Осиповчане рассказывают о дачных хлопотах

Я спяшаюся на дачу. Без яе жыцця не бачу…
Прайшлі дажджы, і наваколле імгненна апранулася ў пяшчотна-зялёны веснавы ўбор. Як сігнал аб тым, што распачаўся чарговы дачны сезон. Паменела людзей на вуліцах райцэнтра, затое ажылі вёскі і дачныя масівы. Пацікавіліся ў выпадковых сустрэчных пра іх дачыненне да агародных клопатаў. Аказалася, што тым ці іншым чынам тэма гэта цікавіць многіх.
Аляксандр Косаў:
— Толькі што прыехаў з “фазэнды”, якая знаходзіцца за 15 кіламетраў ад горада, у раёне Сасновага. Бываю там часта, бо ўжо 6 гадоў знаходжуся на пенсіі. Прыязджаюць “на прыроду” і дзеці. Вось сын быў, хадзіў на рыбалку, праўда, не атрымаў улову.
Пасадзілі на агародзе бульбу, цыбулю, шчаўе, часнок, фасолю і іншыя культуры. Перасадзілі клубніцы. Некалькі гадоў мы з жонкай нават курэй трымалі. А яшчэ зацікавіўся развядзеннем кавуноў, дынь. Летась ужо атрымаў першы ўраджай. Плады пакуль невялікія, але водар маюць цудоўны. Эксперымент працягваю.
Аляксандра Дзенісенка:
— Зараз жыву ў Лапічах, працую ў мясцовай гаспадарцы тэхнікам-асемянатарам. Датуль была гарадской жыхаркай. Але дачу мы мелі. Ды і да бабулі ў вёску ездзіла, таму вясковымі клопатамі мяне не напужаеш. У агародзе гаспадарыць люблю.
Вось прыехала ў райцэнтр, закупіла насенне морквы, буракоў і іншай агародніны. Вельмі ўдалымі ў мяне вырастаюць памідоры, перцы. Летась добры ўраджай агуркоў сабрала. А яшчэ збіраюся развесці клубніцы для дзіцяці. З задавальненнем займаюся закаткамі, іх у нас усе любяць.
Уладзімір Паўловіч:
— Жыву ў “Чаромушках”, таму работа ў агародзе — частка майго жыцця. Працуем разам з жонкай Наталляй Мікалаеўнай. Яна ходзіць за плугам, а я выступаю ў якасці цяглавай сілы. Зараз на парадку дня — рамонт парніка. Вось еду ў магазін за самарэзамі, каб падправіць яго, і можна будзе высаджваць памідоры. Участак у мяне невялікі, каля дзевяці сотак, але хапае на ім усяго. Ёсць вішні, слівы, яблыні і нават персікі. Жонка любіць кветкі. Шмат руж, цюльпанаў і іншай прыгажосці. Мая другая палова займаецца і нарыхтоўкай на зіму, прычым на прафесійнай аснове, бо працавала на кансервавым заводзе.
Марына Чарэсьева:
— Мая дача знаходзіцца ў Пратасевічах. Нягледзячы на тое што працаваць даводзіцца нямала, для мяне гэта месца адпачынку. З суседзямі ў нас цудоўныя адносіны, мы дзелімся расадай, насеннем, сакрэтамі вырошчвання агародніны і рэцэптамі прыгатавання страў з яе. Муж, дзеці, унукі — усе збіраемся на дачы. Там дыхаем свежым паветрам, працуем і адпачываем, набіраемся сіл. А яшчэ дача дае магчымасць сэканоміць грошы і пераразмеркаваць артыкулы хатніх расходаў.