыйнага забеспячэння органаў улады і кіравання краіны, цэнтр навукова-дапаможнай бібліяграфіі па дзяржаве, праву, міжгаліновай эканоміцы. Сярод яе прыярытэтных абанентаў – Адміністрацыя Прэзідэнта, Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі Нацыянальнага Сходу, Савет Міністраў, Канстытуцыйны і Вярхоўны Суды, мясцовыя Саветы дэпутатаў і іх выканкамы, Выканаўчы сакратарыят СНД. Але інфармацыйныя рэсурсы адкрыты і для шырокага кола карыстальнікаў.
— Кожнае наша выданне па-свойму адметнае, непаўторнае і каштоўнае, — гаворыць загадчык аддзела старадрукаў і рэдкіх выданняў Валерый Герасімаў. — Звернемся, напрыклад, да “Памятных кніжак” беларускіх губерняў, што выходзілі з сярэдзіны ХIХ ст. Сёння яны маюць вялікую каштоўнасць для гістарычных, геаграфічных, дэмаграфічных, этнаграфічных і краязнаўчых даследаванняў. З іх дапамогаю можна ўзнавіць карціну жыцця губерні, асобных населеных пунктаў ці мясцовасцей, атрымаць звесткі пра заняткі людзей, стан эканомікі, прыроды, культуры на працягу больш чым 50 гадоў.
Цікава трымаць у руках і 200-гадовы “Латинскій лексиконъ” Фамы Разанава, выдадзены ў Маскве ў 1805 годзе, з калекцыі кнігазбору Нясвіжскай ардынацыі Радзівілаў з экслібрысам Ежы Радзівіла і… поўнасцю спісанымі знутры вокладкамі. Можа, нехта з маленькіх Радзівілаў, не могучы запомніць складаныя словы, выпісваў іх на больш бачнае месца? Гэткім чынам па кнігазборах можна і характар іх гаспадароў вывучаць.
Толькі фонд аддзела старадрукаў і рэдкіх выданняў налічвае звыш 70 тысяч кніг, часопісаў, газет і іншых дакументаў, датаваных у храналагічным прамежку ад XVI стагоддзя да нашага часу. У бібліятэцы наогул багата дакументаў, якія непаўторныя, якіх няма больш нідзе: да прыкладу, “Атлас свету” з арыгінальнай картай Беларусі 1772 года, арыгінальная літаграфія гравюры знакамітага Напалеона Орды “Каралін пад Пінскам” ХIХ стагоддзя і г.д.
Вобразна кажучы, мы захоўваем мінулае для будучага. I з задавальненнем запрашаем усіх жадаючых да нас на экскурсію. Вы не толькі атрымаеце асалоду ад знаёмства з старажытнымі кнігамі, але, магчыма, сустрэнецеся з… прывідамі, што блукаюць па скляпеннях Дома Урада. Якімі? Прыязджайце пазнаёміцца! А ўладкаваць асабісты жаночы ці мужчынскі лёс вам дапамогуць магічныя 150-кілаграмовыя жорны і пярсцёнкі (ім каля тысячы гадоў) з закляццямі — рунічнымі знакамі, што захоўваюцца ў невялічкім музейчыку пры нашым аддзеле.
Дарэчы, стаць чытачом бібліятэкі можа любы паўналетні грамадзянін: патрэбныя толькі пашпарт і фатаграфія.