Карцінкі з асіповіцкай глыбінкі. Коханаўка: на шляху да святыні

Карцінкі з асіповіцкай глыбінкі. Коханаўка: на шляху да святыні

Гэта вёска знаходзіцца ў лясным зацішку пад сасновымі шатамі, і дарога ад райцэнтра да яе не парушаецца шумам і суматохай ніводнага населенага пункта. У Коханаўцы не адчуваеш якога-небудзь руху. За некалькі гадзін знаходжання не сустрэлі ні аднаго чалавека на дзвюх невялічкіх вуліцах населенага пункта — Партызанскай і Зялёнай. Назвы цалкам зразумелыя для нас, а вось снежню, што зараз уладарыць, відаць, няўцям, чаму вуліца — Зялёная: ён бачыць яе заўсёды шэрай і стоенай. Можа таму, хітравата пасміхаючыся, час ад часу прытрушвае дарогу ды двары белай пасыпкай і задувае сцюдзёным ветрам, злуючыся, што сапраўднае хараство бачаць усе месяцы, акрамя зімовых?

У першай хаце, якой пачынаецца вуліца, сустрэла гаманлівая гаспадыня, а на кухні завіхалася памочніца па гаспадарцы. Пакуль Наталля Жук прыносіла вады, выграбала залу з печы, выконвала іншыя хатнія абавязкі, Еўдакія Адольфаўна Свірыд гартала фотаальбом і расказвала аб сваім нялёгкім жыцці. Што нарадзілася яна на Пятра ў 1936 годзе, што  сям’я жыла спачатку на хутары, а потым перабралася ў вёску, што яе бабуля не дачакалася з фронту пяцярых сыноў. Успомніла, як калісьці працавала ў Таліне на цагляным заводзе, як заляцаўся да яе інтэлігентны мужчына Эдуард, а ганарлівая Еўдакія адмовіла яму, і сэрца шчыміць аб тым і сёння… Чым магла, дапамагала жанчына будаўніцтву царквы ў Прошчы: грошы і некалькі пачкаў цвікоў ахвяравала…

 

Нямала перажыла на сваім шляху і набыла ўласны светапогляд, выпрацаваны гадамі нялёгкага жыцця — мудрая сялянская філасофія, у пастулаты якой дзіўным чынам уплятаецца паэзія Якава Палонскага, фальклор, уласныя назіранні. А яшчэ знаходзіць бабуля Еўдакія выратаванне ў малітве. Да яе нярэдка заходзяць вяскоўцы, і яна, нібы псіхатэрапеўт, лечыць іх словам. Да яе настаўлення “Хто цябе — камушкам, а ты да яго — з хлебушкам” цяжка штосьці дадаць.

Сустрэліся і са старастам вёскі Аленай Антонаўнай Сергіевіч . Жыве яна ў Коханаўцы з 1943 года. Нарадзіцца выпала ў няпросты час, калі навокал палыхала вогнішча вайны. Бацькі загінулі, таму гадавалі дзяўчынку бабуля з дзедам. Пасля школы была сакратаром сельсавета, але працавала ў кабінеце нядоўга. На сходзе старшыня падняў пытанне, што не хапае даглядчыц — пайшла на ферму. Гадавала свіней, кароў, крыху папрацавала на складзе. 36 з паловай гадоў стажу мае, пяцёра дзяцей нарадзіла. 13 гадоў як аўдавела. Цяпер мясцовыя жыхары звяртаюцца да свайго старасты, а яна ў сваю чаргу тэлефануе ў сельсавет, калі, напрыклад, трэба памагчы расчысціць дарогу або памяняць ліхтар на слупе. З задавальненнем гаворыць, што “раёнку” выпісваюць 20% жыхароў (для параўнання: у горадзе, разам з ведамаснай падпіскай, — толькі 4,2).

У тым, што прэса ў вяскоўцаў у пашане, пераканаліся, завітаўшы да Марыі і Пятра Зянько. Муж і жонка перажываюць за лёс вёскі, якая цяпер, акрамя рэ-дзенькага ланцужка хат, не мае ніякіх пабудоў.

