Начало отопительного сезона в Осиповичском районе прошло в плановом режиме

Энергаэфектыўнасць
Цяпло. Як многа ў гэтым слове…
Паколькі ўсе неабходныя работы былі выкананы свое-часова, заставалася, вобразна кажучы, націснуць кнопкі “старт”. Самымі “вялікімі” з гэтых умоўных “кнопак” рас-параджаюцца міні-ЦЭЦ і УКП ЖКГ. Узгаданыя арганізацыі выконваюць агульную справу ў цеплазабеспячэнні, таму іх дзейнасць добра скаардынавана. Аднак у кожнай свая сфера адказнасці і, адпаведна, свае прыярытэты ў рашэнні агульных праблем. Іх нямала, але галоўным галаўным болем цеплаэнергетыкаў можна лічыць цёплыя зімы.
Парадоксу тут няма, чыстая матэматыка. Кацельнае абсталяванне найбольш эфектыўна пры рабоце ў, так бы мовіць, “крэйсерскім” рэжыме, які забяспечвае найлепшы баланс паміж колькасцю выпрацаваных (прададзеных спажыўцам) гігакалорый цяпла і вытворчымі выдаткамі. Эксплуатацыйныя расходы — велічыня ў значнай ступені пастаянная, таму чым меншая патрэба ў цеплаэнергіі, тым даражэй атрымліваецца яе выраб. Натуральна, вытворцы цяпла не жадаюць несці лішнія страты, а таму вымушаны шукаць шляхі эканоміі. Толькі адчувальнае скарачэнне выдаткаў у цеплаэнергетыцы таксама каштуе грошай, прычым вялікіх. Якія ж кірункі для ўкладання фінансаў нашы вытворцы цяпла лічаць найбольш перспектыўнымі?
УКП ЖКГ: тэхналагічны рывок і грошай не шкадаваць
Праблема скарачэння выдаткаў на выпрацоўку цеплавой энергіі стала вострай для камунальнікаў ужо гадоў 15 таму. За гэты час для яе рашэння зроблена многае. І ў першую чаргу трэба ўзгадаць пераход на мясцовыя віды паліва. Толькі сёння гэтага ўжо недастаткова.
На балансе прадпрыемства 35 кацельняў, пераважна адносна невялікай магутнасці. У структуры эксплуатацыйных расходаў такіх “цеплагенератараў” да 60 працэнтаў займае аплата працы персаналу. Такім чынам, галоўны шлях да эканоміі — аўтаматызацыя кацельняў. Але гэта азначае адначасовы пераход на іншае паліва, прычым значна даражэйшае. Трэскамі, якія ўяўляюць сабой самы танны від энергетычнай сыравіны і прымяняліся камунальнікамі дзе толькі гэта магчыма, сілкаваць кацельні ў аўтаматычным рэжыме немагчыма. Таму адзіны выхад — устаноўка катлоў, якія працуюць з паліўнымі грануламі — пелетамі. Раней праз такую мадэрнізацыю прайшлі кацельні ў аграгарадках Дараганава, Вяззе, Пратасевічы. У гэтым годзе да іх дадаліся Ясень, Лапічы.
Параўнаем плюсы і мінусы такога пераходу. 1 гігакалорыя, выпрацаваная пры спальванні дранкі, мае сабекошт 70 рублёў. Тая ж адзінка цяпла пры карыстанні дровамі “цягне” ўжо на 100 рублёў, а пры сілкаванні пелетамі абыходзіцца яшчэ даражэй. Дакладна нават вылічыць цяжка: цэны на гэты від паліва растуць пастаянна і даволі імкліва.
Аднак замест васьмі чалавек, якія абслугоўваюць дзве звычайныя кацельні, з той жа колькасцю пелетных спраўляецца адзін. Калі дадаць іншыя плюсы (накшталт значна вышэйшай цеплатворнай здольнасці і зручнасці транспарціроўкі), складваецца штосьці блізкае да цэнавога парытэту. Інакш кажучы, атрымліваецца не перавышаць планава-разліковыя цэны на цяпло і не мець страт ад яго рэалізацыі спажыўцам.
Падкрэслім: рэнтабельнасць пелетных кацельняў пакуль не дазваляе атрымліваць больш-менш значны прыбытак, што пазбаўляе УКП ЖКГ часткі абарачальных сродкаў. Адсюль узнікае яшчэ адзін нюанс.
Уласных сродкаў на такую мадэрнізацыю ў прадпрыемства не хапае, таму цяжка вызначыць, наколькі актыўна будзе весціся далейшы пераход на пелетныя катлы. Адзіная магчымасць рухацца ўперад — удзел у дзяржпраграмах “Камфортнае жыллё” і “Энергазберажэнне”. Аднак жадаючых атрымаць бюджэтную дапамогу шмат і за до-ступ да гэтых праграм трэба ўпарта змагацца.
