Словить удачу. И не выпустить

Калі каранавірус гуляе недзе па суседстве, гэта выбівае з зоны псіхалагічнага камфорту ўсіх. Але па-рознаму
Адны бачаць у існуючай сітуацыі выключна ціхую Варфаламееўскую ноч, другія — буру ў шклянцы вады, а трэція — магчымасці для атрымання прафіту. Як здаецца, апошні падыход самы жыццесцвярджальны. Асабліва калі поспех дасягаецца не выпадковым шанцаваннем, а з’яўляецца вынікам граматна выбранай і эфектыўна рэалізаванай стратэгіі.
Прыклад таму, як у найлепшы час прыйсці куды трэба, дае ТАА “МИЗ МЕДБЕЛРОС” — невялікая фірма, якая займаецца выпускам медыцынскага рыштунку і сродкаў гігіены. У мінулым годзе яна пачала разгортваць вытворчасць, маючы прыярытэтнай мэтай нарошчванне экспартнага патэнцыялу. Што з таго атрымалася, расказвае дырэктар прадпрыемства Ігар Леўчык:
— Калі коратка, мы паспелі зрабіць амаль усё магчымае. Незадоўга да пачатку ажыятажнага попыту на профільную прадукцыю атрымалі дазвол на гандаль у Расіі і Украіне. Зараз ідзе працэс рэгістрацыі прадукцыі ў шэрагу іншых краін.
Канечне, сёння наша прадпрыемства ў першую чаргу задавальняе патрэбы айчынных медустаноў, таму можа прэтэндаваць на зусім нязначную долю іншаземных рынкаў. Аднак важна за іх зачапіцца і напрацаваць станоўчы імідж, бо памяць аб тым, хто праявіў сябе ў цяжкі час на-дзейным партнёрам, застанецца надоўга.
Так што напружваем усе сілы, добра разумеючы, што працуем на ўласную перспектыву. Павялічылі штат на 8 чалавек, сфарміравалі для іх рабочыя месцы. У сферы вытворчасці медыцынскага рыштунку гэта даволі складаная, дарагая і, галоўнае, не хуткая справа. Але прамаруджваць нельга. Будзем рэалістамі: бізнес павінен даваць максімальна магчымы прыбытак. Аднак прадукцыя нашай фірмы сёння жыццёва неабходна людзямі, і такая адказнасць стымулюе лепш, чым грошы.
У свой час мы старанна падбіралі пастаўшчыкоў матэрыялаў і камплектуючых і будавалі лагістычныя ланцужкі ў дастаўцы. Справа гэта патрабавала шмат часу і нерваў, але зараз ёсць поўная ўпэўненасць, што “тылы” не падвядуць. А калі так, то і мы сваю прадукцыю выпусцім з належнай якасцю і даставім своечасова.
* * *
Ігар Леўчык не хавае задаволенасці тым, як здолеў падрыхтаваць сваю фірму да работы ў максімальна спрыяльных умовах. Пандэмія рана ці позна скончыцца, і бізнесмен ужо напружана думае аб тым, што будзе пасля вяртання попыту на сродкі гігіены і антысептыкі да сярэднестатыстычных узроўняў. Дзейнічаць тады давядзецца хутка і беспамылкова.
Выпуск узгаданых тавараў зараз нарошчваюць усе, хто толькі можа, так што з падзеннем попыту канкурэнцыя паміж вытворцамі абавязкова будзе адчайнай. Свае пазіцыі фірма без бою не саступіць, але альтэрнатыўныя кірункі дзейнасці лепш вызначыць з запасам у часе. Пэўныя планы дыверсіфікацыі ў Леўчыка ёсць, прычым адзін з іх можа стаць этапным для асіповіцкай бізнес-супольнасці.
Задумка, як кажуць, у сусветным трэндзе: сабраць землякоў, якія маюць цікавыя ідэі ў галіне прадпрымальніцтва, але не маюць сродкаў на іх рэалізацыю, сфарміраваць з іх каманду аднадумцаў (а калі атрымаецца, і некалькі каманд) і ўкласці частку зарабляемых зараз грошай у распрацаваныя імі стартапы.
Гэта называецца бізнес-інкубатар, і прагназаваць верагоднасць яго поспеху немагчыма: надта многа невядомых пераменных. Аднак у намерах дырэктара ТАА “МИЗ МЕДБЕЛРОС” ёсць адна вельмі прывабная рыса: яны даюць шанц рэалізаваць мару кожнаму. А вось ці знойдуцца сярод асіпаўчан тыя, хто гатовы скарыстацца “ўпаўшай з неба” спрыяльнай магчымасцю, — тэма асобнай гаворкі.
Дзмітрый САЎРЫЦКІ.
d.savrickiy@gzt-akray.by
