Каля тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак адпачываюць зараз у дзіцячых лагерах Асіповіччыны

Доўгачаканая пара
Алена Суета.
e.sueta@gzt-akray.by
Вось і скончыўся вучэбны год, і лета прыняло пад свае крылы школьнікаў рознага ўзросту. На тры месяцы можна адкласці падручнікі і цешыцца сонцам, цяплом і зносінамі з сябрамі. І, канечне, самы аптымальны варыянт як для дзяцей, так і для бацькоў — лагер. Балазе, у раёне дзейнічае 37 лагераў розных профіляў: аздараўленчыя, экалагічнага выхавання, краязнаўчыя, грамадзянска-патрыятычнага профілю.
З пачатку лета ва ўстановах адукацыі пачаў працаваць 21 лагер з дзённым знаходжаннем. Размешчаны яны не толькі ў школах, але і на базе ЦКРН, РЦТДіМ і ДЮСШ. Дарэчы, менавіта ў дзвюх апошніх установах будзе працаваць яшчэ і другая змена з 28 чэрвеня па 23 ліпеня. Акрамя гэтага, 144 выхаванцы наведваюць 14 лагераў працы і адпачынку. Рабяты будуць дапамагаць лясгасу, камунальнай гаспадарцы, а таксама добраўпарадкаваць сваю малую радзіму. Такім чынам, хлопчыкі і дзяўчынкі маюць рэальныя магчымасці спалучыць прыемнае з карысным.
Свае дзверы расчынілі аздараўленчыя лагеры з кругласутачным знаходжаннем “Пціч” і “Родник”. Амаль з першых хвілін пасля заезду рабяты былі далучаны да калейдаскопа розных падзей.
Так, у лагеры “Родник” дзяцей сустракала фея Карамелька, якая частавала ласункамі і пасвячала ў жыхары КарамелеТРАМдзіі.
У гэтую прыдуманую краіну (у якой нават ёсць свае грошы) на перыяд першай змены пераўтварылася ўся тэрыторыя лагера, дзе выхавальнікі разам з выхаванцамі становяцца Салодкаежкамі. Кожны наступны дзень будзе напоўнены новымі ўражаннямі і сустрэчамі з цікавымі людзьмі. Урачыстае адкрыццё першай змены адбылося ў пятніцу. На тэрыторыі лагера быў арганізаваны фотавернісаж, і па традыцыі прай-шло тэатралізаванае прадстаўленне атрадаў. Зараз тут адпачываюць 128 хлопчыкаў і дзяўчынак ад 6 да 15 гадоў. Сярод іх 43 выхаванцы спартыўнай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву па водных відах спорту.
У аздараўленчы лагер “Пціч” на першую змену прыехалі 50 хлопчыкаў і дзяўчынак. Палова з іх тут упершыню, таму гульня “Лагерная кругосветка”, падчас якой дзеці знаёміліся з тэрыторыяй і распарадкам, была актуальна.
Як паведамілі ва ўстанове, нават у дазволены час выхаванцам няма калі сядзець у тэлефоне: усе яны занятыя рознымі мерапрыемствамі. Так, рабяты ўжо паспелі паспаборнічаць у спартландыі “Вясёлыя старты”, спявалі разам у музычны час, змагаліся ў крыжыкі-нулікі і танчылі нацыянальныя танцы розных народаў. Дарэчы, асабліва знаходлівыя ўдзельнікі “Танцуючага марафону” нават пераапраналіся ў самаробныя нацыянальныя касцюмы.
Вось так разнастайна пачаўся адпачынак дзяцей першай змены “Летні калейдаскоп”. А ў кожнага атрада цяпер ёсць свая кніга рэкордаў, старонкі якой па-слядоўна будуць запаўняцца лепшымі актывістамі сезона.
Абодва лагеры ўжо наведалі прадстаўнікі Асіповіцкага РГЗ ВУ “Бабруйскгаз” РУП “Магілёўаблгаз”. Для выхаванцаў было арганізавана свята з перасоўным інфамабілем, гульнямі, загадкамі і тэстамі. На памяць дзецям засталіся сувеніры і, самае галоўнае, — веды аб бяспечным карыстанні газам у быце.
Да новага аздараўленчага сезона санітарныя службы разам з медыкамі падрыхтавалі супрацьэпідэмічныя рэкамендацыі. Штодзённа медыкі кантралююць здароўе дзяцей і персаналу. Масавыя мерапрыемствы праводзяцца пераважна на свежым паветры.
Можна не сумнявацца, што лагерныя змены для хлопчыкаў і дзяўчынак пройдуць даволі насычана і змястоўна.