Старшынёўскі клопат Жанны Ліхадзіеўскай

Жанна Ліхадзіеўская ўзначаліла сельсавет пазалетась. Землякі аказалі ёй давер за няўрымслівы характар, настойлівасць і мэтанакіраванасць, уменне ладзіць з людзьмі і жаданне зрабіць жыццё вакол больш прыгожым і лепшым.
— Пастаянная сувязь з людзьмі, штодзённае вырашэнне пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва, навядзенне і падтрыманне парадку на зямлі, асабістыя праблемы грамадзян — усё трэба трымаць у полі зроку, — гаворыць Жанна Уладзіміраўна. — Як правіла, такая работа звычайна застаецца незаўважанай: жывём сабе, карыстаемся ўсімі выгодамі ў адпаведнасці з сацыяльнымі стандартамі і марым аб тым, каб зручнасцей стала яшчэ больш. I каб ліхтар гарэў каля кожнай хаты, і асартымент у крамах задавальняў бы і сталічнага жыхара. Жаданні зусім не звышнатуральныя, можна сказаць, элементарныя, толькі ў сучаснай дэмаграфічнай і эканамічнай сітуацыі задаволіць іх у поўным аб’ёме нерэальна. Вырашэнне ж маштабных пытанняў адбываецца наогул на іншых узроўнях, не ў сельвыканкамах, але важная роля мясцовых Саветаў у забеспячэнні захавання інтарэсаў грамадзян відавочная. Старшыня, дэпутаты першымі даведваюцца аб праблемах сваёй мясцовасці — ім жа даводзіцца і інфармаваць жыхароў аб вырашэнні праблемных пытанняў, тлумачыць, якой дапамогі можна чакаць, а што патрэбна рабіць уласнымі сіламі.
[note] Візітная картка
У склад Ліпенскага сельсавета ўваходзіць 14 населеных пунктаў. На тэрыторыі маецца 572 асабістыя гаспадаркі, пражывае 1.354 чалавекі, з іх у працаздольным узросце — 769, пенсіянераў — 367, дзяцей — 218, адзінокіх і адзінока пражываючых грамадзян — 31 і 205, удзельнікаў і інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны — 5, воінаў–інтэрнацыяналістаў — 2, інвалідаў — 9, шматдзетных сем’яў — 25; сем’яў з малалетнімі дзецьмі — 104.
На тэрыторыі знаходзяцца філіял “Белшына-агра” ААТ “Белшына”; Ліпенскія лясніцтва, дрэваапрацоўчы цэх, ТАА “Экостройдрев”; лесаўчастак Асіповіцкага лесапункта ААТ “Фандок”; дачны кааператыў “Аўтазаводзец”, Ліпенскі і Вязаўніцкі вучэбна-педагагічныя комплексы дзіцячы сад-сярэдняя і базавая школы, пры якіх працуюць філіялы музычнай школы; урачэбная амбулаторыя і фельчарска-акушэрскі пункт, два Дамы культуры, столькі ж сельскіх і школьных бібліятэк, аддзяленняў паштовай сувязі, комплексна-прыёмных пунктаў, 6 магазінаў, філіял ААТ “ААБ Беларусбанк”. [/note]
Што ўдалося зрабіць летась?
З дапамогай стараст вёсак абследавана вулічнае асвятленне. У многіх населеных пунктах заменены і ўстаноўлены свяцільні, энерга–зберагаючыя лямпы, прыборы ўліку і рэле аўтаматыкі ўпраўлення. Падышлі да такой работы выбарча, улічвалі фактар эканамічнасці, каб святло дарэмна не гарэла. Працягвалася будаўніцтва вода– і газаправода ў Ліпені, апошняга — у Вязаўніцы.
Добраўпарадкаваннем займаемся штодзённа. Усіх спраў і не пералічыць. На ўсіх 9 грамадскіх могілках адрамантаваны парканы, на трох выпілены дрэвы, падтрымліваем у належным стане мемарыяльныя комплексы ў Брыцалавічах і Бозаку. Ліквідавана 13 безгаспадарчых дамоў, перададзена ў сельскагаспадарчы абарот каля 11 гектараў зямлі. Усталявалі два модулі прыпыначных пунктаў у Крынічках. Усяго на патрэбы па навядзенні парадку на зямлі асвоена каля 150 мільёнаў рублёў.
Выконваць пастаўленыя перад выканкамам задачы і вырашаць шматлікія праблемы дапамагаюць арганізацыі, якія размешчаны на тэрыторыі сельсавета. Кіраўніцтва дрэваапрацоўчага цэха на чале з дэпутатам Уладзімірам Чалым па меры неабходнасці выдзяляе матэрыял для рамонту парканаў. “Белшына–агра” прыняла на летні перыяд вучняў, якія выхоўваюцца ў нядобранадзейных сем’ях — дзеці былі і справай заняты, і грошай зарабілі. Гаспадарка выдзяляе і неабходную тэхніку для грэйдзіравання дарогі, выкарчоўкі дрэў, расчысткі снегу. Філіял не за–стаўся ўбаку і ад працаўладкавання 5 абавязаных асоб, выдзеліў грошы для іх кадзіравання ад алкаголю.
Галоўныя памочнікі ў рабоце, безумоўна, дэпутаты, старасты маланаселеных вёсак і старшыні селькамаў. У любую хвіліну ўсе 26 чалавек гатовы падставіць плячо. Заўсёды з адказнасцю ставяцца да вырашэння любога пытання Жанна Курыльчык, Ірына Салаўёва, Надзея Цяхнюк, Таццяна Мычко, Ала Бродская, Віктар Старавойтаў, Наталля Губар, Валянціна Ліхадзіеўская, Антаніна Астрашэўская, Надзея Цымбарэвіч. Усіх аб’ядноўвае неабыякавасць да лёсу сваёй малой радзімы, імкненне зрабіць жыццё лепшым.
І наперадзе мноства карысных спраў і ажыццяўленне цікавых ідэй.