Касцёл Божай Міласэрнасці

Касцёл Божай Міласэрнасці

Цяжка ўявіць сабе Беларусь без веры ў Бога. Вера гэтая, захаваная ў сэрцах людзей, пастаянна адраджаецца, пацвярджэннем чаго з’яўляюцца шматлікія месцы малітвы ў нашым горадзе — вельмі важныя, таму што ў іх чалавек сустракаецца з Богам! Адно з такіх — каталіцкі касцёл з парафіяй Божай Міласэрнасці.

Сама парафія сваімі каранямі дасягае пачатку ХХ стагоддзя, але толькі праз 100 гадоў дачакалася асобнага дому — святыні. Парафіяй апякуюцца Францішкане з дапамогаю сясцёр Ядвіжанак, якія праз сваю прысутнасць і служэнне ўносяць уласную харызму і ўзбагачаюць нашу парафіяльную супольнасць.

Чым сёння жыве парафія, як дзейнічае?

У касцёле існуе паняцце Літургічнага Года, які дзеліцца на перыяды згодна з перыядамі жыцця, дзейнасці, смерці і Уваскрасення Езуса Хрыста. Перажываючы ўсе часткі Літургічнага Года, вернікі кожны раз па-новаму перажываюць збаўчае пасланне Найсвяцейшай Троіцы, а праз сакрамэнты атрымліваюць ласкі, неабходныя для збаўлення. Таму ў цэнтры жыцця касцёла знаходзіцца пасхальная таямніца Езуса Хрыста, Яго Евангелле і звычайная сакрамэнтальная паслуга.

Дарам Божай Міласэрнасці і адначасова сэрцам жыцця парафіі з’яўляецца Эўхарыстыя — жывая прысутнасць Езуса Хрыста пад відам хлеба і віна. Кожны, хто быў на споведзі і ўдзельнічае ў святой Імшы, можа глыбока з’яднацца з Богам, прымаючы святую Камунію.

Даволі шмат вернікаў прымае ўдзел у літургіі ў чацвяргі. У гэты дзень правіцца святая Імша і набажэнства да Божай Міласэрнасці. Можна заўважыць, як у сэрцах вернікаў развіваецца культ Божай Міласэрнасці. Спрыяе гэтаму абраз Езуса Міласэрнага, а таксама рэліквіі св. сястры Фаўстыны. У нядзелі і звычайныя дні перад святой Імшой, а таксама пры неабходнасці ў кожную хвіліну існуе магчымасць святой споведзі. Клопатам падтрымліваюцца таксама хворыя, асабліва перад святамі яны могуць прымаць сакрамэнты ў сваіх дамах.

Вялікі ўплыў на жыццё парафіі мае супольнае перажыванне свят. Каляндар свят пачынаецца з Адвэнту — перыяду падрыхтоўкі да Божага Нараджэння. У гэты час у касцёле ставіцца адвэнтавы вянок з чатырма свечкамі, якія сімвалізуюць чатыры нядзелі Адвэнта. Таксама толькі ў гэты перыяд адпраўляецца святая Імша — Рараты ў гонар Дзевы Марыі, якая чакала нараджэння Божага Дзіцяці. На гэтую Імшу дзеці, моладзь і дарослыя прыходзяць з лампёнамі (ліхтарыкамі).

24 снежня апоўначы вернікі збіраюцца на ўрачыстую святую Імшу — Пастэрку. У перажыванні свята Божага Нараджэння дапамагае панарама са сцэнай Бэтлеемскай стайні, спяваюцца калядныя песні. Існуе прыгожы звычай у гэты час дзяліцца аплаткам, складваючы адзін аднаму пажаданні. Таксама да гэтага свята дзеці і моладзь нашай парафіі рыхтуюць сцэнку аб Нараджэнні Езуса Хрыста.

У святочны перыяд адбываюцца калядныя наведванні, падчас якіх святар асвячае жыллё і благаслаўляе парафіянаў.

Дарэмным было б Нараджэнне Езуса, калі б не была споўнена Місія — адкупленне роду чалавечага на крыжы і ўваскрасенне. Таму найважнейшым святам з’яўляецца Вялікдзень, да якога рыхтуемся праз Вялікі Пост. Спяваем “Песні Жальбы”, якія апавядаюць аб муках Хрыста. Удзельнічаем у духоўных практыкаваннях, рэкалекцыях. Ушаноўваем святы Крыж праз уцалаванне. Крыж — гэта знак вялікай любові Бога да чалавека.

