У Асіповіцкім райвыканкаме: задаволенасці няма многім. І многімі…

На чарговым пасяджэнні райвыканкама, якое прайшло 16 студзеня пад началам старшыні Пятра Шукаловіча, галоўнымі пытаннямі сталі вынікі работы галін народнай гаспадаркі і выкананне бюджэту раёна за 2014 год, даклады па якіх адпаведна зрабілі першы намеснік старшыні і начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Васіль Пятроўскі і Ларыса Белая.
Даведзеныя раёну прагнозныя паказчыкі выкананы па экспарту паслуг, энергазберажэнні, увядзенні ў эксплуатацыю агульнай плошчы жылых дамоў за кошт усіх крыніц фінансавання; па экспарту тавараў і намінальна налічанай сярэднямесячнай зарплаце — не. I ўжо гэтыя “нажніцы” задалі тон жорстка-канкрэтнай размове на пасяджэнні з запрашэннем для тлумачэння шэрагу кіраўнікоў — шклозавода “Ялізава”, завода аўтаагрэгатаў, калгасаў “Карытнае”, “Новы шлях” і другіх.
Нашай прамысловасцю ў параўнанні з 2013 годам выраблена прадукцыі на 107,5%, індэкс прамысловай вытворчасці — 111,6%. Але 7 арганізацый з 10 — шклозавод, АЗАА, дахавы завод “Тэхнаніколь”, ЗЖБК, хлебазавод, УКП ЖКГ і ДУКВП “Водаканал” — дапусцілі зніжэнне аб’ёмаў. Аб’ём экспарту тавараў склаў 105,5% пры прагнозе 108%, паслуг за студзень-лістапад — 240,4% (111,5%), імпарт — 168,1%. Сальда знешняга гандлю адмоўнае ($36 млн 793 тыс.), паслугамі — станоўчае ($281 тысяча).
Нельга быць задаволенымі справамі ў сельскай гаспадарцы. Тэмп росту аб’ёмаў вытворчасці валавой прадукцыі ў гаспадарках усіх катэгорый — 100,1% пры заданні 105,1%, у сельскагаспадарчых і іншых — адпаведна 99,1 і 106,6%. Антылідары — калгас “Новы шлях”, ААТ “Асіповічыаграпрамтэхзабеспячэнне”, калгасы імя Чарняхоўскага, “Чырвоны ўдарнік”, “Бярэзіна”, “Карытнае”. Сельгасарганізацыямі атрымана ўсяго 96,5% малака да ўзроўню 2013 года, рэалізавана 100%. Вытворчасць (вырошчванне) мяса буйной рагатай жывёлы — 103,3%, колькасць пагалоўя БРЖ — 100,2% (24.044 галавы), у тым ліку кароў — 7.692 (на 344 больш). З меншым аб’ёмам кармоў увайшлі ў зімоўку: у разліку на 1 умоўную галаву нарыхтавана 32,2 цэнтнера кармавых адзінак — мінус 3,8 ц. Зерневых і зернебабовых намалочана 134,2% да 2013 года (33,9 тыс. тон) пры ўраджайнасці 34,3 цэнтнера з гектара (плюс 7,7 ц). Дзяржзаказ па продажу збожжа выкананы на 101%, масланасення рапсу — на 100%, цукровых буракоў — на 104,2%.
За студзень-лістапад у раёне засвоена больш за трыльён інвестыцый у асноўны капітал, здадзены 4 шматпавярховыя жылыя дамы, першыя пускавыя комплексы на 5 малочнатаварных фермах. З 21 улічваемага суб’екта гаспадарання, які ажыццяўляе ў нас гандлёвую дзейнасць, дзве трэці забяспечылі рост тавараабароту да леташняга, а вось ААТ “Гандаль”, райста і Асіповіцкі куст ААТ “Жэлдорсэрвіс г. Магілёў” па аб’ёму — не. За 11 месяцаў 8 арганізацый — 19% улічваемых — спрацавалі са стратамі. Чыстыя страты па раёне склалі без малога 264 мільярды, тады як летась прыбытак перавышаў 9 млрд рублёў. У рэгіёне створана 670 рабочых месцаў, што адпавядае гадавому заданню, а вось камерцыйных арганізацый з’явілася ўдвая менш запланаванага — 22 з 45.
Ёсць праблемы і з выкананнем Дзяржпраграмы збору і перапрацоўкі другаснай сыравіны: са шклом, палімерамі і шынамі ўсё нармальна, з паперай-кардонам і тэкстылем — невыкананне. Шэраг нашых кіраўнікоў атрымаў спагнанне за несвоечасовую выплату заработнай платы ў чацвёртым квартале і г.д.
Што тычыцца бюджэту раёна, то ён выкананы на 100,6%. Запазычанасці па падатковых плацяжах у бюджэт і мэтавыя бюджэтныя фонды на пачатак года няма. Бюджэт раёна захаваў сацыяльную накіраванасць: на сацсферу — без уліку расходаў на маладзёжную палітыку, дапамогу ў забеспячэнні жыллём — накіравана больш за 296 мільярдаў — 61,6% ад усіх расходаў. Дэбіторская запазычанасць за год павялічылася на 477,9 млн руб. і склала 1.936,2 мільёна. Крэдыторскай запазычанасці няма.
Ужо з прыведзеных вышэй далёка не ўсіх паказчыкаў бачна, што год па шэрагу накірункаў не ў аднаго склаўся далёка неадназначна. I размова, канечне, ішла найперш з тымі кіраўнікамі, якія са сваімі працоўнымі калектывамі па розных прычынах дапусцілі адставанне. Падрабязна разглядаючы пытанні, члены райвыканкама стараліся аналізаваць сітуацыю максімальна аб’ектыўна, да ўсяго падыходзіць рэальна. Што і знайшло адбітак у прынятых рашэннях, якраз і накіраваных на выпраўленне недахопаў. I не ў нейкай далёкай “светлай будучыні”, а менавіта сёлета.