Калі ж атрымліваецца перамагчы, камунальнікі імкнуцца дадаць да атрыманых сродкаў па магчымасці ўласныя — каб набыць самае лепшае абсталяванне. Ну і эканоміць, на чым толькі можна.
Як працуе такая схема, добра бачна на прыкладзе лапіцкай кацельні. З бюджэту на яе было выдзелена 1,5 мільёна рублёў, яшчэ паўмільёна пайшло сродкаў прадпрыемства. Усе работы, якія толькі магчыма, камунальнікі выконвалі ўласнымі сіламі і некаторыя недаробкі асэнсавана пакідалі да лепшага часу. Так што абсталяванне было здадзена ў эксплуатацыю перад сёлетнім ацяпляльным сезонам, а ўсю “касметыку” і добраўпарадкаванне давядзецца завяршаць ужо ў наступным годзе.
Міні-ЦЭЦ: цяпло — гэта ўлік
Асіповіцкая цеплаэлектрацэнтраль мінулай зімой у сярэднім выпрацоўвала 600 гігакалорый штосутачна. У больш прымальных для разумення адзінках вымярэння будзе 698 мегават-гадзін. Гэта насамрэч вялікія лічбы, таму нават зусім невялікая эканомія расходаў на выраб адной гігакалорыі мае важкі фінансавы эквівалент.
На бягучы ацяпляльны сезон стаіць задача максімальна загрузіць два катлы, якія сілкуюцца дранкай, а тыя, што працуюць на газе, па максімуме трымаць у рэзерве. Раней газ даводзілася ўключаць як мінімум па чатыры дні кожны месяц незалежна ад запатрабаванасці ў цяпле, таму што катлы на мясцовым паліве на гэты тэрмін спыняліся на тэх-абслугоўванне. Тэхналогіі, па якіх стваралася гэтае абсталяванне, распрацаваны яшчэ ў ХХ стагоддзі і былі не асабліва дасканалымі…
Адзін кацёл прайшоў мадэрнізацыю ў 2018 годзе і зараз працуе значна лепш. Для другога падрыхтавана праектная дакументацыя, аднак “падцягванне” яго кандыцый запланавана на наступны год. Эфект чакаецца ўражва-ючы: прафілактычнае спыненне з трохмесячным інтэрвалам і павышэнне каэфіцыента карыснага дзеяння адразу да 3 працэнтаў!
Акрамя цяпла, міні-ЦЭЦ выпрацоўвае электраэнергію, прычым колькасць апошняй залежыць ад аб’ёмаў вырабляемай пары. Частка электраэнергii выкарыстоўваецца не-пасрэдна на прадпрыемстве, а немалыя “рэшткі” накiроў-ваюцца ў агульную знешнюю сетку. Таму чым менш электрычнасці пойдзе на асабicтыя патрэбы энергетыкаў, тым больш атрымаюць спажыўцы. З гэтай нагоды на мiнi-ЦЭЦ у планавым парадку адбываецца замена электраабсталявання на больш энэргаэфектыўнае. Так, на пачатак наступнага года плануецца замена электрарухавiка магутнасцю 630 кілават. Гэты рухавiк мае дасканалую сістэму рэгуліроўкі, што дазволіць яму працаваць у найбольш эканамiчным рэжыме.
Каштуе такая мадэрнізацыя нятанна, аднак тут мае значэнне крыху іншы паказчык. Тэрмін акупляльнасці энергаэфектыўнага абсталявання складае 4 гады, а тэрмін яго эксплуатацыі — 20-25. Хаця хто ведае, якія перамены і як хутка прынясе навукова-тэхнічны прагрэс.
Вось, напрыклад, прымяненне інавацыйнага абсталявання для дыягностыкі стану цепласетак дае магчымасць выяўляць трубы, надзейнасць якіх набліжаецца да крытычнай мяжы. Гэта дазваляе гарантавана пазбягаць парываў — іх на магістральных лініях падачы сеткавай вады не было ўжо некалькi гадоў. А з улікам таго, што зношаныя трубы замяняюцца на папярэдне ізаляваныя (ПІ-трубы), паралельна адбываецца скарачэнне страт цяпла. Сёння, у ацяпляльны перыяд, яны складаюць 6-7 працэнтаў. А было 11-12…
Акрамя колькасці цяпла, спажыўцоў заўсёды хвалюе і яго якасць — адсутнасць перагрэву і недагрэву. Каб канчаткова вырашыць гэтую праблему, некалькі гадоў таму быў распрацаваны праект наладкі цепласетак. З таго часу спецыялісты міні-ЦЭЦ кантралююць паказчыкі рэгуліроўкі, устаноўленыя для кожнага з амаль 300 цеплапунктаў, і вельмі задаволены вынікам, бо скаргаў на холад ці спёку ад землякоў стала значна менш.