Па пятніцах разважаем пра Крыжовы шлях Езуса Хрыста на Кальварыю. Пранікненне ў балесныя таямніцы жыцця Божага Сына не толькі дапамагае перажыць Пасху, але праз веру дакрануцца Уваскрослага Хрыста. Асабліва багатую Літургію і сымволіку маюць астатнія дні Вялікага Посту — Вялікі Тыдзень, Пасхальны Трыдуум, якія перадаюць нам сэнс пасхальнай таямніцы. Радаснае “Аллелюя” на Вялікдзень, урачыстая святая Імша, працэсія вакол касцёла абвяшчаюць перамогу Любові над смерцю, нянавісцю, грахом.

Побач з агульнымі галоўнымі святамі важным з’яўляецца Свята Божага Цела. “Бярыце і ешце, гэта ёсць цела маё; бярыце і піце, гэта ёсць кроў мая”, — сказаў Езус на апошняй Вячэры, ламаючы хлеб. Аб гэтай вялікай таямніцы веры Касцёл асаблівым чынам нагадвае вернікам. У гэты дзень адбываецца працэсія па горадзе альбо вакол касцёла да чатырох алтароў са спевамі, малітвамі і бласлаўленнем Найсвяцейшым Сакрамэнтам горада і яго жыхароў. Гэта таксама вызнанне веры ў прысутнасць Бога ў Найсвяцейшым Сакрамэнце.

Важнай падзеяй у парафіі не толькі для дзяцей, але і для іх бацькоў з’яўляецца прыгожая ўрачыстасць Першай святой Камуніі. Зазвычай у маі дзеці, якія прайшлі падрыхтоўку, апранутыя ў белыя адзенні — знак чысціні сэрца, — першы раз прымаюць у сэрцы Езуса Хрыста пад выглядам Хлеба. На працягу года ёсць яшчэ шмат іншых свят, якія нясуць радасць у сэрцы, умацоўваюць веру і набліжаюць людзей да Бога.

Немалы ўплыў на жыццё парафіі мелі Перагрынацыі: фігуры Маці Божай Фацімскай, абраза Езуса Міласэрнага, абраза Маці Божай Будслаўскай і рэліквій св. Тэрэзы. Гэтыя моманты ніколі не забываюцца.

У жыцці парафіі нельга не адзначыць пілігрымкі па святых месцах. Ужо на працягу многіх гадоў некаторыя з парафіянаў накіроўваюцца на аўтобусе, машыне або пешшу ў пілігрымку да Маці Божай Будслаўскай (250 км), выпрошваючы ласкі для сябе і парафіі.

Плёнам жыцця з верай з’яўляецца не толькі частая прысутнасць у касцёле, але таксама асаблівае пакліканне да міністрантаў — гэта хлопцы, якія прыслугоўваюць падчас святой Імшы. Наша парафія цешыцца дарам пакліканняў Францішканаў і сясцёр Ядвіжанак. Па патрэбах душы з’явіліся таксама малітоўныя групы: Духоўнае Усынаўленне, Жывы Ружанец, Апостальства дапамогі душам чыстцовым, Маргарытка, якая моліцца за свайго пробашча, хор, які спевам сваім узбагачае літургію.

Гэтае кароткае апісанне нашай парафіі не магло адлюстраваць усё парафіяльнае жыццё. Немагчыма таксама паказаць, што адбываецца ў сэрцы чалавека, гэта ведае толькі Бог. Самае важнае, што ёсць месца, куды чалавек можа прыйсці, памаліцца, паставіць свечку, часам выплакацца, пабываць на святой Імшы, а ва ўсім гэтым сустрэць Бога, які ніколі не бывае абыякавым да таго, што адбываецца ў сэрцы чалавека.

Айцец Натанаэль,

настаяцель Рымска-каталіцкага касцёла Божай Міласэрнасці.

 

 

Последние новости

Общество

Гороскоп на 7 июля для всех знаков зодиака

7 июля 2025
Читать новость
Общество

Гурт невялічкі — гуляць няма звычкі

6 июля 2025
Читать новость
Общество

Филиал “Осиповичский завод железобетонных конструкций” ОАО “Дорстроймонтажтрест” отмечен Дипломом I степени XXII республиканского конкурса “Лидеры в строительстве Беларуси-2025”

5 июля 2025
Читать новость
Общество

Коллектив РУП “Могилёвоблгаз” завоевал Гран-при IX молодежного фестиваля “Мы едины — мы молодежь”.

5 июля 2025
Читать новость
Общество

“Аўталаўка — гэта свята!” — так лічаць жыхары малых населеных пунктаў Асіповіцкага раёна

4 июля 2025
Читать новость
Общество

Международный молодежный патриотический проект “Дорогами Памяти и Славы” в Осиповичах

4 июля 2025
Читать новость

Рекомендуем