Как организован пошив масок в Осиповичах

Прыклад, дастойны пераймання
Зараз небывала ўзрос попыт на медыцынскія маскі. Любы працаўнік аптэкі скажа, што ўзгаданы тавар расходзіцца вельмі хутка. І калі прамысловыя прадпрыемствы не спраўляюцца з выпускам вострадэфіцытнай прадукцыі, ім на дапамогу прыходзяць самі спажыўцы. Тым больш што тэхналогія не такая ўжо і складаная.
Напрыклад, у калектыве райцэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва паклапаціліся аб абароне сваіх сацыяльных работнікаў, забяспечыўшы іх ахоўнымі прыстасаваннямі ўласнага пашыву.
А настаўнікі СШ № 1 вырашылі прыйсці на дапамогу мясцовым медыкам, на якіх зараз значна ўзрасла нагрузка і ад якіх у пэўнай ступені залежыць здароўе землякоў. Нягледзячы на тое што канікулы прадоўжаны, кабінет працоўнага навучання не пустуе: тут дзелавіта стракочуць машынкі, а на стале расце стосік масак. За дзень педагогі і старшакласніцы шыюць каля сотні ахоўных прыстасаванняў. Прыклад, дастойны пераймання!
Для забеспячэння попыту на маскі, якія зараз так запатрабаваны сярод насельніцтва, асіповіцкія прадпрыемствы, дзе ёсць швейнае абсталяванне, перапрафіляваліся на іх выпуск.
Па словах кіраўніка таварыства з абмежаванай адказнасцю “Меліна-стыль” Дзмітрыя Сураўца, работнікі прыступілі да пашыву абароннага сродку ў аўторак. Штодня масак выпускаецца 500 штук. Робяцца яны з баваўнянага матэрыялу. Сярод заказчыкаў — індывідуальныя прадпрымальнікі, прыватныя арганізацыі, мясцовае насельніцтва.
На “Тэхпраме” паведамілі, што атрымалі заказ ад аднаго са сталічных прадпрыемстваў на выраб 60 тысяч масак. За гэтыя дні асвоена ўжо прыкладна 70%.
Іна Заскевіч.
i.zaskevich@gzt-akray.by