Марыя Пятроўна расказвае, як са старастам вёскі даглядаюць за дзвюма магіламі невядомых салдат, якіх пахавалі некалькі гадоў таму ля брацкай магілы, разважае аб нялёгкім жыцці аднавяскоўцаў, агучваючы агульныя праблемы. Ва ўмовах аптымізацыі сацыяльных устаноў і ўласных рухомых абмежаванняў коханаўцы не могуць дабрацца ў горад, каб, напрыклад, здаць аналізы ці палячыць зубы. Затое вельмі ўдзячны доктару Андрэю Дземі-дзенку, якога двойчы на тыдзень маюць магчымасць вы-клікаць і атрымаць кваліфікаваную дапамогу. Хацелася б сяльчанам і набываць тавары ў сваёй аўталаўцы — няхай і без скідак, але хаця б па тым жа кошце, што ў райцэнтры.

Самыя старэйшыя жыхаркі Коханаўкі — 88-гадовыя Валянціна Пацкевіч ды Марыя Ліпніцкая. Апошняя, дарэчы, абыходзіцца пакуль без дапамогі сацыяльнага работніка. Марыя Цэзараўна  атабарылася ў вёсцы яшчэ ў юнацтве: калісьці пайшла замуж у суседняе сяло. І ад’язджаць адсюль нікуды не жадае: родная хатка дапамагае пера-адольваць жыццёвыя вы-прабаванні. Зараз з ёю жыве сын, а суседка Марыя Кой-піш рэгулярна забягае праведаць. Вось так і жыве бабуля.

Усе жыхары гэтай мізэрнай вёсачкі ўспамінаюць пра многагадовую работу ў калгасе. Зараз маюць ужо са-лідны ўзрост, таму з 15 жыхароў Коханаўкі працуе толькі Валянціна Дрозд — ездзіць у Карытнае, дзе робіць у мясцовай краме разам з Таццянай Ерко. Напарніца таксама вырасла ў Коханаўцы, часта бывае на малой радзіме: наведвае цётку. Узгадвае, што даўней там было мнагалюдна, у кожнай хаце па 4-5 дзяцей расло. Усе трымалі гаспадарку. Працавалі ларок, аптэка, калгасная ферма. Помніць Таццяна, як будавалася царква, якую пачыналі ўзводзіць яшчэ яе дзядуля з бацькам — былі мясцовымі леснікамі. Ад іх навучылася арыентавацца ў лесе, цяпер ведае ўсе грыбныя сцяжыны і ягадныя паляны.

…Маленькая вёсачка праважае нечаканых гасцей маўклівай засяроджанасцю. Яшчэ раз чытаем на дарожным указальніку мілагучную назву — Коханаўка. Ва Украіне больш за дзясятак населеных пунктаў носіць гэта імя, сустракаецца такая назва ў Омскай вобласці і нават у Дагестане, а вось у Беларусі можна пачуць, бадай, толькі ў нашым раёне, калі не лічыць пасёлка Коханава на Віцебшчыне. А шкада. Геаграфічная назва нагадвае пра любоў, душэўнае цяпло і лагоднасць, уласцівыя жыхарам. Нават часова знаходзячыся ў вёсцы з такой пяшчотнай назвай, хочацца рабіць толькі добрыя справы. Нездарма яна знаходзіцца на пад’ездзе да Прошчы…

Іна Заскевіч.

Фота Ніны Царык.

 

Последние новости

Новости

В Осиповичском районе проходит Неделя детской безопасности

21 апреля 2025
Читать новость
Актуальнае

Жыхарка Асіповіцкага раёна Наталля Малая з павагай ставіцца да матулінай спадчыны

19 апреля 2025
Читать новость
Культура

У Асіповіцкім раённым цэнтры народных рамёстваў праходзяць майстар-класы па падглазураваным роспісе керамікі

19 апреля 2025
Читать новость
Новости

Расписание пасхальных богослужений

18 апреля 2025
Читать новость
Новости

А ведь кто-то из них победит

18 апреля 2025
Читать новость
Власть

Лукашенко рассчитывает на наращивание динамики межгосударственных отношений с Зимбабве

18 апреля 2025
Читать новость